Навіны Навіны Беларусі

На кіраўніка аддзялення Руху за Свабоду ў Мазыры склалі ўжо чацвёрты пратакол за экстрэмізм

На кіраўніка аддзялення Руху за Свабоду ў Мазыры склалі ўжо чацвёрты пратакол за экстрэмізм

1581 прагляд Мазыр
Супрацоўнікі Мазырскага РАУС ніяк не могуць аформіць правапарушэнне, у якім спрабуюць абвінаваціць актывіста.

Кіраўнік мазырскага аддзялення Руху за Свабоду Рыгор Крывіцкі ўжо стаміўся ад шматлікіх перапісванняў пратакола, у якім мясцовыя міліцыянты спрабуюць абвінаваціць яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 2 артыкула 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Гэта распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства. Пакаранне, якое можа пагражаць Крывіцкаму за такое правапарушэнне – штраф ад 10 да 50 базавых вялічыняў альбо арышт з канфіскацыяй прадмету правапарушэння і прыладаў, з дапамогай якіх яно здзейснена, альбо без канфіскацыі.

Першы раз капітан міліцыі Сяргей Марціновіч прыйшоў да Рыгора Крывіцкага ў анкалагічны дыспансер, дзе ён тады лекаваўся, яшчэ 10 лютага. Ён распавёў хвораму Крывіцкаму, што той 16 лістапада 2018 года зрабіў рэпост на сваю старонку ў Фэйсбуку запісу, дзе ўзгадваецца арганізацыя анархісцкага руху, нібыта ўключаная ў лік экстрэмісцкіх. Марціновіч склаў пратакол, а Крывіцкі падпісаў яго, бо не мог добра разабрацца, што яму інкрымінуюць, з-за таго, што толькі прайшоў хваравітую працэдуру біяпсіі. Калі самаадчуванне актывіста палепшылася, ён паспрабаваў разабрацца, што ж яму ставяць у віну. Але ў копіі пратакола, пакінутай Крывіцкаму, ён не здолеў нічога разабраць.

Літаральна на наступны дзень Марціновіч зноў завітаў да Крывіцкага ў анкадыспансер з прапановай перапісаць пратакол, бо першы прыйшоўся не даспадобы кіраўніцтву. Такое нахабства раззлавала Рыгора Крывіцкага і ён адмовіўся адказваць на пытанні міліцыянта і падпісваць новы пратакол. 12 лютага, адразу пасля выпіскі з анкадыспансера, актывіст звярнуўся ў Мазырскі РАУС, каб атрымаць чытэльную копію хаця б аднаго з пратаколаў. Але ў РАУСе адказалі, што дашлюць на ягоную заяву пісьмовы адказ. 18 лютага Крывіцкі артымаў ліст з РАУС, у якім паведамлялася, што матэрыялы адміністрацыйнай справы накіраваныя ў суд і азнаёміцца з імі магчыма там.

Копія пратакола ад 10 лютага

Калі ж Крывіцкі наведаў Суд Мазырскага раёна, там яму сказалі, што ягоная справа вернутая назад у РАУС на дапрацоўку. 3 сакавіка яму даслалі копію пратакола ад 11 лютага, але і ў ёй немагчыма было нічога разабраць. 12 сакавіка пошта прынесла Крывіцкаму яшчэ адзін – найноўшы, трэці па ліку пратакол. Ён быў складзены 9 сакавіка і ў ім Крывіцкаму інкрымінуюць тое самае.

А 26 сакавіка да Рыгора Крывіцкага зноў прыйшоў капітан міліцыі Сяргей Марціновіч складаць пратакол аб экстрэмізме. Матываваў тым, што суд хвалюе, ці не ўтрымліваюцца ў дзеяннях Крывіцкага матывы распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Праўда, цяпер ужо міліцыянта чамусьці надта цікавілі пытанні, ці збіраецца Крывіцкі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Участковы спрабаваў удакладніць у пенсіянера у якой якасці ён збіраецца быць – назіральнікам ці прадстаўніком нейкага кандыдата. Прычым, у пратаколе, які складаўся 26 сакавіка, стаіць дата складання - 27.03.

27 сакавіка Крывіцкі зноў наведаў Мазырскі РАУС з мэтай азнаёміцца з матэрыяламі справы і зняць копіі. Але яму адмовілі, сказаўшы, што азнаёміцца ён зможа ў судзе.

Копія пратакола, складзенага 26 сакавіка

Звяртае на сябе увагу той факт, што ў кожным новым пратаколе змяняецца дата, калі Крывіцкі нешта размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У пратаколе ад 10 лютага было напісана, што нешта, пра што немагчыма прачытаць, Крывіцкі зрабіў 30 студзеня 2020 года (хаця, пры апытанні размова ішла пра размешчаны 16 лістапада 2018 года у Фэйсбуку пост), у апошнім жа пратаколе капітан Марціновіч ужо піша, што экстрэмісцкі пост Крывіцкі размясціў 10 лютага 2020 года.

Рыгор Крывіцкі накіраваў ужо другую заяву аб парушэннях з боку супрацоўнікаў Мазырскага РАУС пракурору Мазырскага раёна. Першую заяву ад яго не прынялі, спаслаўшыся на тое, што рашэнне будуць прымаць паводле вынікаў разгляду справы ў судзе. 27 сакавіка Крывіцкі занёс у пракуратуру яшчэ адну заяву, якую ўзялі, але не зарэгістравалі.

«Я лічу, што такім чынам яны спадзяюцца выбіць мяне з маючай адбыцца прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Знайшлі нейкі пост у Фэйсбуку, размешчаны 2 гады таму, і як раз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў узяліся неяк на мяне ціснуць. А дзе ж вы былі 2 гады?», – гаворыць Рыгор Крывіцкі.
Андрусь ГАЁВЫ

Крыніца: palesse.press

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны