Навіны Навіны Беларусі

Апазіцыя вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах

Апазіцыя вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах

3373 праглядаў Мінск
Прадстаўнікі пяці палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыі БНФ) правялі 27 студзеня супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

«Апазіцыя аб’ядналася для выбару адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ўпершыню за 15 год — з 2005 года. Мы пагадзіліся, што незалежна ад таго, хто будзе абраны адзіным кандыдатам, мы ўсе разам будзем працаваць на яго падтрымку і не будзем вылучаць ці падтрымліваць іншага», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

У беларускім грамадстве існуе выразны запыт на з’яўленне адзінага кандыдата які прапануе альтэрнатыву тупіковаму курсу дзейснай улады. Імя кандыдата будзе названае ў другой палове траўня і ён «стане адзіным рэальным і незалежным супернікам сённяшняга кіраўніка краіны».

«Абранне адзінага не будзе выключна ўнутраным рашэннем апазіцыі, мы прапануем працэдуру, якая дае магчымасць прыняць удзел любому грамадзяніну і стаць часткай каманды», — упэўнены Губарэвіч.

«Мэта нашай кампаніі — перамога. Аднак яна магчымая толькі праз далучэнне вялікай колькасці грамадзянаў да кампаніі адзінага, да абароны права на сумленныя выбары ў Беларусі. Мы будзем працаваць дзеля далучэння як мага больш шырокага кола грамадзянаў у працэс вылучэння адзінага кандыдата, падтрымкі яго кампаніі і абароны свайго выбару», — заявіў сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Па ягоных словах, каманда прапануе не толькі асабістую альтэрнатыву Лукашэнку ў асобе адзінага кандыдата, але і праграму сістэмных рэформаў як альтэрнатыву палітыцы дзеючай улады. Прапановы ў яе будуць рыхтавацца і збірацца пад час праймерыз, з імі абраны палітык і яго каманда будзе працаваць пад час кампаніі і па яе завяршэнні.

«Мы разумеем, што ўлада баіцца, што дзеючы кіраўнік дзяржавы болей не мае падтрымкі большасці беларусаў. З гэтай прычыны будуць вылучацца спарынг-партнеры для Лукашэнкі, і адначасна улада будзе спрабаваць незарэгістраваць адзінага кандыдата. Таму ў выпадку нерэгістрацыі адзінага альбо масавых рэпрэсій у дачыненні да кіраўніцтва і актывістаў кампаніі можа быць прынята рашэнне аб актыўным байкоце» — заявіў Рымашэўскі.

Пра працэдуру праймерыз распавёў в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Па ягоных словах, агульны кандыдат будзе абраны паводле чатырох складнікаў: галасавання пад час паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасавання ў інтэрнэце (30 балаў), галасавання на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі размяркуюць паміж удзельнікамі структуры, якія арганізуюць працэдуру.

«Адной з задачаў праймерыз з’яўляецца забеспячэнне палітычнай канкурэнцыі сярод удзельнікаў кампаніі, роўныя магчымасці і сумленны падлік галасоў», — падкрэсліў Казлоў.

Прыняць удзел у праймерыз можна як ад рэспубліканскай арганізацыі, так і паказаўшы наяўнасць каманды з 200 актывістаў, распавёў пра магчымасці далучэння да працэсу старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Кожны прэтэндэнт на ўдзел павінны адпавядаць шасці крытэрам: выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры, за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян, за выхад Беларусі з АДКБ, скасаванне дамовы аб саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі і вывад замежных ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі, за развіццё беларускай мовы і культуры, за добрасуседскія раўнапраўныя стасункі з ЕС, ЗША, Расіяй і іншымі краінамі. Адзіны кандыдат таксама лічыць недапушчальным умяшальніцтва знешніх сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі.

Пасля абрання адзіным кандыдатам, дадаў Барысаў, з палітыкам будзе падпісанае дадатковае пагадненне.

Кожны з удзельнікаў робіць унёсак у эквіваленце 500 еўра для арганізацыі праймерыз. Сродкі ідуць на паездкі па рэгіёнах, арганізацыю Кангрэсу дэмакратычных сілаў і стварэнне платформы для галасавання.

У працэдуру абрання адзінага кандыдата на сёння ўваходзяць пяць структураў: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Рух «За Свабоду» і Партыя БНФ. Праймерыз будзе ўключаць інтэрнэт-галасаванне, галасаванне ў рэгіёнах, Кангрэс дэмакратычных сілаў. Кампанія завершыцца ў канцы траўня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Прэзідэнцкія выбары 2020

Апошнія навіны