Навіны Навіны Беларусі

Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават беларускія выбары

Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават беларускія выбары

469 Праглядаў Мінск
Рэйвы на пікетах, гарачыя спрэчкі з апанэнтамі, манстрацыя і паездка ў РУУС — так «Моладзевы блёк» правёў выбарчую кампанію.
Сябра Руху «За Свабоду» Стас Шашок

— Зь Менску я, са звычайнай сям’і, з Грушаўкі. Маці фармацэўт, бацька — дробны прадпрымальнік. Некалі, праўда, быў вакалістам вядомага ў музычных колах гурту «Zartipo». З Вольскім сябраваў, можна сказаць. Маё захапленьне музыкай — гэта ад бацькі ўсё. Я яшчэ музыкай займаюся, гурт маю — «Час лайна». Граем ска-панк.

Вучыўся спачатку ў 60-й беларускамоўнай школе, потым у ліцэі БДУ. Юрфак БДУ скончыў. Спачатку думаў на гістарычны паступаць, я гісторыю добра ведаў, у алімпіядах удзельнічаў. Але потым падумаў, што трэба нешта больш практычнае. І выбраў юрфак.

Усё жыцьцё грамадзкай дзейнасьцю займаюся. Нават у 2006-м, калі меў 12 гадоў, хадзіў улёткі расклейваць за Мілінкевіча. У 2010-м мяне першы раз у аўтазак забралі. Толькі не на Плошчы, а яшчэ да яе, каля цырку. Выпусьцілі потым, але на Плошчу я не пасьпеў ужо.

Калі вучыўся ва ўнівэрсытэце, то за выбарамі назіраў. Але ў вышэйшай адукацыі нашай я вельмі хутка расчараваўся. І ў студэнтах — апатычныя, абыякавыя. На апошніх курсах трапіў на спэцыялізацыю «Дзяржаўнае кіраваньне». Са мной туркмэны вучыліся і вайскоўцы. Гэта таму, што на «Дзяржаўнае кіраваньне» звычайна траплялі тыя, хто мала балаў назьбіраў. Але там выкладалі курс «Правы чалавека». Больш нідзе на юрфаку такога не было.

Яшчэ падчас навучаньня я быў на практыцы ў Беларускім Хэльсынскім камітэце, і гэта перавярнула ўсё. Прыйшла думка заснаваць «Легалайз Беларусь». Так усё закруцілася. Я зразумеў, што 328 — гэта самая актуальная праблема ў Беларусі. Таму што грамадзтва альбо не заўважае асуджаных па гэтым артыкуле людзей, альбо лічыць іх злачынцамі. Звычайных спажыўцоў караюць тэрмінамі па 5–7 гадоў, а пра іх ніхто не гаворыць.

Я не атрымліваю грошай за працу ў «Легалайзе». Хоць яна патрабуе шмат высілкаў, волі, часу. Год адпрацаваў у арганізацыі Human Constanta, даваў кансультацыі. Можна назваць мяне прафэсійным праваабаронцам. Яшчэ нядаўна адну стажыроўку ў БХК скончыў. Стабільнай працы няма. У мяне ніколі не было такой працы, якая патрабуе працоўнай кніжкі. Ёсьць падпрацоўкі часам, гурт прыносіць нейкія грошы, на вясельлях граем. Жыву з бацькамі, на 200 даляраў у месяц магу пражыць.

Бацькі мяне заўсёды падтрымлівалі. Вядома, як звычайныя бацькі, яны хочуць, каб у мяне быў стабільны заробак, 8-гадзінны працоўны дзень, каб усё было цудоўна. Але яны мяне выхоўвалі так, каб я заўсёды меў пэўную ступень свабоды. Я гэта вельмі цаню. Лічу, што калі чалавек вольны, то ён зь цягам часу сам прыйдзе да таго, чым хоча займацца і зарабляць на жыцьцё.

Мне вельмі крыўдна за людзей, якія зьяжджаюць. Мне крыху баліць за гэта. Гэта іх выбар, але... Усё маё жыцьцё завязанае на Беларусі. Правы чалавека, палітыка. Паеду я ў Польшчу, у Амэрыку, якой палітыкай я там буду займацца? Каму там трэба мая музыка? Я нават не ўяўляю сабе, каб я зараз зьехаў. Магчыма, калі я тут рэалізуюся, то зьеду. Гадоў празь дзесяць. Папрацаваць у ААН ці ў міжнароднай арганізацыі можна паехаць. Зараз — дакладна не.

Чытайце пра іншых прадстаўнікоў «Моладзевага блоку» на Свабодзе

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны