Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч прапанаваў райвыканкамам праінфармаваць пра праймерыз апазіцыі і вось, што з гэтага выйшла

Губарэвіч прапанаваў райвыканкамам праінфармаваць пра праймерыз апазіцыі і вось, што з гэтага выйшла

2788 Праглядаў Мінск
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч 1 красавіка разаслаў каля 100 зваротаў у райвыканкамы па ўсёй Беларусі з прапановай праінфармаваць мясцовых жыхароў пра праймерыз апазіцыі і далучыцца да галасавання. І атрымаў некалькі дзясяткаў абсалютна сур’ёзных адказаў.

«Я лічыў і лічу станоўчай з’явай факт, калі мясцовыя ўлады (таксама грамадзяне Беларусі) знаёмяцца з альтэрнатывай дзейнаму рэжыму — як персанальнай, так і ідэйнай. Таму вырашыў інтарэс чыноўнікаў да праймерыз пашырыць і праз іх прыцягнуць увагу да ўдзелу ў галасаванні як мага болей выбаршчыкаў», — пракаментаваў Губарэвіч.

Па ягоных словах, ён прапанаваў чыноўнікам «паспрыяць шырокаму ўдзелу выбаршчыкаў у другім этапе праймерыз — анлайн-галасаванні на сайце prezident21by.org». У прыватнасці, пазнаёміць жыхароў з працэдурай пад час дзён інфармавання.

«Бо „мая каманда не падзяляе грамадзян Беларусі па месцы іх працы — мы вітаем актыўнае палітычнае волевыяўленне кожнага“. Таксама я звярнуў увагу і на тое, што гатовы адказаць на любыя іх пытанні і выслухаць прапановы па самых розных тэмах — „пачынаючы ад эканамічных пераўтварэнняў і сканчаючы люстрацыяй“», — адзначыў лідар Руху.

Палітык кажа, што атрымаў некалькі дзесяткаў даволі розных адказаў, лічыць, што гэта паказвае на тое, што інструктажу чыноўнікі не атрымалі.

Першым па папулярнасці адказам была спасылка на Выбарчы кодэкс, у якім, маўляў, пра праймерыз нічога не гаворыцца, а мясцовыя ўлады аказваюць садзейнічанне толькі выбарчым камісіям і кандыдатам у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі. З большага, такія адказы прыйшлі з Брэсцкай вобласці, да якой была пільная ўвага праз удзел у галасаванні чыноўнікаў.

У Віцебскім аблвыканкаме паведамілі, што «тэматыка адзінага дня інфармавання на красавік 2020 г. зацверджана і прысвеченая 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй будзе праводзіцца ў працоўных калектывах дыстанцыйна». Чыноўнікі параілі «скарыстацца іншымі крыніцамі інфармацыі, у тым ліку сродкамі масавай інфармацыі».

«Няўжо можна звярнуцца ў дзяржаўныя газеты ў Віцебскай вобласці? Трэба паспрабаваць», — згадзіўся Губарэвіч.

Гарадоцкі райвыканам адзначыў, што «тэматыка адзіных дзён інфармавання вызначаецца Адміністрацыяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Таксама ўлады Гарадка нагадалі, што 6 сакавіка там «прайшла сустрэча ў рамках регіянальных паездак удзельнікаў праймерыз». А «інфармацыя аб правядзенні дадзенага мерапрыемства была шырока асветлена ў сродках масавай інфармацыі».

Падобна, што чыноўнікі распавядаць жыхарам пра праймерыз апазіцыі пакуль не гатовыя. Губарэвіч робіць з гэтага кейсу сур’ёзныя высновы.

«Тысячы чыноўнікаў у Беларусі знаходзяцца цяпер паміж народам і кіраўніком краіны як паміж молатам і кавадлам. Асабліва цяпер, у часе імклівага пашырэння каронавіруснай інфекцыі. У выпадку чаго менавіта мясцовыя ўлады Лукашэнка зробіць вінаватымі за масавыя трагічныя ўспышкі. Дастанецца „вертыкальшчыкам“ і ад людзей. Але баяцца чыноўнікі павінны якраз грамадзян і перад імі ж адказваць», — адзначыў Юрый Губарэвіч, дадаўшы, што падобныя змены і ёсць выніковая мэта ягонай камунікацыі з чыноўнікамі.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны