Навіны Аналітыка

Эксперт: Дэвальвацыя патрэбна для структурнай перабудовы эканомікі

Эксперт: Дэвальвацыя патрэбна для структурнай перабудовы эканомікі

3615 Праглядаў
Якія наступствы для рэальнага сектара эканомікі можа мець крызіс на валютным рынку, ці патрэбна Беларусі дэвальвацыя нацыянальнай валюты і наколькі актуальная для нашай краіны пагроза дэфолту — у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад» распавядае старшыня Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага Георгій Бадзей.

— Георгій Пятровіч, што сёння адбываецца ў рэальным сектары эканомікі ў святле крызісу на валютным рынку? Ці можа, на вашую думку, гэты крызіс перарасці ў сістэмны крызіс эканомікі, ці магчымы ў прынцыпе ў Беларусі эканамічны калапс?

— Сітуацыя цалкам можа развівацца ў гэтым кірунку. Бо сёння імпарцёры не могуць завезці тавар, не могуць завезці сыравіну, абсталяванне, камплектуючыя, і гэта можа выклікаць ланцуговую рэакцыю. Паколькі нельга завезці сыравіну і вырабіць тавар, значыць, няма чаго і прадаць. Так доўга працягвацца не можа, уся гэтая сітуацыя сапраўды можа прывесці да калапсу не толькі ў прамысловасці і вытворчасці, але і на спажывецкім рынку. Бо нашы патрэбы — гэта не толькі харчаванне, якое мы можам вырабляць тут, унутры рэспублікі, але гэта яшчэ і вялікая колькасць прамысловых тавараў. Дарэчы, хачу заўважыць, што сучасныя тэхналогіі такія, што і ў перапрацоўчай прамысловасці той самай мяса ці малако нельга вырабіць без выкарыстання імпартных складнікаў. Таму наяўныя абмежаванні, складанасці на валютным рынку небяспечныя для ўсёй эканомікі ў цэлым.

— Але ў прадпрыемстваў ёсць яшчэ і знешнія абавязацельствы, і гэта не толькі забеспячэнне плацяжоў за імпарт, але і абслугоўванне знешніх крэдытаў, якія прыцягваюцца для выканання інвестыцыйных праграм, у канчатковым выніку — для мадэрнізацыі вытворчасці.

— Многія прадпрыемствы планавалі развівацца за кошт знешніх крэдытаў, закупляць абсталяванне для пашырэння вытворчасці. Зараз яны ўсталі перад дылемай: або займацца мадэрнізацыяй, або плаціць за ўвозную сыравіну. Цяпер шматлікія інвестыцыйныя праграмы замарожаныя, сур’ёзна прытарможаныя. Тыя прадпрыемствы, якія былі арыентаваны першапачаткова на экспарт і маюць валютную выручку, цяпер працуюць. Але ж у Беларусі вельмі шмат дробных прадпрыемстваў, ім вельмі складана цяпер прыходзіцца.

— Як вам здаецца, калі варта чакаць абвалу, колькі такая сітуацыя яшчэ ў прамысловасці можа доўжыцца?

— Я думаю, што гэтая сітуацыя і месяца не пратрымаецца. Зараз дзень-два вельмі паказальныя для прамысловасці, і нават прастой на такія тэрміны вельмі паказальны ў якасці адказу на пытанне аб тым, як працуе прамысловы сектар і ці трэба яму працаваць далей наогул.

— Георгій Пятровіч, на вашу думку, якія меры павінны быць прыняты? Як вы ацэньваеце пазіцыю Нацбанка краіны, які ўвёў мараторый на любыя дзеянні на валютным рынку?

— Я лічу, што мараторый — гэта спроба схавацца, гэта сыход ад рашэння праблем, ад прыняцця рашэнняў. Так, можна вітаць заяву Нацбанка аб тым, што яны будуць фарміраваць пазабіржавы валютны рынак, але каб гэты рынак мог функцыянаваць і нармальна развівацца, трэба стварыць умовы для гэтага. Трэба, як бы гэта ні было балюча — а гэта вельмі балюча, — дэвальваваць беларускі рубель і адпусціць яго ў свабоднае плаванне. Без гэтага немагчыма сфармаваць пазабіржавы рынак, інакш мы зноў прыйдзем да множнасці курсу і той нестабільнасці на валютным рынку, як гэта было ў дзікія 90-я гады. Гэта будзе азначаць развіццё спекуляцыі і крыміналізацыю грамадства, стымуляванне ценявога рынку.

— Цяпер многія эксперты кажуць аб тым, што дэвальвацыя — не панацэя, а ўсяго толькі перадышка, нейкая адтэрміноўка агульнага калапсу ў эканоміцы. Наколькі справядліва гэта меркаванне?

— Дэвальвацыя — гэта не панацэя, зусім дакладна. Але дэвальвацыя дапаможа нам сфармаваць пазабіржавы валютны рынак, будзе спрыяць яго станаўленню. Акрамя таго, трэба разумець, што да тых часоў, пакуль мы маем такое адмоўнае знешнегандлёвае сальда, будзе ісці плаўная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Але рана ці позна мы прыйдзем да таго, што імпарт стане настолькі дарагім, што знешнегандлёвы баланс ўраўнаважыцца. Кожны будзе задумвацца над тым, ці варта яму купляць нешта за мяжой, ці ж паспрабаваць наладзіць гэтую вытворчасць на ўнутраным рынку, ці ж замяніць той ці іншы тавар на айчынны. Такім чынам, дзякуючы дэвальвацыі мы будзем мець дзейсны інструмент для структурнай перабудовы эканомікі, калі тыя праграмы — імпартазамяшчэння, стымулявання экспарту — будуць працаваць не за кошт якойсьці прапаганды, лабіравання і ціску зверху, не за кошт прымянення адміністрацыйнага рэсурсу, а таму, што гэта патрабаванне рынку і ўмова для выжывання. Толькі ў гэтым выпадку нашыя вытворцы ўбачаць, што на імпартазамяшчэнні і развіцці экспарту можна зарабіць валюту, і пачнуць займацца гэтым не па закліку, а таму, што гэта ім сапраўды трэба.

Для аднаўлення рынку трэба час, і дэвальвацыя, калі яе правесці цяпер, дасць адтэрміноўку ад абвалу на 2-3 месяцы. За гэты час сфармуецца пазабіржавы рынак, скароціцца некрытычны імпарт і актывізуюцца экспартныя стратэгіі прадпрыемстваў, і гэтыя механізмы ўсё запрацуюць. Калі ўсё гэта будзе зроблена, я ўпэўнены, што на працягу года сітуацыя стабілізуецца.

— Ці можа тэарэтычна сітуацыя ў Беларусі дайсці да дэфолту?

— Калі мы ўвесь час будзем хаваць галаву ў пясок і маўчаць, як цяпер маўчыць наш урад, безумоўна, рана ці позна мы прыйдзем да чагосьці падобнана да дэфолту. Добра, мы прададзім яшчэ некалькі стратэгічных аб’ектаў, возьмем знешнія пазыкі, але без структурных рэформаў гэта ўсяго толькі часовыя меры. Краіне трэба ісці па нармальным рынкавым шляху развіцця.

— Георгій Пятровіч, але ж дэвальвацыя — гэта кій на два канцы. Ці моцна гэта прыслабіць сацыяльную сферу? Ці не прывядзе гэта да нейкага сацыяльнага выбуху?

— Вядома, гэта будзе балюча, і ўсе мы зразумеем, што ў нас заработная плата рэальна знізілася, што гэта ніякія не $ 500, як нам казалі, а, скажам, $ 350, але жылі ж мы, і калі ў нас зарплата была $ 30. І наогул, яшчэ невядома, што больш страшна — дэвальвацыя або дэфолт. Але наогул я хачу заўважыць, што расійскі дэфолт даў штуршок да развіцця прамысловасці. Дэфолт бо таксама можна разглядаць дваіста: насельніцтва пакутуе, але гэта стымул для развіцця вытворчасці.

— Для рэалізацыі стратэгічных рэформаў ці патрэбныя нейкія ключавыя кадравыя перастаноўкі?

— Не думаю, што гэта магло б даць нейкі хуткі эфект. Нават калі на ключавую пасаду прыйдзе нейкі іншы чалавек, ён усё роўна будзе дзейнічаць у рэчышчы той палітыкі, якую абрала дзяржава. Наўрад ці ад гэтага нешта зменіцца. Трэба змяняць не людзей, якія робяць эканоміку, а курс, якім яна ідзе. Простая замена персаналій нічога не дасць.

— Хацелася б пачуць ваша меркаванне аб тым, ці патрэбна ў святле бягучай эканамічнай сітуацыі тэрміновая прыватызацыя стратэгічных аб’ектаў?

— Для таго каб папоўніць золатавалютныя рэзервы, продаж «блакітных фішак» цяпер неабходны, але я б ставіў пытанне некалькі па-іншаму. Нам прыватызацыя патрэбна не столькі для папаўнення золатавалютных рэзерваў, колькі для таго, каб прыцягнуць да кіраўніцтва прадпрыемстваў эфектыўных уласнікаў. Гэта ўсё трэба было рабіць яшчэ ў 1994 годзе, праводзіць гэтую працу сістэмна, перакладаць прадпрыемства на эфектыўнае кіраванне, займацца мадэрнізацыяй, ствараць новыя працоўныя месцы. Так што я перакананы ў тым, што прыватызацыя патрэбная нам як інструмент павышэння канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі.

Нават вопыт Усходняй Германіі, якая, умоўна кажучы, прадавала свае прадпрыемствы за 1 марку, сведчыць аб тым, што прыватызацыя — гэта не інструмент папаўнення даходнай часткі бюджэту, а сродак мадэрнізацыі прамысловасці.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
  • #32 20.12.2015 03:46 @ philipken

    добры дзень.

    Я г- н Філіп Кен прыватны крэдытор , які крэдыту дае час жыцця

    магчымасць крэдыту для прыватных асоб , камерцыйных фірмаў , страхаванне і г.д.

    вы ў любы фінансавыя цяжкасці або мае патрэбу ў крэдыт , каб інвеставаць або

    патрэбен крэдыт , каб аплаціць рахункі на ваш пошук не далей, як мы тут , каб зрабіць

    ўсе вашы фінансавыя праблемы сышлі ў мінулае. Мы прапануем ўсе віды

    крэдыт у любы валютнай дэнамінацыі з хуткасцю 2 % без авансавых плату.

    Я хачу выкарыстоўваць гэтую сераду , каб вялікая хай вы ведаеце , што мы гатовыя

    дапамагчы вам з любой выгляд крэдыту , каб вырашыць , што вашыя фінансавыя праблемы.

    Калі так , то вярнуцца ў цяперашні час з дапамогай E-philipkenloan@gmail.com

    для больш падрабязнай інфармацыі , вы вельмі вітаюцца ...

  • #360 30.11.2016 01:58 @ dwayne

    Віншаванні ......

    Ад whitelabellending.

    На whitelabellending мы прапануем ўсе віды крэдытаў

    (Бяспечны і небяспечны крэдыты), мы прапануем ўсе віды

    крэдыты для ўсіх мэтаў, дома, аўтамабіляў і бізнес-крэдытаў

    і ўсё гэта адбываецца на 3% у Anun, мы ў

    whitelabellending мы прапануем лепшае, што вы можаце

    знайсці, для атрымання дадатковай інфармацыі звяжыцеся з намі

    VIA: whitelabelendingt@outlook.com

Апошнія навіны