Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч правёў антыпікет пад Мінздароўем

Губарэвіч правёў антыпікет пад Мінздароўем

1866 Праглядаў Мінск
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч правёў пад Міністэрствам здароўя пікет у межах сваёй перадвыбарнай кампаніі. Пад час акцыі быў агучаны зварот з патрабаваннямі паўнавартаснага інфармавання пра сітуацыю з каранавірусам і грунтоўных захадаў па барацьбе з хваробай.

«У Беларусі ўжо не першы дзясятак гадоў абмяжоўваюцца ўсе магчымыя правы грамадзянаў, і зараз гэта тычыцца ўжо і правоў на здароўе і жыццё. Калі людзі ў Беларусі не маюць магчымасці атрымліваць своечасовай і даставернай інфармацыі ад Міністэрства здароўя, яны не абароненыя перад эпідэміяй каранавірусу», — сказаў Юрый Губарэвіч журналістам.

Па ягоных словах, перыяд збору подпісаў — гэта той перыяд, калі хай і пад кантролем спецслужбаў, але ў межах закона можна свабодна выстаўляць інфармацыйныя пікеты.

Сённяшні пікет звяртае ўвагу, патлумачыў Губарэвіч, на непаўнату інфармацыі пра каранавірус, на тое, што насельніцтва не верыць тым дадзеным, якія даюць афіцыйныя ўлады, што сітуацыя з эпідэміяй застаецца стабільна кепскай і не паляпшаецца. «Беларусь у лідарах у Еўропе па захворваннях COVID-19, так быць не павінна», — адзначыў палітык.

«Калі для вас грамадзяне пусты гук, то мы бачым, што людзі выказваюць сваё незадавальненне, і ўлада ў гэтай сітуацыі, наўрад ці, утрымаецца пасля 9 жніўня. Мы ўсе застаемся жыць у гэтай краіне, і для нас важна, каб беларусы былі здаровыя, каб яны не траплялі пад заражэнне ад каранавіруснай інфекцыі», — звярнуўся да чыноўнікаў Мінздрароўя пад час пікету Губарэвіч.

Палітык лічыць, што калі за гэта няма адказнасці ў найвышэйшага кіраўніцтва краіны, то яна павінна быць у профільным міністэрстве. «Калі мы не будзем патрабаваць паважлівага стаўлення ад чыноўнікаў да сябе да свайго здароўя, то за нас гэта ніхто не зробіць», — падкрэсліў Губарэвіч.

Па меркаванні старшыні Руху «За Свабоду», тое, як сёння выглядаў пікет, роўна так павінны выглядаць усе акцыі і межах выбарай кампаніі. «Небяспека застаецца. Прэтэндэнтам трэба максімальна экіпіраваць свае групы», — дадаў ён.

У петыцыі, перададзенай у Мінздароўя, адзначана, што Юрый Губарэвіч як прэтэндэнт у прэзідэнты выступае за правядзенне рэгулярных брыфінгаў кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя з агучваннем каронавіруснай статыстыкі ў тым ліку па рэгіёнах і шпіталях, мараторый на правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам ад 50 асобаў, перанос уступных экзаменаў на перыяд не раней за 1 жніўня, захады па бяспечным карыстанні грамадскім транспартам.

А таксама вяртанне коштаў на маскі і санітайзеры на ўзровень да эпідэміі, арганізацыю сістэмы экспрэс-тэстаў на каронавірус, перанос прэзідэнцкіх выбараў на час пасля эпідэміі.

«Патрабую ад Міністэрства аховы здароўя нарэшце выпрацаваць грунтоўныя захады па барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй з улікам паспяховага досведу іншых краінаў і рэкамендаваць іх выканаўчай уладзе», — заключыў у звароце Губарэвіч.

Старшыня Руху «За Свабоду» анансаваў правядзенне 4 чэрвеня пікету пад АЭС.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны