Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» запатрабаваў спыніць гандаль беларускім суверэнітэтам

Рух «За Свабоду» запатрабаваў спыніць гандаль беларускім суверэнітэтам

1496 Праглядаў
Заява з нагоды частковага выкрыцця таямніцы перамоваў Беларусі з Расіяй.

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка паведаміў, што яшчэ ў лютым 2019 году Крэмль запатрабаваў каб Беларусь перадала 95% уладных паўнамоцтваў наднацыянальным органам. Такім чынам, часткова стала вядома, што было ў «дарожных мапах» па паглыбленай інтэграцыі, якія працяглы час хаваліся ад беларускай грамадскасці.

Відавочна, што Расійская Федэрацыя недвухсэнсоўна прапанавала Беларусі адмовіцца ад абсалютнай большасці здабыткаў, якую мае незалежная дзяржава, ад магчымасці беларусам самім вырашаць лёс сваёй дзяржавы без уплыву звонку.

Рух «За Свабоду» выказвае рашучы пратэст усім спробам замаху на суверэнітэт нашай дзяржавы, спробам акупацыі нашай зямлі.

Мы патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць практыку ўтойвання інфармацыі пра міждзяржаўныя перамовы, асабліва калі яны тычацца асноўных пытанняў захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Рух «За Свабоду» звяртаецца да беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць адказнасць за прыхаванне дэталяў перамоваў. Нагадваем, што не яны гаспадары нашай краіны, а з’яўляюцца толькі нанятымі асобамі. Беларускі народ мае права ведаць, як ажыццяўляецца кіраванне дзяржавай і вынікі важнейшых перамоваў.

Мы патрабуем неадкладнага апублічвання ўсіх без выключэння «дарожных мапаў», што абмяркоўваліся з Расійскай Федэрацыі з 2019 года, без аніякіх утойванняў. Гандаль беларускім суверэнітэтам недапушчальны, усе асобы, якія ў ім удзельнічалі павінны быць пакараныя адпаведна з заканадаўствам.

Падкрэсліваем, што на сёння не бачым магчымасці ўваходзіць у дзяржаўныя саюзы і заключаць дамовы з краінай, якая не бачыць у Беларусі роўнага незалежнага партнера.

Рух «За Свабоду» заклікае грамадскасць у Беларусі ды за межамі выказваць рашучы пратэст любым спробам нападаў на суверэнітэт ды незалежнасць нашай дзяржавы, дамагацца скасаванняў усіх дамоваў ды перамоваў, якія з’яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі для Беларусі ці прывядуць нашую дзяржаву да заняпаду.

Мы ўсе не маем права пакінуць без будучыні сваю краіну і нацыю і абавязаныя захаваць суверэнітэт для будучыні нашых нашчадкаў.

Тэгі: заявы 53

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны