Навіны Навіны Беларусі

Валянціна Болбат: Мясцовыя ўлады павінны спусціцца са сваіх паверхаў да людзей

Валянціна Болбат: Мясцовыя ўлады павінны спусціцца са сваіх паверхаў да людзей

3017 Праглядаў
Жыхарка Верхнядзвінску, сябра Руху «За Свабоду» Валянціна Болбат мае амаль 40-гадовы «стаж» грамадскай дзейнасці.

Цяжка нават пералічыць усе накірункі працы няўрадавых арганізацый на Верхнядзвіншчыне і ўвогуле ў Віцебскай вобласці, да якіх спадарыня Валянціна мела і мае дачыненне.

— У пачатку 1990-х у нас было столькі людзей у грамадскіх арганізацыях, па 140 чалавек! І гэта былі вельмі актыўныя людзі, яны шмат рабілі і хацелі зрабіць! Але ўлады прыбілі гэтую актыўнасць.

Да людзей неабыякавых яны пачалі ставіцца падазрона, асабліва перад выбарамі: а раптам яны пойдуць у мясцовыя дэпутаты. Хаця гэта было б выдатна, каб людзі з крытычным поглядам і з шырокім мысленнем пайшлі ў мясцовую ўладу!

Дзякуючы нястомнасці Валянціны Болбат, у Верхнядзвінску часам удаецца дамовіцца пра супрацу і з мясцовымі ўладамі, і з кіраўніцтвам тамтэйшых прадпрыемстваў і ўстаноў, і з дэпутатамі, гатовымі рабіць агульную справу з грамадскімі актывістамі.


Прыкладам такой супрацы стаў праект «Добры сусед», калі быў адрамантаваны «праблемны» шматпавярховы дом і ўпарадкавана навакольная тэрыторыя. Значную частку ўсіх работ выканалі мясцовыя жыхары, яны ж зладзілі для саміх сябе і вялікае свята ва ўласным двары. Але, каб гэты прыклад стаў не выключэннем, а правілам, неабходна «расштурхаць» кожны райвыканкам.


А найлепей, каб самі прадстаўнікі ўладаў звярнулі ўвагу на людскія праблемы, кажа Валянціна Болбат:

— Я мяркую, што зараз прыйшла чарга ўладаў павярнуцца для людзей. Вялікая колькасць прапановаў да супрацы ад грамадскіх актывістаў ужо была — да пачатку 2000-х гадоў, пакуль мясцовыя ўлады не пачалі ўважаць актыўных людзей за сваіх ворагаў. Цяпер прыйшоў час, каб чыноўнікі спусціліся са сваіх трэціх, чацвёртых і пятых паверхаў выканкамаў на зямлю, да людзей!

Верхнядзвінск сёння — гэта горад пенсіянераў, бо тут не развіваецца вытворчасць, і моладзь райцэнтра з’язджае ў большыя гарады, зазначае спадарыня Валянціна. Але такіх райцэнтраў па Беларусі шмат, і жыццё ў іх не мусіць спыняцца. Таму варта шукаць шляхоў развіцця рэгіёну, абапіраючыся на досвед суседніх краін, з якімі мяжуе Верхнядзвіншчына.

Перадусім, на досвед Латвіі, дзе мясцовыя ўлады знаходзяць магчымасці для плённай супрацы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: www.racyja.com

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны