Навіны Аналітыка

Чаму не ўсе прыхільнікі зменаў падтрымліваюць Ціханоўскую?

Чаму не ўсе прыхільнікі зменаў падтрымліваюць Ціханоўскую?

3548 Праглядаў Мінск
Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Кірыл Стаселька аналізуе феномен непрыняцця Святланы Ціханоўскай часткай патрыятычна настроенага электарату.

Калі паглядзець публікацыі ў СМІ, сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, выглядае, што пераважная большасць падтрымлівае Святлану Ціханоўскую і яе аб’яднаны штаб. Але, у любым разе, застаецца яшчэ мінімум адна група: прыхільнікі зменаў, якія не падтрымліваюць Ціханоўскую. У апошнія дні спрэчкі паміж двума групамі прыхільнікаў зменаў бываюць не меньш гарачымі, чым з «праўладнымі».

Сам я не абматваюся белымі стужкамі, не нашу іканастасы з выявамы прадстаўніц штаба і не набіваю на сваё цела татуіроўкі, хоць і адношу сябе да прыхільніка зменаў. Пэўна, варта адразу прызнацца, што пэўныя лагічныя разважанні, публічная і інсайдэрская інфармацыя, не даюць мне стаць гарачым паслядоўнікам Ціханоўскай.

Але і не агітую супраць, бо разумею, у цяперашніх абставінах асноўная частка інфармацыйнага айсберга схаваная, што робіць маю ўласную пазіцыю не самай моцнай. Таму маёй мэтай з’яляецца не агітацыя на карысць аднаго з бакоў, а спроба разабрацца, чаму ўзнікае такі падзел.

Сёння даводзіцца назіраць вельмі цікавыя рэчы. Як тыя, хто гадамі змагаўся за беларускую мову і нацыянальныя сімвалы, кажуць, што можна і без беларускай мовы і пад дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам пабыць, маўляў, «нічога страшнага, за апошнія 26 гадоў мова ж не памерла». Але падобная аргументацыя грае не столькі на карысць Ціханоўскай, колькі на карысць стану, які існаваў дагэтуль і які не здолеў задушыць нацыянальныя каштоўнасці.

Пасля вельмі дзіўнага стаўлення да сімвалаў і выказванняў адносна мовы, далейшае іх з’яўленне на пікетах усхваляюць, як уменне штаба і кандыдаткі прыслухвацца да людзей. Але наяўнасць канкрэтнай відавочнай пазіцыі па пытаннях незалежнасці, па пытаннях нацыянальных каштоўнасцяў і «пераігрыванне па ходзе» у рэчышчы кан’юктуры зусім розныя рэчы.

Дый увогуле вельмі дзіўна назіраць, як некаторыя нацыянальна і дэмакратычна арыентаваныя лідары думак кажуць пра кампраміс, маўляў, схаваем пакуль нашыя каштоўнасці, каб дасягнуць супольнай мэты, а ўжо тады будзе ўсё добра.

Лагічна ўзнікае пытанне, чаму гэтыя раней безкампрамісныя асобы, не саступалі для супольнай мэты па значна менш прынцыповых пытаннях прадстаўнікам палітычнай апазіцыі, любыя намаганні якой так актыўна крытыкавалі, а цяпер называюць «старой». Кампраміс у перамовах на роўных і спроба заскачыць у апошні вагон цягніка, які здаецца пераможным, розныя рэчы.

Сёняшнія падзеі шмат што выяўляюць, як гэта адбылося нядаўна, калі на сустрэчу з прэзідэнтам запрасілі прыхільнікаў зменаў, якія публічна выказваліся вельмі смела і крытычна, а жыўцом не толькі не маглі сказаць ні «бэ» ні «мэ», а нават паспрабавалі адвесіць кампліменты.

Выглядае, што ўсё ж агітую на карысць аднаго з бакоў і таму варта прыпыніцца і адказаць менавіта на заяўленую тэму. Сярод прыхільнікаў Ціханоўскай, пэўна, большасць маіх знаёмых і прыяцеляў. Верагодна, яны не хочуць навязваць стратэгію «давайце разбярэмся на беразе», а шчыра вераць у стратэгію «спачатку галоўнае, потым разбярэмся з астатнім». Адкуль можа ўзнікнуць такая вера? З пераканання ў дэмакратычным характары (не фактычным, але ментальным) нашага грамадства. Адкуль такі недавер у астатніх прыхільнікаў зменаў? З-за страху памыліцца.

І сапраўды, у дэмакратычным грамадстве, дзе не дамінуе культ асобы, мяняюцца прэзідэнты, лідары партый, кіраўнікі кампаній. У дэмакратычным грамадстве не так баяцца рэзыкаваць, не баяцца памыліцца, бо неэфектыўнага кіраўніка на любым узроўні заўсёды можна памяняць. Калі не хадзіць далёка, можна не баяцца і за Украіну ці Грузію. Яны ўжо таксама могуць дазволіць сабе рызыку памыліцца, бо ўжо паказалі, што здольныя памяняць кіраўніка, які ім не падабаецца.

Іншая справа Беларусь. Беларусы абіраюць прэзідэнта, як супругаў, на ўсё жыццё. Менавіта таму ўзнікае страх падтрымаць Ціханоўскую. Беларусы ёсць самымі сапраўднымі Гедэмінаўцамі, якія моцна трымаюцца вядомага прынцыпа «Не рушыць даўніны, не ўводзіць навізны». Выглядае, што беларускае грамадства гатовае цярпець вельмі многае і жыць у складаных умовах. Галоўнае, каб правілы гульні, якімі б нязручнымі яны ні з’яўляліся, былі ўстойлівыя і зразумелыя, бо прыладзіцца адзін раз лягчэй, чым кожны раз адаптавацца наноў у каардынальна іншых умовах.

Ці застаюцца беларусы Гедымінаўцамі, або беларускае грамадства ўжо сталее ў дэмакратычнае? Гэтае пытанне раздзяляе сёння прыхільнікаў зменаў. І хоць я не з’яўляюся прыхільнікам Святланы Ціханоўскай, прыходзіцца прызнаць, што калі не паспрабаваць, не праверыць, адказу на гэтае пытанне не атрымаць.

Кірыл Стаселька

Крыніца: budzma.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны