Навіны Навіны Беларусі

Вынікі двух этапаў праймерыз апазіцыі

Вынікі двух этапаў праймерыз апазіцыі

3713 Праглядаў
Завяршылася галасаванне на сайце prezident21by.org у межах праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі. Падсумоўваем вынікі онлайн- і офлайн-галасаванняў.

30 красавіка ў Беларусі завяршыўся другі этап праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі на прэзідэнцкую выбарчую кампанію-2020. Ён пачаўся 27 сакавіка і ўяўляў сабой онлайн-галасаванне на сайце prezident21by.org за тры кандыдатуры — старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, хрысціянскай дэмакраткі Вольгі Кавальковай і выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Атрыманы такія вынікі: Мікалай Казлоў набраў 39,8% (1774 галасы), Юрый Губарэвіч — 36,12% (1610 галасоў), Вольга Кавалькова — 24,07% (1073 галасоў). У бліжэйшыя тыдні будзе праведзена адмысловая праверка вынікаў онлайн-галасавання: канчатковыя дадзеныя будуць прадстаўлены пры канцы траўня.

Электроннаму галасаванню папярэднічаў першы этап праймерыз — Народнае галасаванне ў рэгіянальных гарадах. Яно праходзіла ў фармаце сходаў мясцовых жыхароў. Прэтэндэнты на статус адзінага кандыдата ад апазіцыі выступалі перад людзьмі і адказвалі на пытанні, пасля чаго адразу арганізоўвалася «жывое» галасаванне ў празрыстай скрыні з публічным падлікам галасоў. З-за распаўсюду каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі сустрэчы атрымалася правесці толькі ў 13 гарадах Віцебскай і Брэсцкай абласцей з 56 запланаваных па ўсёй краіне.

Па выніках першага этапу праймерыз галасы размеркаваліся такім чынам: Юрый Губарэвіч — 73,59% (248 галасоў), Мікалай Казлоў — 18,1% (61 голас), Вольга Кавалькова — 8,31% (28 галасоў). З вынікамі галасавання па асобных гарадах можна азнаёміцца тут. Канчатковыя вынікі першага этапу будуць падведзены пасля 15 траўня, калі офлайн-галасаванне павінна было завяршыцца згодна з Пагадненнем аб працэдуры праймерыз.

Паводле Пагаднення, падпісанага ўдзельнікамі праймерыз, вынікі на кожным з двух згаданых этапаў пераводзяцца ў 30 пунктаў. Такім чынам, у адпаведнасці з Пагадненнем на першым этапе (Народнае галасаванне падчас рэгіянальных сходаў) Юрый Губарэвіч атрымаў 22,08 пункта, а Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова — адпаведна 5,43 пункта і 2,49 пункта. На другім этапе (электроннае галасаванне) 11,94 пункта на рахунку Мікалая Казлова, 10,84 атрымаў Юрый Губарэвіч, 7,22 пункта — Вольга Кавалькова. Калі падсумоўваць колькасць пунктаў за два этапы праймерыз, то з 32,92 пункта лідыруе Юрый Губарэвіч, другое месца займае Мікалай Казлоў з 17,37 пункта, трэцяе месца ў Вольгі Кавальковай — 9,71 пункта.

Удзельнікі праймерыз апазіцыі заяўляюць пра няўхільнае выкананне дамоўленасцяў па працэдуры і бліжэйшым часам прымуць кансенсуснае рашэнне наконт трэцяга этапа. Паводле Пагаднення, у тэрмін да 31 траўня планавалася правядзенне Кангрэса, на які кожная са структураў, якія ўдзельнічаюць у працэдуры праймерыз, мусіла накіраваць па 100 дэлегатаў. Па выніках таемнага галасавання на Кангрэсе планавалася размеркаваць яшчэ 30 пунктаў. Аднак яго правядзенне застаецца пад пытаннем праз напружаную сітуацыю з covid-19. Таму канчатковае рашэнне аб магчымым фармаце Кангрэсу будзе прынята да канца траўня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны