Імпрэза, арганізаваная аршанскай радай Таварыства беларускай мовы і музеязнаўцай Таццянай Варонінай, стала працягам буйных прэзентацый даследчыцкай працы, якія даўней адбываліся ў памяць пра знакамітага пісьменніка, згадвае краязнаўца Віктар Лютынскі:
– Калісьці ў Воршы была добрая традыцыя – у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, – калі ў Воршы паходзілі не проста гарадскія, а міжнародныя канферэнцыі. Краязнаўства – гэта вельмі важная справа, для таго, каб гараджане ганарыліся сваёй малой радзімай.
У тыя часы было зроблены вельмі шмат, каб захаваць у Воршы памяць пра Уладзіміра Караткевіча: у ягоны гонар была перайменавана вуліца, пастаўлены помнік, пачалося стварэнне мемарыяльнага музею.
Але цяперашнія ўлады мала дбаюць пра тое, каб гэтая справа працягвалася. Таму ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў прынялі рэзалюцыю – зварот да старшыні райвыканкаму, дзе выказаны пажаданні, што да ўшанавання памяці пісьменніка.
У наступным годзе мае адбыцца 90-гадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча, і таму гэта надзвычай важна, кажа Юрый Нагорны, аршанскі гарадскі каардынатар Руху "За Свабоду":
– Да 90-годдзя пазначыць усе месцы, звязаныя з імем Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Указаць дамы, дзе калісьці жыла сям’я, усталяваць шыльды на школах, дзе ён вучыўся, дзе працаваў. Зрабіць указальнікі на дзвюх дзяржаўных мовах да памятных мясцін, звязаных з імем Караткевіча – музей, бацькоўская хата, вуліца, помнік, школы.
Ганна Ліпка