Навіны Навіны Беларусі

Беларускамоўны пластычны хірург Дужы: Да мяне прыязджаюць рабіць аперацыі замежнікі

Беларускамоўны пластычны хірург Дужы: Да мяне прыязджаюць рабіць аперацыі замежнікі

1913 Праглядаў Мінск
Аляксей Дужы — беларускамоўны пластычны хірург і сябра Руху «За Свабоду». Доктар расказаў і пра свой род, і пра прафесію.

Пра родную мову, ільняныя кашулі і вандроўкі па мясцінах Міцкевіча

Роднай мове Аляксей вучыўся ў бабулі з дзядулем.

«Летам прыязджаў да іх у Карэліцкі раён і стараўся па-беларуску размаўляць. Гэта адзін з тых рэгіёнаў, дзе найбольш чыстая, сакавітая мова захавалася».

У старэйшых класах, успамінае хірург, яму патрапіўся цудоўны настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Сяргей Уладзіміравіч Несцяровіч.

«У яго ў класе ўсё было зроблена як у музеі, вісела вялікая гравюра з Францішкам Скарынам. Ён і на перапынках, і з кіраўніцтвам таксама размаўляў па-беларуску. Памятаю гісторыю: да нас прыйшла настаўніца з універсітэта падмяняць яго і на перапынку перайшла на расейскую мову. І тады адзін з вучняў зрабіў ёй заўвагу».

Бацька Аляксея цікавіўся гісторыяй. І сына заахвоціў — даў пачытаць кніжку пра Кастуся Каліноўскага.

«Мы любім з бацькам вандраваць па гістарычных месцах. Дарэчы, вёска, адкуль дзядуля родам, — побач з лясочкам, дзе Адам Міцкевіч сустракаўся каля каменя філарэтаў з Янам Чачотам і Ігнатам Дамейкам. Там жа знаходзіцца Туганавіцкі парк, дзе Міцкевіч з Марыляй Верашчакай гуляў».

Доктар любіць паэзію. З класікаў аддае перавагу Максіму Багдановічу, з сучаснікаў — Уладзіміру Някляеву. І сам, дарэчы, піша вершы. А з празаікаў захапляецца Васілём Быкавым і Уладзімірам Караткевічам.

У гардэробе ў хірурга ёсць пара вышыванак. А ва ўніверсітэцкія гады, калі вышыванкі яшчэ не прадаваліся, ён летам насіў ільняныя кашулі на шнуроўцы. Сваім прыкладам натхніў нават студэнта з Емена: той стаў набываць такія ж кашулі.

«Сорамна, калі людзі, якія называюць сябе беларусамі, не могуць некалькі словаў звязаць на роднай мове,

— разважае Аляксей. — Мне імпануе той закон, які ў 1990-м быў прыняты — дзе беларуская мова прызнавалася адзінай дзяржаўнай, а руская была мовай міжнацыянальных зносін. Калі б гэта працягвалася, больш людзей размаўлялі б на роднай мове. Бо чалавек сам па сабе істота лянівая, выбірае лёгкія шляхі».

Пра шлях у хірургі, «сторыз» з аперацыйнай і практыку на трупах

«Пластычная хірургая — гэта ўпрыгожванне. Я эстэт, — расказвае Аляксей, чаму выбраў такую спецыяльнасць. — Я Шалі па знаку задыяка, а гэта знак, які любіць мастацтва. Мне падабаюцца прыгожыя людзі, якія з густам апранаюцца. І калі робіш аперацыю, бачыць змены ў лепшы бок таксама дастаўляе задавальненне».

У дзяцінстве хлопец вагаўся — ісці ў біёлагі ці ў медыкі. Выбраў другое. А калі вучыўся ў Гомельскім медуніверсітэце, зразумеў, што лячыць таблеткамі яму нецікава — хочацца працаваць рукамі. На адпрацоўку малады спецыяліст патрапіў хірургам у Петрыкаў.

«Калі я рабіў аперацыю, для мяне было важна, як эстэтычна пасля будзе выглядаць той жа шнар. Кнігі па пластычнай хірургіі тады цяжка было набыць у Мінску, яны дорага каштавалі. Але я знайшоў у краме медыцынскай літаратуры, у букіністычным аддзеле, венгерскі дапаможнік для дактароў «Cicatrix Optima» і пачаў выкарыстоўваць тэхнікі касметычнага шва, якія былі там паказаны. Таксама прымяняў захады, якія садзейнічаюць лепшаму загойванню ран».

Пасля размеркавання ў раённай бальніцы Аляксей працаваў у Гомелі, вучыўся ў клінічнай ардынатуры, а праз колькі гадоў уладкаваўся ў сталіцу. Цяпер вядзе прыём у прыватным цэнтры. У сваім інстаграме доктар выкладвае гісторыі ці жывыя трансляцыі наўпрост з аперацыйнай.

Стажыравацца ездзіць за мяжу. Пазалетась, напрыклад, быў у Турцыі на школе рынапластыкі (кажуць, што менавіта ў Турцыі робяць найлепшыя насы). Аперыраваць вучыліся на трупах — галовы бяздомных даставілі з горада Фінікс (ЗША). Вучэбным матэрыялам сталі людзі, якія завяшчалі сваё цела медыцыне, для таго каб пры жыцці быць на забеспячэнні — жыць у прытулку, атрымліваць харчаванне.

Пра кошты на пластыку, «качыныя» вусны і сілікон

Па назіраннях доктара, самыя папулярныя пластычныя аперацыі ў беларусак — павелічэнне грудзей і рынапластыка. Потым ідуць аперацыі па ўзросце — тая ж блефарапластыка.

«Ты вяртаеш чалавеку выгляд, які быў у яго ў маладосці, таму я некаторых пацыентак прашу, каб яны прынеслі фотаздымак з тых часоў. Калі ж верхнія павекі зрабіць няправільна, яны могуць наадварот дадаць узросту — калі шмат выразана тлушчу, вочы становяцца запалымі, мяртвяцкімі», — тлумачыць хірург.

У мужчын запыты на пластыку наступныя. Тыя, хто прымае стэроіды, сутыкаюцца з такой праблемай, як гінекамастыя (павелічэнне грудной залозы), і прыходзяць выдаляць яе. Запісваюцца таксама на ліпасакцыю і павелічэнне чэлеса.

А яшчэ для беларусаў актуальна перасадка валасоў — Аляксей прызнаецца, што сам быў бы не супраць такой аперацыі, каб вярнуць сабе фрызуру са школьных часоў.

Самыя дарагія аперацыі — мамапластыка і рынапластыка. Іх кошт стартуе ад $2000.

«Калі стараешся ўкладаць у сябе грошы, штогод ездзіць на канферэнцыі, купляць інструменты, выкарыстоўваць толькі сучасны шоўны матэрыял, то аперацыя не можа быць таннай, — кажа Аляксей. — Калі нейкая клініка дэмпінгуе, яна проста не шануе сваіх дактароў. Мой сябра ў Кіеве аперыруе насы, у яго цэны пачынаюцца ад $6500, і ён хоча падняць да $10000.

Такая медыцына — гэта татальны хэндмэйд. Пластычныя хірургі як мастакі ці скульптары. У кожнага свая школа, уласны почырк. Вынік адной і той жа аперацыі ў розных руках выглядае па-рознаму».

Зараз у трэндзе натуральная прыгажосць. Ці знізілася праз гэта колькасць зваротаў да пластычнага хірурга? Па словах Аляксея, саміх аперацый менш не становіцца, але ты павінен рабіць іх так, каб не было заўважна ніякага ўмяшання. Узяць тыя ж вусны, якія нашы дамы любяць падколваць.

«У беларусаў верхнія вусны тонкія, у форме ластаўкі. Гэта форма не надае сэксуальнасці жанчыне, а робіць яе строгай. Але ніхто не імкнецца рабіць зараз «качыныя гісторыі», — дзеліцца назіраннямі доктар.

Ён кажа, што расце попыт на якасць пластыкі, бо змяніліся тэхналогіі.

«Раней, напрыклад, ставілі імпланты з салявымі напаўняльнікамі — у іх быў натрыю хларыд, гэта той раствор, які капаюць нам разам з антыбіётыкамі. А зараз напаўняюць сучасным сіліконам, які не выцячэ, нават калі імплант разарвецца, робяць трохслойныя абалонкі імплантаў. Тут была шуміха, што ў адной зоркі разарваўся імплант — яна казала, што пяць гадоў ён працякаў. Але калі яна кожны год праходзіла даследванне, то гэта было б відаць на першым жа аглядзе. Таму гэта проста хайпавая інфармацыя.

Калі грудзі правільна зробленыя, па адчуванні сіліконавыя будуць як натуральныя. Зараз нават адна фірма робіць імпланты, дзе, калі ты стаіш, гель перамяшчаецца такім чынам, што грудзі прымаюць анатамічная форму кроплі. Гэта апошняя распрацоўка».

Ёсць у хірурга і пастаянныя пацыенткі, якія зрабілі ўжо не адну аперацыю.

«Але такіх няшмат. Яны звычайна адэкватныя, гіперкарэкцыі няма», — заўважае Аляксей.

Часам яму даводзіцца адгаворваць жанчын ад аперацый. Калі яны самі дакладна не ведаюць, чаго хочуць, хірург за нож не бярэцца. Кажа, гэта пацыенткі павінны ўгаворваць доктара зрабіць аперацыю, а не наадварот, ён можа толькі карэктаваць іх замову.

Пра раманы і замежных пацыентак

Аляксей нежанаты. Але гэта, усміхаецца, зусім не таму, што ён, як пластычны хірург, прыдзірлівы.

«Проста так атрымалася. Хоць, вядома, я звяртаю ўвагу на знешнасць. Адны з першых пунктаў для мяне — знешнасць і розум у жанчыны».

Доктар успамінае, што аднойчы сустракаўся з пацыенткай. Яна да яго прыходзіла на рэканструктыўную аперацыю — хацела пазбавіцца ад шнара на мочцы вуха, што застаўся пасля няўдалага праколу і запалення.

На каву кліенткі маладога хірурга не запрашаюць.

«Мабыць, таму, што я сур’ёзна стаўлюся падчас агляду і не фліртую з імі», — усміхаецца Аляксей.

Ён, дарэчы, топіць за айчынную медыцыну. У сацыяльных сетках доктара можна пабачыць хэштэг «я ганаруся медыцынай Беларусі». Суразмоўца заўважае: нам бы больш грошай укладаць у гэту галіну, развіваць і рэкламаваць платныя паслугі — замежныя пацыенты ракой пацяклі б.

«У Беларусі шмат высокаадукаваных і вопытных дактароў, якія могуць рабіць аперацыі не горш, чым у іншых краінах. Калі ў першыя гады незалежнасці было папулярна ехаць за мяжу, то зараз сітуацыя мяняецца.

Да мяне замежнікі прыязджаюць. Сёння на кансультацыі была жанчына з Англіі. Учора рабіў вусны дзяўчыне са Швецыі. Яна ў тэніс гуляла з беларускамі, тыя распавялі ёй пра нашу краіну, яна зацікавілася і прыехала сюды пазнаёміцца. Потым у стаматалогію пайшла, а пасля і да мяне».

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

Крыніца: nn.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны