Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч: Лукашэнка для беларусаў сёння — большая пагроза, чым каранавірус

Губарэвіч: Лукашэнка для беларусаў сёння — большая пагроза, чым каранавірус

2312 Праглядаў Мінск Бярозаўка
У нядзелю прайшлі два антыпікеты ў межах кампаніі старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча: у Мінску і ў Бярозаўцы. Каманды не ставілі задачай збор подпісаў, асноўная мэта была інфармацыйная і запіс людзей у назіранне.

У Мінску каля Камароўкі каманда старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча раздавала ўлёткі з прапановай запісацца ў назіральнікі на выбарах, а таксама працавала з людзьмі на антыпікеце: казалі пра неабходнасць актыўнага ўдзелу, вылучэнне ў выбаркамы і назіральнікі.

«Збор подпісаў за вылучэнне — справа дваццатая. Дакладна нікога не накіроўваем па кватэрах», — адзначыў сам Губарэвіч на пікеце.

Асноўны пасыл на інфармацыйных пікетах — уладу трэба мяняць. «Затрыманні на перадвыбарбчых пікетах — гэта поўнае бязмежжа. Лукашэнка баіцца нават гэтага тэрміну — чатыры тыдні адноснай вольніцы. Калі вы яшчэ можаце пабачыць столькі людзей, столькі сцягоў у цэнтры Мінску», — упэўнены палітык.

У Бярозаўцы мясцовыя жыхары таксама чакалі пікетаў незалежных кандыдатаў. Людзі ішлі як на бел-чырвона-белыя сцягі і рухаўскую сімволіку, так і па абвестцы, якая была размешчаная ў мясцовай суполцы ў сацсетках.

Людзі адзначалі неабходнасць зменаў у Беларусі, казалі пра гатоўнасць удзелу ў назіранні. «Я прыйшоў падпісацца, каб Беларусь была вольнай!» — заявіў жыхар горада, які павітаўся з удзельнікамі пікета воклічам: «Жыве Беларусь!»

Адной з тэмаў, якая таксама хвалявала жыхароў, была магчымая пабудова экалагічна-шкоднага прадпрыемства ў Бярозаўцы — другога цэху шклаваты.

«З двух зол — каранавірусная інфекцыя і атрыманне Лукашэнкам новага тэрміну на пяць год — людзі менш баяцца першага, яны разумеюць, што наступствы ад працягу дыктатуры могуць быць нашмат горш, у тым ліку і для іх здароўя і жыццяў», — падвёў вынікі дня старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Яскравы прыклад гэтага, па ягоных словах, гэта запуск завода АКБ у Брэсце, запуск АЭС, а таксама праца цэха па вырабу шклаваты — небяспечных, у тым ліку экалагічна- прадпрыемстваў. «Улады абсалютна не ўлічваюць меркаванне мясцовых жыхароў і грамадства па ўсёй Беларусі. Няма празрыстасці, няма дакладнай інфармацыі па выкідах з гэтых прадпрыемстваў, няма ўпэўненасці, што АЭС будзе працаваць належным чынам», — лічыць Губарэвіч.

Улады пры гэтым, лічыць палітык, кіруюцца маментальнай эканамічнай выгодай ці нейкімі іншымі інтарэсам, таму такую ўладу трэба мяняць. «Гэта разумеюць і людзі, таму столькі ўдзельнікаў збіраюць пікеты незалежных кандыдатаў», — дадаў Губарэвіч.

Старшыня Руху таксама звярнуў увагу на тое, што пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі збіраюць значна больш увагі ад выбарцаў, чым у тых кандыдатаў, якія спрабуюць дэклараваць нейтральнасць, і сталыя чэргі. «Гэта значыць, што бел-чырвона-белы сцяг атаясамліваецца з альтэрнатывай у беларусаў», — падкрэсліў палітык.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны