Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» патрабуе вызвалення затрыманых і спынення правакацыяў

Рух «За Свабоду» патрабуе вызвалення затрыманых і спынення правакацыяў

1976 Праглядаў Мінск
Заява Руху «За Свабоду» з нагоды затрымання ўдзельнікаў выбарчай кампаніі

Рух «За Свабоду» заяўляе пра новы віток рэпрэсіяў супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі, патрабуе іх спынення і неадкладнага вызвалення затрыманых.

Блогер і кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў прэзідэнты Сергей Ціханоўскі і каля дзесяці членаў ягонай каманды былі затрыманыя 29 траўня ў Гродна. Рэпрэсіі супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі працягнуліся 30 і 31 траўня. Па ацэнках праваабаронцаў затрыманыя больш за 20 чалавек, у тым ліку палітык Мікалай Статкевіч, няма сувязі з сябрам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Ільінцом.

Рух «За Свабоду» канстатуе, што выбарчая кампанія праходзіць у Беларусі ў атмасферы рэпрэсіяў і пераследу палітычных апанентаў дзеючай улады.

Мы лічым, што супраць Сяргея Ціханоўскага і членаў ягонай каманды была здзейсненая правакацыя.

Мы лічым, што ў дачыненні ўдзельнікаў выбарчай кампаніі з боку ўладаў разгортваецца новы віток рэпрэсіяў.

У сувязі з вышэйадзначаным Рух «За Свабоду» патрабуе:

- неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых палітыкаў і актывістаў,

- спынення правакацыяў і іх выкарыстання для пераследу палітычных апанентаў,

- празрыстага і адкрытага разбіральніцтва па справе Ціханоўскага, пакарання адказных за здзейсненую правакацыю

- спынення практыкі адвольных затрыманняў удзельнікаў выбарчай кампаніі.

Мы заклікаем беларусаў да салідарнасці з затрыманымі, міжнародную супольнасць – да падтрымкі беларускіх палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

(фота з тэлеграм-каналу МКБ)

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны