Навіны Навіны Беларусі

Аляксандр Мілінкевіч: «На гэтых выбарах можа здарыцца тое ж, што ў 2010-м»

Аляксандр Мілінкевіч: «На гэтых выбарах можа здарыцца тое ж, што ў 2010-м»

1617 Праглядаў
У выбарчы год belsat.eu ладзіць цыкл інтэрв’ю з былымі кандыдатамі на прэзідэнта, дзе тыя аналізуюць свае кампаніі, распавядаюць, як склалася іхнае жыццё пасля, і робяць прагноз на будучыню. З Аляксандрам Мілінкевічам, які балатаваўся ў 2006-м, мы пагутарылі пра ягоную сям’ю, абедзве Плошчы, памылкі апазіцыі ды Расею.
«Бальшавікі двойчы вадзілі бацьку на расстрэл»

– Цікавы факт з вашай біяграфіі: ваш прапрадзед і прадзед удзельнічалі ў паўстанні Каліноўскага. Ці ёсць нейкае сямейнае паданне, звязанае з гэтым?

– Мне было 9 гадоў, калі дзядуля адышоў, таму не так шмат ведаю, збольшага ад мамы. Іх усіх выселілі з вёскі, якая называлася Зубрава. Удзел іхны мог быць розны: маглі змагацца са зброяй, маглі паказваць паўстанцам сцяжынкі, дзе можна схавацца. Такіх людзей таксама каралі за дапамогу: карміць, укрываць паўстанцаў. Але яны былі асуджаныя.

– Што з імі здарылася?

– Поўная канфіскацыя маёмасці. З зямлянкі пачыналі.

Аляксандр Мілінкевіч

– У 20-я гады ваш дзядуля займаўся незалежніцкай дзейнасцю, беларушчынай. Можаце распавесці падрабязней, што ён рабіў?

– Дзядуля памёр пасля таго, як Хрушчоў прачытаў свой вядомы даклад аб развянчанні культу асобы. Таму раней ён вельмі мала гаварыў пра сваю дзейнасць прабеларускую. Ён быў актывістам ТБМ, ствараў беларускі рух у вёсцы Бершты [на Гарадзеншчыне. – Belsat.eu] і ваколіцах. Ён нават спачатку падтрымліваў партызанку беларускую супраць палякаў. Гэта быў пачатак 20-х гадоў, Польшча ўтварылася, Беларусі не ўдалося сваю дзяржаву пабудаваць. Ён нават ездзіў у Літву і дамаўляўся, каб адтуль прывозіць выбухоўку, зброю… А па лясах сядзела моладзь, партызаны, бо хацелі беларускай незалежнасці. Калі яна не атрымалася, хацелі хаця б каб культурніцкая аўтаномія была. Але потым і гэта стала нерэальным. Ён сам пазней адсядзеў два гады за дзейнасць у Таварыстве беларускай школы. Гэта ўжо ў 30-я гады.

Аляксандр Мілінкевіч і Кацярына Андрэева

– Маючы такіх продкаў, вы з дзяцінства выхоўваліся ў такім асяроддзі або з часам прыйшлі да асэнсавання важнасці незалежнасці Беларусі?

– Ведаеце, у сям’і, канешне, бацькам было што расказаць. Але ўявіце сабе, што людзі, якія вучыліся ў Варшаве, працавалі з Янушам Корчакам, а потым прыехалі ў 39-м годзе ў Горадню, дзе мусілі працаваць у рускай школе. Ну як на іх глядзелі? Як на заходніх інтэлігентаў з капелюшамі.

Бацьку бальшавікі два разы вадзілі на расстрэл. Страх у сям’і быў вельмі вялікі, заўсёды былі вузельчыкі пад ложкам на выпадак, калі ноччу прыйдуць і забяруць. У Горадні забралі амаль усю інтэлігенцыю!

І я раптам у класе восьмым задаў сабе пытанне, а потым бацькам задаваў. А чаму так? Вось глядзіце: у рускіх такая гісторыя, столькі герояў, усіх перамагаюць, стварылі такую супердзяржаву. У палякаў – такая гісторыя – змагаліся ўсё жыццё, у культуры столькі зроблена, а ў беларусаў нічога няма, толькі з Кастрычніцкай рэвалюцыі пачынаецца. Вось я думаю, што гэтае пытанне многія беларусы задавалі. І я бацькам задаваў, ну і паступова атрымліваў адказы. У бацькі была выдатная калекцыя паштовак старых, гравюр, кніжак, але паказваў ён гэта ўжо пазней. Нам страх цяжка ўявіць, у якім яны жылі…

– А калі ў вас ужо сфармаваліся погляды? Калі быў гэты пераломны момант, паваротны пункт?

– Была такая арганізацыя класная ў Горадні – «Паходня», як у Менску «Талака», але гарадзенская. Гэта ўжо канец 80-х, перабудова – вось там я, канешне, фармаваўся. Ну і я меў такое шчасце абсалютна свабодна, вольна з 85-га па 94-ы год рабіць на тэлебачанні перадачу пра гісторыю Гарадзеншчыны. Абсалютна без цэнзуры. Гэта была вельмі папулярная перадача і яна прывяла мяне ў палітыку. Я стаў вядомым у Горадні, медыйнай асобай. І калі абралі ўжо новы выканкам, гэта быў 90-ы год, канец перабудовы, перад самай незалежнасцю. Мяне абралі (тады абіралі) намеснікам старшыні па сацыяльных пытаннях – культура, адукацыя.

«Лукашэнка абяцаў, што мы вернемся ў Савецкі Саюз»

– Прыгадайце свае эмоцыі, калі вы даведаліся, што Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне.

– Ніхто не верыў, што гэта магчыма. Разумееце, каласальная армія, адна з самых вялікіх у свеце, ядравая зброя, КДБ, улада жорстка трымала ідэалогію. І раптам такая краіна бах – і ні адзін чалавек не выходзіць і не пратэстуе, маўляў, давайце захаваем. Я быў шчаслівы, шчыра! Бо я ўжо ведаў, што Беларусь стоадсоткава мусіць быць незалежнай. Не ўсе так думалі, баяліся. Памятаю, дацэнты некаторыя на рабоце казалі: «Божачкі, ды мы ж нічога не ўмеем рабіць! Мы нумары на машыны не зробім, бо гэта робіцца ў Расеі» Ну вось такі ўзровень мыслення, што ніяк мы не пратрымаемся без гэтага цэнтру. Але мы былі ўжо людзі з веданнем гісторыі, яе трагічных і гераічных постацяў – гэта дадавала духу. Было свята.

– Калі свята скончылася для вас?

– Свята скончылася. І таксама ніхто не верыў што, мы думалі, што ўжо прыйшла гэта свабода, незалежнасць Беларусі поўная і перспектыва пабудавання еўрапейскай краіны. І раптам здарыўся гэты адкат, які мы маем сёння. Гэта, канешне, трагедыя вялікая.

Я зразумеў гэта, калі бачыў сходы Лукашэнкі ў Горадні. Я быў тады ў выканкаме намеснікам старшыні і па службе прыходзіў глядзець, як праходзяць гэтыя сходы. Я бачыў слёзы на вачах жанчын і мужчын, калі тыя слухалі Лукашэнку. Ён без сумневаў мае талент папулісцкі і я адчуваў, што ён выйграе гэтыя выбары.

– А што ён казаў у Горадні падчас перадвыбарчай кампаніі?

– Ён казаў, што вернемся ў Савецкі саюз. Абяцаў, што будзе як у Савецкім саюзе і нават лепш. Ён жа ішоў як рэфарматар. Становішча эканамічнае было цяжкае, бо рэформы беларускія не рухаліся і нават кепскіх, як у Маскве не рабілі, а проста сядзелі, чакалі і баяліся.

«Зняццё Домаша на карысць Ганчарыка – трагедыя»

– Кампанія 2001 году. Як вы апынуліся ў камандзе кандыдата Сямёна Домаша і чаму?

– Ён вельмі надзейны кіраўнік. Сам умеў працаваць, патрабаваў, але ніколі нікога не абразіў, ніколі не павысіў голас, нікому не тыкаў і ўсе казалі, што з ім складана працаваць, але надзейна. Яшчэ ён умеў абараніць сваіх (бо гарвыканкам быў такі больш дэмакратычны) ад аблвыканкаму. Такі сабе бацька строгі. І яшчэ ён быў рэфарматар. Гэта быў праеўрапейскі чалавек, наколькі магчыма было тады.

Чаму я стаў у яго кіраўніком штабу? Персанальна таму, што я яго паважаў. Я і дагэтуль лічу, што з усіх кандыдатаў ён быў самы перспектыўны, найлепшы для Беларусі. Яго падтрымала значная частка наменклатуры і ён меў вялізарную падтрымку ў рэгіёнах. Домаш узначаліў «Рэгіянальную Беларусь», ён быў суперкандыдатам. Ну а потым адбылася трагедыя. Домаш даў слова, што здымецца, як і Ганчарык, і астатнія, калі адзіным абяруць іншага кандыдата.

– А хто мусіў тады назваць?

– А вось пытанне! Не паспявалі ўжо зрабіць кангрэс і тады вырашылі, што пяць чалавек – дэмакратычныя кандыдаты ўключна з Домашам – як толькі збяруць подпісы, то сядаюць і вызначаюць, хто адзіны. Селі ў пакоі ў Доме ветэранаў, такая сабе «таемная вячэра». Абіралі па пяці крытэра. І па чатырох Домаш жалезна быў лепшы: больш за ўсё подпісаў, самая вялікая геаграфія, самы вялікая ініцыятыўная група, самы нізкі адмоўны рэйтынг, а потым дайшлі да пятага крытэру, а пяты крытэр – грошы.

Кожны меўся сказаць, колькі ён мае на наступны этап, на агітацыю. Сапраўды, у нас не было шмат грошай. І астатнія кандыдаты сказалі: «Ведаеш, Сямён, ты харошы мужык, але ў Ганчарыка больш сродкаў, значыць, кампанія будзе лепшай. Мы за Ганчарыка».

HАВIНЫ

Уладзімір Ганчарык: Расследаваць знікненні палітыкаў было б карысна для самой улады

2020.01.08 20:43

«У 2006-ым я не сумняваўся, што маглі страляць»

– Назавіце тры асноўныя памылкі вашай выбарчай кампаніі 2006 году.

– Я мог бы пачаць з таго, што было супер, але давайце з памылак, добра. Я не баюся пра гэта казаць. Самай значнай памылкай было тое, што ў штабе былі лідары палітычных структур, а павінны быць паліттэхнолагі. Акрамя таго, варта было з вядомых людзей стварыць дарадчую раду, а мы зацыкліліся на кааліцыі. А яшчэ мы хацелі паставіць намёты ў першы дзень, але палічылі, што плошчу ачэпяць і не дазволяць нам туды патрапіць. Калі моладзь ужо потым паспрабавала пранесці намёты – іх не прапусцілі. Гэтак у першы дзень мы не змаглі замацавацца.

У ноч пасля выбараў мы мелі звесткі, што атрымалі каля чвэрці галасоў [па аб’ектыўных, не фальсіфікаваных падліках. – Belsat.eu]. Гэта поспех, але недастатковы, каб казаць, што ў нас скралі перамогу.

І калі заклікаеш людзей на плошчу – нясеш вялізарную адказнасць. Там было шмат моладзі… Я ведаў і не сумняваўся, што маглі страляць. Бо тады ніхто не гуляў з Еўропай, была нафта і газ з Расеі, быў самы пік эканомікі Лукашэнкі. Я ганаруся тым, што мы не пайшлі па горадзе, нічога не бралі штурмам, бо былі б ахвяры, кроў. А як потым глядзець у вочы людзям, іхным бацькам, калі ты заклікаў і не абараніў?

МЕРКАВАННЕ

Аляксандр Класкоўскі: Вопыт Плошчы-2006 яшчэ спатрэбіцца

2016.03.19 16:00

– Плошча 2006 году мела рэальны шанец на перамогу. Ці магчыма было дамагчыся змяшчэння Лукашэнкі з пасады? Або гэта была праява грамадзянскай пазіцыі кшталту «дэманстрацыі семярых» у Маскве ў 1968 годзе?

– Калі мы распачалі кампанію, верылі, што шанец ёсць, што мы адчуваем настроі грамадства. Але, ведаеце, як гэта ў беларускіх дэмакратаў, мы кантачым больш са «сваймі», блізкімі па духу людзьмі… Для нас сапраўдным натхненнем было тое, што адбылося ў Кіеве, у Тбілісі [маецца на ўвазе першы Майдан і Рэвалюцыя Ружаў. – Belsat.eu] – мірныя каляровыя рэвалюцыі. Сёння, пасля столькіх гадоў, я разумею: шанцу на мірную рэвалюцыю ў нас не было.

– Пасля 2006 году нейкі час вы былі самым пазнавальным, топавым палітыкам. Чаму вы больш не балатаваліся ў прэзідэнты?

Спачатку я хацеў удзельнічаць у выбарах 2010 году, бо варта было выкарыстаць мой вялікі рэйтынг. Але канчаткова адмовіўся ад гэтай ідэі, калі зразумеў, што нікога не аб’яднаю. Ва ўмовах аўтарытарнай краіны мусіць быць адзіны, якому давяраюць. Я казаў калегам, што мы робім памылку і разбурым усё, што пабудавалі, але яны мне казалі: «Ты зрабіў памылку, што не крануўся з Плошчы, не пайшоў заваёўваць свабоду».

А я дагэтуль лічу – мы тады спынілі мноства правакацый. Нават напярэдадні 19 сакавіка я асабіста ў адной амбасадзе спыняў правакацыю.

– А можна падрабязней? У амбасадзе якой краіны?

– Не хачу. Не час. Я ў мемуарах напішу.

СВЕДКІ. 2000-Я

Прэзідэнцкія выбары 2006 года. Плошча і Дзень Волі

2017.04.12 14:30

«Біццё шкла ў Доме ўраду падштурхнула Расея»

– У многіх інтэрв’ю вы казалі, што «Масква на кожных выбарах мела тут сваіх кандыдатаў». Назавіце гэтых людзей.

– На выбарах 2001 году Домаш быў прабеларускі, праеўрапейскі, прарэфарматарскі – ну ніяк не пасаваў Маскве. Ганчарык пасаваў больш.

– А ў 2006 годзе?

– Канешне, Казулін. І ён не хаваў гэтага. І калі Казулін пайшоў на Акрэсціна 25 сакавіка [патрабаваць вызвалення затрыманых. – Belsat.eu] – гэта была дэманстрацыя духу. Але ці магчыма было кагосьці вызваліць? Я адразу сказаў тады, што гэта правакацыя, бо ў выніку пасадкі Казуліна перапыніўся дыялог з Еўропай. Расейскі след тут непазбежны, бо Казулін выконваў стратэгію, якая пісалася ў Маскве.

– У 2010 годзе, на вашую думку, што сталася правакацыяй?

– Яшчэ больш эфектыўная – біццё шкла ў Доме ўраду. У 2010 годзе яна прывяла да таго, што дыялог з Еўропай знік цалкам, апазіцыя села ў турму, а Лукашэнка зрабіўся больш слабым для інтэграцыі.

Ведаеце, калі апазіцыя выводзіць людзей на плошчы, яна мусіць умець нейтралізаваць правакацыі, мець дружыну. У 2010-ым ні ў аднаго кандыдата не было дружыны, якая ўзяла б правакатара, што б’е шкло, дый аддала міліцыі.

– Сыходзячы з вашых словаў, біццё шкла ў Доме ўраду – расейская правакацыя супраць Лукашэнкі. Але ж ці не здаецца вам, што Лукашэнка першапачаткова збіраўся разганяць Плошчу?

– Ва ўладзе былі тады розныя пункты гледжання. Частка пераконвала Лукашэнку, што для працягу дыялогу з Еўропай вельмі важна не кранаць людзей, а частка прапанавала заціснуць усё. І Масква ў гэты момант проста выкарыстала беларускія спецслужбы – не ведаю, ці свядома, ці за грошы. Нас папярэджвалі з Масквы блізкія да сілавых структураў людзі, што будуць такія правакацыі.

– Можаце сказаць, хто папярэджваў?

– А вы лічыце, чалавек выжыве пасля гэтага?

– Загад усё ж аддаваў Лукашэнка…

– Лукашэнка. Але яго справакавалі, ведаючы ягоны характар.

На гэтых выбарах тое самае можа здарыцца. І калі ўлада і апазіцыя не будуць гатовыя нейтралізаваць правакацыі – грош нам цана, мы прайграем Беларусь. Увойдуць міратворчыя сілы, каб пацыфікаваць тут усё.

СВЕДКІ. 2000-Я

Эпілог. Плошча 2010 года як завяршэнне эпохі змагання

2017.05.05 20:30

«Мы з уладай – апаненты, а не ворагі»

– Напрыканцы нулявых – на пачатку дзясятых вас крытыкавалі за прапанову дыялогу з уладай. А сёння лідары меркаванняў, папулярныя блогеры і журналісты выказваюцца ў такім жа рэчышчы, што дыялог патрэбны. Ці не падаецца вам, што адбываецца капітуляцыя грамадскай супольнасці перад уладай?

– Гэта не капітуляцыя, гэта цвярозы розум. Проста здаровы сэнс. Ёсць пагроза Расеі, у чым сёння ніхто не сумняецца. Ёсць частка ўлады – прабеларускія, праеўрапейскія, прарэфарматарскія людзі і ёсць частка, якая любіць Маскву, бо любіць Савецкі Саюз. Улада падзеленая гэтак жа, як і апазіцыя: там адны за дыялог, іх большасць, а ёсць тыя, хто супраць, больш радыкальная апазіцыя. Я лічу, што трэба весці дыялог з уладай, з той групай, якая хацела б, каб Беларусь была незалежнай.

Мы не будзем сябрамі. Але мы апаненты, а не ворагі. Мы партнёры ў пэўных рэчах, важных для Беларусі.

– Калі сёлета будуць звесткі, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя, апазіцыя павінна арганізоўваць Плошчу?

– Апазіцыя можа арганізоўваць Плошчу, калі яна адчувае, што мае сур’ёзную падтрымку, якая зробіць гэтую Плошчу адносна шматлікай. Калі выйдуць сто чалавек або тысяча чалавек – значыць, свабодныя выбары не асабліва патрэбныя людзям.

Так, Лукашэнка вінаваты, але грамадства таксама нясе вялікую адказнасць, бо большасці нават незразумела, што гэта такое [свабодныя выбары. – Belsat.eu]. Большасць думае, што гэта беспарадак. І вось гэтае разуменне трэба будаваць доўга. А за незалежнасць трэба змагацца дзень і ноч.

Гутарыла Кацярына Андрэева, belsat.eu

Крыніца: belsat.eu

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны