Навіны Навіны Беларусі

«Удалы фармат, які спалучыў і аналіз зробленага, і планаванне на будучыню»: адбыўся вялікі Форум Руху «За Свабоду»

«Удалы фармат, які спалучыў і аналіз зробленага, і планаванне на будучыню»: адбыўся вялікі Форум Руху «За Свабоду»

611 Праглядаў
Больш за 50 чалавек сабраліся на трохдзённы Форум Руху «За Свабоду» пад Мінскам. Удзельнікі падвялі вынікі года і правялі стратэгічнае планаванне дзейнасці арганізацыі на наступны год.

Праца пачалася з падвядзення вынікаў 2019 года. Перад удзельнікамі выступіў старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч, намеснікі, прысутныя абласныя каардынатары, адказныя за накірункі і каардынатар Моладзі Руху. Меркаваннямі падзяліліся ўсе ахвотныя з прысутных.

Другі дзень быў прысвечаны планаванню. Абмяркавалі арганізацыйнае развіццё, жаночае і моладзевае лідарства, культурніцкія і выбарчыя кампаніі, інфармацыйнае і палітычнае пазіцыянаванне арганізацыі. Акрамя таго, дыпломамі былі ўзнагароджаныя лепшыя сябры арганізацыі па выніках працы за год.

«Мы абралі ўдалы фармат, які спалучыў і аналіз зробленага, і планаванне на будучыню. У працы форуму ўдзел прынялі прадстаўнікі моладзі, жанчыны, былыя кандыдаты на парламенцкай кампаніі, назіральнікі, актывісты, якія змагаюцца за вырашэнне лакальных праблемаў», — распавёў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён адзначыў, што пры такой шматпланавасці ўдзельнікі былі аб’яднаныя адной мэтай — дэмакратычныя перамены ў Беларусі і пабудова незалежнай і праеўрапейскай краіны.

«Мы прызнаем, што не заўсёды можам паўплываць на тое, што робяць беларускія ўлады, але тое, што мы можам рабіць і з чым паспяхова спраўляемся — гэта праца з грамадствам. Бо не аўтарытарныя ўлады павінны вырашаць, у якой краіне нам жыць», — падкрэсліў Губарэвіч.

Вынікам форуму лідар Руху «За Свабоду» застаўся задаволены. «Выдатная праца зладжанай каманды. Мы ўсе разам стварылі добры задзел на наступны год, Рух „За Свабоду“ ідзе падрыхтаваным», — заключыў старшыня Руху Юрый Губарэвіч.

«Вельмі было важна пасля завяршэння парламенцкай кампаніі сустрэцца і падвесці вынікі. Спалучэнне фармальнага і нефармальнага фармату гэтаму спрыяла. Мы пачулі меркаванні актывістаў з розных рэгіёнаў, змаглі атрымаць зваротную сувязь, узмацніць гарызантальныя камунікацыі», — распавёў свае ўражанні намеснік старшыні Віктар Янурэвіч.

«Гэта было карыснае мерапрыемства. Мы змаглi ацанiць працу Руху, знайсцi свае слабыя моманты ды абмеркаваць шляхi ix узмацнення. Таксама было цiкава пагаварыць пра бягучую палiтычную сiтуацыю у краiне i ў свеце, паслухаць пункты погляду паплечнiкаў», — адзначыла актывістка Руху «За Свабоду» з Брэста Людміла Захаранка.

I, бясспрэчна, дадала яна, сустрэчы з сябрамi заўсёды надаюць бадзёрасцi, дораць шмат пазiтыўных эмоцый.

«Я да гэтага часу ў захапленні! На форуме я як сустрэла старых сяброў, так і пазнаёмілася з новымі цікавымі таленавітымі людзьмі. Мы падвялі вынікі за мінулы год: дзяліліся ўражаннямі аб перадвыбарчай кампаніі, радаваліся поспехам і абмяркоўвалі, што можам зрабіць яшчэ лепш», — падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства сябра Моладзі Руху «За Свабоду» Анастасія Кірык.

Па яе словах, парадавала атмасфера: рабочая, і ў той жа час лёгкая, нязмушаная.

«Выдатна, што нам прапанавалі выбраць тэмы, якія нам цікавыя, я, напрыклад, удзельнічала ў абмеркаваннях жаночага і моладзевага лідэрства пад кіраўніцтвам ментаркі Валярыны Куставай. Яна пачала задаваць нам правільныя пытанні і хутка стала зразумела, на якія моманты варта звярнуць увагу і прапрацаваць», — прыгадала актывістка.

Зразумела, дадала дзяўчына, што будзе шмат працы ў наступным годзе, і «мы, моладзевае крыло Руху, вырашылі часцей збірацца разам, каб натхняць адзін аднаго, дзяліцца ідэямі на будучыню і аналізаваць ужо пройдзеныя этапы». «Наперадзе прэзідэнцкія выбары, і ад нас залежыць, чым яны стануць — чарговым расчараваннем, або шанцам на новую старонку гісторыі нашай краіны. Жыве Беларусь!» — заключыла Кірык.

«Форум — гэта новыя людзі, новыя камунікацыі. Адчуванне, што шмат адукаваных ды мэтанакіраваных людзей засталіся яшчэ ў дзяржаве. Прычым рознага ўзросту», — адзначыў актывіст Руху з Мінску Вячаслаў Вязьмін.

Па ягоных словах, «арганізацыя такіх мерапрыемстваў — клапотная справа, але гэта рабіць неабходна, каб замацоўваць стасункі ў Руху, каб людзі ведалі, чаго чакаць у будучыні, каб актыў краіны не адчуваў, што застаўся сам-насам са сваімі перакананнямі, думкамі, разважаннямі».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
  • #997 05.12.2019 22:39 @ Леанід

    Варта існуючую ўлады называць толькі ЛУКАШЭНКАЎСКАЯ. Бо гэта будзе ПРАЎДА. Жывём жа па праўдзе?...

    акі Гавэл загадваў...

Апошнія навіны