Навіны Навіны Беларусі

У Мазыры міліцыя спыніла справу пра экстрэмізм супраць кіраўніка аддзялення Руху за Cвабоду з-за недаказанасці віны

У Мазыры міліцыя спыніла справу пра экстрэмізм супраць кіраўніка аддзялення Руху за Cвабоду з-за недаказанасці віны

1640 Праглядаў Мазыр
Пасля двух месяцаў спробаў прыцягнуць актывіста да адказнасці міліцыя так і не даказала яго віну.

Кіраўнік аддзялення Руху За Свабоду ў Мазыры Рыгор Крывіцкі атрымаў паведамленне з Мазырскага РАУС пра тое, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго спынены паводле пункта 10 часткі 1 артыкула 9.6 і п. 2 часткі 1 артыкула 10.26 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэтыя пункты акрэсліваюць падставу спынення адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з недаказанасцю віны фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

Да таго ўчастковы інспектар Мазырскага РАУС капітан міліцыі Сяргей Марціновіч чатыры разы складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на Рыгора Крывіцкага. Згодна з першым пунктам таго самага артыкула 10.26 ПВКабАП, паводле якога міліцыя цяпер справу спыніла, складанне пратакола – адна з двух стадыяў, якой скончваецца падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду. Паводле вынікаў працэсу павіннна адбыцца нешта адно – альбо мусіць быць складзены і перададзены ў суд пратакол, альбо вынесеная пастанова аб спыненні працэсу. Больш таго, пасля другой спробы складання пратакола яшчэ ў лютым справа ўжо была накіраваная на разгляд у суд. Але суд тады вярнуў яе на дапрацоўку назад у РАУС.

Пасля гэтага Сяргей Марціновіч яшчэ двойчы апытваў Рыгора Крывіцкага і складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. А ў выніку, як аказалася, віна Крывіцкага не даказаная і адміністрацыйны працэс спынены. Атрымліваецца, што капітан міліцыі складаў пратаколы, не даследаваўшы доказы і паспешліва абвінавачваючы Крывіцкага ў здзяйсненні правапарушэння, якое ён не здзяйсняў.

«Я два гады таму перапосціў на сваю старонку ў Фэйсбуку матэрыял пра тое, як над адным з удзельнікаў анархісцкага руху здзекваліся ў міліцэйскім пастарунку. Я проста спачатку не меў часу падрабязна яго пачытаць і хацеў гэта зрабіць пазней, для таго і пакінуў на сваёй старонцы. У ім я не бачу нічога экстрэмісцкага. І гэтая ваўтузня са спробай прыцягнуць мяне за гэта да адказнасці нібыта за экстрэмізм, на мой погляд, ні што іншае, як жаданне ўлады выбіць мясцовых актывістаў з удзелу ў кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца неўзабаве. Бо два апошнія разы капітан Марціновіч больш распытваў мяне не пра гэты міфічны “экстрэмізм” і анархістаў, а пра тое, ці збіраюся я ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і ў якасці каго. Участковы, хутчэй за ўсё, атрымаў заданне з іншага органа і так нязграбна спрабаваў яго выканаць, што стварыў сапраўды камічную сітуацыю», – распавёў Рыгор Крывіцкі.


Уладзімір Целяпун

Складаць скаргі на дзеянні міліцыянтаў, у тым ліку і ў пракуратуру, Рыгору Крывіцкаму дапамагаў кіраўнік мазырскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун. Пасля спынення справы, ён пракаментаваў сітуацыю, якая атрымалася:

«Справа аб “экстрэмізме” Рыгора Крывіцкага – найлепшая ілюстрацыя таго, што міліцыя, замест таго, каб займацца барацьбой з рэальнымі злачынствамі і правапарушэннямі, якія шкодзяць людзям, уцягнутая ўладай у палітычны пераслед актывістаў палітычных рухаў і партыяў. Акрамя таго, гэтая справа паказала, наколькі юрыдычна непісьменна і непрафесійна працуюць нашыя міліцыянты. Калі б яны былі незалежныя і прафесійна здольныя, яны б адразу, атрымаўшы матэрыялы з адпаведных дзяржорганаў, вывучыўшы іх, правёўшы праверку, адказалі б тым органам, што доказаў здзяйснення Крывіцкім правапарушэння не знойдзена, і вынеслі б пастанову аб спыненні працэса, а не складалі б чатыры разы пратаколы. Але ж, той жа капітан Марціновіч захацеў здацца рахманым і паслухмяным выканаўцам бязглуздых загадаў з органаў, надзеленых большай вагой у дзяржаўнай сістэме, чым міліцыя. А ў выніку аказаўся героем камічнага серыялу, вартым спачування».

Крыніца: palesse.press

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны