Навіны Аналітыка

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 у Беларусі. Аналіз і прагнозы

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 у Беларусі. Аналіз і прагнозы

1652 праглядаў
Усе этапы прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020 у Беларусі адметныя брутальнымі дзеяннямі сілавікоў супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ўладамі шырока выкарыстоўваецца палітычна матываваны судовы пераслед і адміністратыўны рэсурс.

Рэпрэсіі

Супраць двух супернікаў дзейнага кіраўніка краіны (экс-старшыні праўлення "Белгазпрамбанку" Віктара Бабарыкі і папулярнага youtube-блогера Сяргея Ціханоўскага) распачаты па некалькі крымінальных справаў. Праваабаронцы ўжо прызналі іх палітычнымі вязнямі. Даследчыя дзеянні праводзяцца Міністэрствам унутраных справаў датычна яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта – былога пасла Беларусі ў ЗША, стваральніка беларускага Парка высокіх тэхналогій, памочніка прэзідэнта Валерыя Цапкалы.

Апрача гэтага, сотні актывістаў прысуджаны да штрафаў і арыштаў за ўдзел у мірных і легальных пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. 15 сутак арышту за правядзенне такога пікета па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты атрымаў і лідар Руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч: суд палічыў пікет несанкцыянаваным мітынгам, які быццам бы не датычыў збору подпісаў. У выніку палітык заявіў пра выхад з выбарчай кампаніі.

Аляксандр Лукашэнка рэгулярна пагражае ўжыць больш жорсткія захады супраць апанентаў, асабліва ў выпадку масавых акцый пратэсту 9 жніўня – у дзень галасавання на выбарах. Аўтарытарны рэжым пераходзіць ад сацыяльнага кантракту з бальшынёй насельніцтва да шырокага выкарыстання розных сілавых структур. Прычына – непрыняцце належных мераў падчас каронавіруснай эпідэміі і эканамічны крызіс. Вынікам стаў рост пратэставых настрояў ды істотнае падзенне рэйтынгу кіраўніка краіны. Улады нават забаранілі апытанні наконт рэйтынгу беларускіх палітыкаў у інтэрнэце.

Рэйтынгі і пратэсты

Падзенне рэйтынгу Лукашэнкі засведчылі і афіцыйныя дадзеныя. Паводле Інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі, толькі 24% жыхароў Мінска давяраюць кіраўніку краіны і толькі 11% – Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Пратэставыя настроі зрабілі лідарамі рэйтынгаў новыя твары ў беларускай палітыцы – згаданых вышэй Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу і Святлану Ціханоўскую, жонку блогера Сяргея Ціханоўскага. Яна вырашыла балатавацца пасля таго, як Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі яе мужу. Між тым, большасць грамадзян выступаюць хутчэй супраць Аляксандра Лукашэнкі, чымсьці за кагосьці канкрэтна з яго апанентаў. У шматкіламетровых чэргаў падчас вулічных пікетаў па зборы подпісаў людзі падпісваліся па прынцыпе "за каго заўгодна, толькі не за Лукашэнку".

Рэкордны па колькасці ўдзельнікаў пікет адбыўся ў цэнтры Мінска ў перадапошні дзень збору подпісаў, 18 чэрвеня. Яго арганізавалі кандыдаты ад правацэнтрысцкай апазіцыі – Юрый Губарэвіч з Руху "За Свабоду", Мікалай Казлоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Вольга Кавалькова, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Іх сумесны сімвалічны пікет па зборы подпісаў стаў акцыяй салідарнасці з тымі, хто патрапіў пад рэпрэсіі. Масавасці акцыі надаў і арышт кандыдата-банкіра Віктара Бабарыкі.

Кандыдаты-спойлеры

Улады прагназавана сфармавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія ажыццяўляюць падлік яўкі і галасоў выбаршчыкаў. З некалькі тысяч прадстаўнікоў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і апазіцыйных арганізацый у склад камісій увайшлі толькі адзінкі. Пад вялікім пытаннем рэгістрацыя ў якасці кандыдатаў самых рэйтынгавых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі. З іншага боку, эксперты звяртаюць увагу на кандыдатаў-спойлераў – імі называюць экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, лідара адной з сацыял-дэмакратычных партый Сяргея Чэрачаня і кіраўніка арганізацыі "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева. На гэтым фоне ў апазіцыйных колах набіраюць папулярнасць стратэгіі байкоту і актыўнага назірання за ходам выбараў (яўкай і падлікам галасоў).

Інтарэс Масквы і прагнозы

Сітуацыяй можа скарыстацца Расія. Крэмль калі не звяргае, дык цісне на Аляксандра Лукашэнку, каб прымусіць яго падпісаць дадатковыя інтэграцыйныя пагадненні, згодна з якімі Беларусі страціць значную частку суверэнітэту. У сваю чаргу Лукашэнка часткова будуе сваю кампанію на расійскай пагрозе для незалежнасці Беларусі, якая нібыта прасоўваецца праз альтэрнатыўных кандыдатаў. Трэба адзначыць, што яны выклікаюць падазрэнне і ў часткі традыцыйнага апазіцыйнага электарату.

Такім чынам, найбольш верагодны сцэнар далейшага развіцця падзеяў у Беларусі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі – сілавое ўтрыманне ўлады Аляксандрам Лукашэнкам і зачыстка грамадска-палітычнага поля. Для класічнай беларускай апазіцыі стаіць задача ў гэтых умовах не паддацца дэмаралізацыі, пераадолець праблему дэфіцыту рэсурснай падтрымкі і больш актыўна прапаноўваць грамадству каштоўнасныя праграмы пераменаў. Разам з тым нельга выключаць і працяглых вулічных пратэстаў – пачынаючы з дня галасавання 9 жніўня.

Рашучасць і масавасць Плошчы шмат у чым будзе залежыць ад таго, ці адкрыюцца да дня галасавання межы Беларусі ў выніку адмены антыкаронавіруснага каранціну. У такім разе сотні тысяч незадаволеных грамадзян выправяцца на заробкі і адпачынкі за мяжу – і пратэставая хваля можа сцішыцца. Але самы ўплывовы фактар заключаецца ў тым, ці дойдуць да эканамічна-палітычнай угоды Лукашэнка і Пуцін.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны