Навіны Навіны Беларусі

Вынікі назіраньня падвялі ў Віцебску ўдзельнікі кампаніі «Права выбару»

Вынікі назіраньня падвялі ў Віцебску ўдзельнікі кампаніі «Права выбару»

2829 Праглядаў Віцебск
16 сьнежня ў «Эўрапейскім клюбе» прайшла сустрэча віцебскіх праваабаронцаў і назіральнікаў з прадстаўніцай сакратарыяту кампаніі «Права выбару», сябрам Рады Руху «За Свабоду» Вольгай Быкоўскай. Удзельнікі падзяліліся сваімі высновамі аб парлямэнцкай кампаніі ды выказалі прапановы на будучыню.
Вольга Быкоўская адзначыла на пачатку сустрэчы, што перад наступнай выбарчай кампаніяй неабходная праца над памылкамі.

«Улада не гатовая змагацца законнымі мэтадамі»

Пачалі з фармаваньня выбарчых камісій. Вольга Быкоўская адзначыла, што пры адсутнасьці зьменаў у заканадаўстве спадзявацца на паўнавартаснае улучэньне апазыцыйных кандыдатаў у іх склад не выпадала. У Віцебскай вобласьці сябрамі камісій сталі адзінкі.

Падчас агітацыйнай кампаніі таксама было нямала перашкодаў для незалежных кандыдатаў: зьняцьце з рэгістрацыі з надуманых прычынаў, зрыў выступаў па тэлебачаньні. Улада асабліва палохалася заклікаў да імпічмэнту Лукашэнкі.

«Любыя згадкі пра Беларусь без Лукашэнкі выклікалі неверагодную рэакцыю. Выступ кандыдата ў дэпутаты Ўладімера Няпомняшчых з Гомля зьнялі толькі з прычыны яго заклікаў да зьмены ўлады праз імпічмэнт. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада не гатовая змагацца са сваімі апанэнтамі законнымі мэтадамі. Але ж ад апазыцыі натуральна чакаць заклікаў да зьмены ўлады! Імпічмэнт — гэта нармальны і законны варыянт», — казала Вольга Быкоўская.

Выступае Вольга Быкоўская

Паводле яе, на стадыі назіраньня пераважная колькасьць назіральнікаў, выдаленых з участкаў, былі сябрамі кампаніі «Права выбару». Іх назіраньне было актыўным і эфэктыўным. Яны фіксавалі парушэньні, таму кіраўніцтва камісій рэагавала жорстка.

Як паведаміла Быкоўская, агулам ва ўсёй Беларусі назіральнікі зафіксавалі 757 парушэньняў, сярод якіх — неналежнае захоўваньне скрыняў датэрміновага галасаваньня, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, завышэньне колькасьці тых, хто галасаваў дома.

«Герой той, хто дайшоў да фінішу»

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў адзначыў, што ў якасьці адказу на ўдалую відэафіксацыю парушэньняў падчас выбараў, ЦВК можа прыняць рашэньне аб забароне назіральнікам мець пры сабе любыя сродкі відэа- і фотафіксацыі на выбарах прэзыдэнта.

«Галоўнай задачай назіральніка ўсё ж застаецца назіраньне за ўсім працэсам галасаваньня. Герой той, хто і зафіксаваў парушэньні, і дайшоў да фінішу», — зазначыў Павал Левінаў.

На 8-мі ўчастках назіральнікі прызналі выбары празрыстымі

Цынічнай і нахабнай назвала мінулую выбарчую кампанію Тацяна Севярынец. Прызналася, што такую ж ацэнку яна дала і на нядаўняй сустрэчы з кіраўніцтвам гораду.

Тацяна Севярынец назвала выбары цынічнымі

Тацяна Севярынец нагадала, што з аб’ектыўных прычын цалкам закрыць назіраньне ў Віцебску ўдалося толькі па адной акрузе. Але наогул назіраньне на ўчастках было якасным.

Але паведаміла, што на 8-мі ўчастках з 35-ці назіральнікі «Права выбару» засьведчылі «адкрытае і празрыстае галасаваньне», хаця і на тых участках выбарчыя камісіі пры падліку галасоў не лічылі кожны бюлетэнь асобна.

Як мяркуе ўдзельніца кампаніі назіраньня Ірына Трацякова, у гэтай сытуацыі мог спрацаваць псыхалягічны момант. «Некаторыя назіральнікі чамусьці думаюць, што калі пры падліку іх упершыню дапусьцілі да стала і яны пабачылі птушачку ў бюлетэні, то гэта і ёсьць адкрыта і галосна», — сказала Трацякова.

Патрэбны дапаможнік для назіральнікаў

Падчас дыскусіі Павал Левінаў выказаў шмат прапановаў аб паляпшэньні назіраньня за выбарамі. Сярод іншага, заахвоціў больш эфэктыўна карыстацца досьведам назіральнікаў у канфліктных сытуацыях. Праваабаронца лічыць, што патрэбны дапаможнік, у якім такія сытуацыі былі б змадэляваныя, і назіральнік разумеў бы, як сябе паводзіць.

Выступае Павал Левінаў

Эмацыйным быў выступ Алены Янушкоўскай. Яна ня першы раз удзельнічае ў назіраньні, але нават у яе сёлетняя кампанія выклікала шок. Актывістку вельмі абурае той факт, што пададзеныя назіральнікамі скаргі з зафіксаванымі парушэньнямі ігнаруюцца ўладамі, ня маюць аніякай законнай сілы і не ўплываюць на хаду выбараў.


Падсумоўваючы, Вольга Быкоўская паабяцала, што пададзеныя ўдзельнікамі сустрэчы прапановы будуць прааналізаваныя і па магчымасьці скарыстаныя ў наступных выбарчых кампаніях.

С. Горкі

Крыніца: vitebskspring.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Права выбару

Апошнія навіны