Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч: Мы гатовыя запатрабаваць пераносу выбараў праз сітуацыю з каранавірусам

Губарэвіч: Мы гатовыя запатрабаваць пераносу выбараў праз сітуацыю з каранавірусам

1973 праглядаў Мінск
У той сітуацыі, якая разгортваецца з распаўсюдам каранавірусу, можа паўстаць патрэба пераносу прэзідэнцкіх выбараў на больш позні тэрмін, пракаментаваў сітуацыю старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Можа быць, сітуацыя з каранавірусам будзе развівацца такім чынам, што Аляксандру Лукашэнку давядзецца адмовіцца ад правядзення выбараў у вызначаныя тэрміны. Ярмошына, якой цяжка адмовіць у лаяльнасці да Лукашэнку сказала: паўнамоцтвы дзеючага кіраўніка дзяржавы захоўваюцца да 6 лістапада. Пачынаючы з 7 лістапада, гэта ўжо звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які вымушаны вызваліць гэтыя 18 рэзідэнцыяў, сабраць клюшкі-шайбы і пайсці на пенсію», — адзначыў Губарэвіч у стрыме з каментарыем па сітуацыі з падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў і каранавірусам.

Палітык нагадаў, што Канстытуцыя дазваляе балатавацца Лукашэнку і на чарговы тэрмін. «Але балатавацца не з пазіцыі прэзідэнта, кіраўніка краіны, які кантралюе ўсе працэсы, можа аддаваць загады сілавікам, камісіям, вертыкалі, як фальсіфікаваць гэтыя выбары, а з пазіцыі звычайнага шараговага грамадзяніна», — лічыць старшыня Руху «За Свабоду».

Паўнамоцтвы па 89 арт. Канстытуцыі, пасля завяршэння працы дзеючага кіраўніка пераходзяць Сяргею Румасу, прэм’ер-міністру.

«Мы будзем адсчоваць сітуацыю, калі меры, якія прадпрымае сённяшняе кіраўніцтва, будуць недастатковыя, эпідэмія будзе пашырацца, то праз месяц трэба будзе прымаць канкрэтнае рашэнне пра перанос даты выбараў», — лічыць Юрый Губарэвіч.

У прыватнасці ён распісаў немагчымыя ў сённяшніх умовах дзеянні ў межах выбарчай кампаніі: «немагчыма фармаваць камісіі, збіраць подпісы, хадзіць па кватэрах — ніхто не адчыніць дзверы незнаёмаму чалавеку пры каранавірусе — выстаўляць пікеты — ніхто не будзе падыходзіць».

«Наша выбарчая кампанія і так накладае процьму абмежаванняў на ўсіх акрамя дзеючага кіраўніка дзяржавы і робіцца паўнейшай фікцыяй нават на першым этапе. Гэта будуць няроўныя ўмовы. Лагічным будзе перанос выбараў на канец года», — падкрэсліў Губарэвіч.

Мы, дадаў палітык, «звернемся да ўсіх беларусаў».

«Я перакананы, што тых, хто хацеў бы, каб Лукашэнка не прымаў удзел у выбарах увогуле альбо хаця б не прымаў з пазіцыі кіраўніка дзяржавы, такіх людзей мільён. Гэта легальная магчымасць», — заключыў старшыня Руху «За Свабоду».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
  • #1121 14.05.2020 19:32 @ [ няма імя ]

    Я за Губаревича

  • #1022 09.04.2020 20:55 @ [ няма імя ]

    А ставіць пытанне пра яго дзеяздольнасць як кіраўніка краіны?? Слабо?

    1. #1023 10.04.2020 02:02 @ Адміністрацыя

      гэтае пытанне ставіцца ўвесь час. у такіх размовах паміж намі з вамі. Але што гэта дае юрыдычна? А нічога.

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны