Навіны Аналітыка

Вынікі кампаніі: кажуць экс-кандыдаты ў дэпутаты — сябры Руху «За Свабоду»

Вынікі кампаніі: кажуць экс-кандыдаты ў дэпутаты — сябры Руху «За Свабоду»

773 праглядаў Баранавічы Віцебск Гарадок Шуміліна Наваполацк Гомель Бярозаўка Ліда Дзятлава Астравец Смаргонь Маладзечна Лагойск Смалявічы Горкі Дрыбін Магілёў Мінск Шклоў
Беларусы не вераць у выбары, але падтрымліваюць дэмакратычных кандыдатаў, бо чакаюць альтэрнатывы — уражанні сябраў Руху «За Свабоду», якія прайшлі кампанію ад пачатку і да канца.

Рух «За Свабоду»: вынікі выбарчай кампаніі. Чаму мы ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, што паспелі зрабіць і што будзем рабіць далей — прыгадваем, як прайшлі апошнія некалькі месяцаў.

Таццяна Малашчанка: «Людзі жадалі ўдачы, хаця і не верылі, што могуць прызначыць у парламент»


Сябра Руху «За Свабоду» Таццяна Малашчанка кажа, што пад час выбарчай кампаніі адчувала падтрымку людзей. «Я дзеля гэтай падтрымкі і ўдзельнічала», — кажа экс-кандыдат.

«Мне „намалявалі“ выніковыя 4,5% галасоў. Але галоўнае было, каб паказвалі кожны бюлетэнь, а гэтага не было. Былі падтасоўкі і страшныя ўкіды. Як па ўсёй Беларусі», — адзначыла Таццяна Малашчанка. Чытаць далей

Аляксандр Ільінец: Пасля выбараў не ўзялі на працу

«100%, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. Паўсюдна, колькі б кандыдатаў не балатавалася па акрузе, у праўладнага ад 75% падтрымкі. Так быць не можа», — распавёў экс-кандыдат па Віцебскай-Горкаўскай акрузе Аляксандр Ільінец.

Распавёў ён і пра асабістыя праблемы пасля выбараў. «Абяцалі пасля выбараў узяць на працу юрыстам. Паўтары месяцы чакаў гэтай вакансіі. Званіў цяпер, але пасля выбараў аказаўся не патрэбны», — кажа сябра Руху «За Свабоду». Чытаць далей

Аляксей Гаўруцікаў: «Людзі казалі: Мы за цябе»

«Гэтыя выбары закончыліся, як звычайна. Але праходзіла ўсё па-іншаму. Па выбарцам было адчуванне, ілюзія, што ўсё нармальна, ёсць шансы», — распавёў экс-кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе Аляксей Гаўруцікаў.

Ён звярнуў увагу на «гульні з яўкай». «Насельніцтва вельмі дакладна ацэньвае сітуацыю, не давярае рэжыму і ў выніку ігнаруе выбары. Тых, хто залежны — студэнтаў, бюджэтнікаў, ваенных, працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, чыноўнікаў, хворых у бальніцах — пагналі на датэрміновае галасаванне і 30% атрымалі. Але трэба было 50%, гэта нацягвалі ўкідамі і іншымі падобнымі метадамі», — упэўнены сябра Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Уладзімір Сіманковіч: «Беларусам трэба альтэрнатыва»

«У выбарчых кампаніях абавязкова трэба ўдзельнічаць. Людзі цікавіліся, бралі ўлёткі, чыталі праграмы. Ім надакучылі ўлады, ім хочацца кагосьці з альтэрнатывы, з апазіцыі», — адзначыў экс-кандыдат па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе Уладзімір Сіманковіч.

Па выніках гэтай кампаніі мы прааналізуем атрыманы досвед і выкарыстаем яго ў падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў, лічыць палітык.

Чытаць далей

Алесь Шчамлёў: «Людзям выбары абыякавыя»

«Хаця мяне ў раёне добра ведаюць і ставяцца да маёй дзейнасці станоўча, праграму ўхваляюць, але не вераць, што „прапусцяць“. Так ужо было, калі не прапусцілі ў сельсавет», — кажа экс-кандыдат па Гарадоцкай акрузе Алесь Шчамлёў.

Вынікі палітык называе міфам. «Працэнты праўладнаай кандыдаткі, якая нібыта „перамагла“, — яўна завышаныя (67%). Мне паставілі 3,76%. Добра яшчэ, што не меней аднаго», — адзначыў Шчамлёў.

Чытаць далей

Вольга Дамаскіна: «Проста нерэальная падтрымка жыхароў Наваполацка»

«Кампанія прайшла, як я і чакала. Нічога новага не адбылося. Гэта вынік таго, што ў нас выбараў няма, а дэпутатаў прызначаюць. 17 лістапада гэта яшчэ раз пацвердзілася», — кажа экс-кандыдат па Наваполацкай акрузе Вольга Дамаскіна.

Пры гэтым яна кажа, што «падтрымка ад жыхароў Наваполацка была проста нерэальная».

Чытаць далей

Уладзімір Кацора: «Каб правесці байкот, недастаткова не пайсці на выбары»

«Я прыняў рашэнне ўдзельнічаць у кампаніі, бо была верагоднасць прызначэння рэферэндуму. На шчасце, яго не было. У выніку кампанія не толькі прайшла як звычайна, умовы пагоршыліся», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе Уладзімір Кацора.

Палітык скептычна выказаўся пра прыхільнікаў т.зв. байкоту выбараў. «Байкот — гэта актыўная кампанія, а не пайсці легчы на пячы, дровы і газ ёсць, і адляжацца. Гэта слабая пазіцыя», — адзначыў палітык.

Чытаць далей

Уладзімір Няпомняшчых: Вакол усё прагніла, усю ўладу трэба мяняць

«Людзі пад час кампаніі падтрымлівалі, я гэта адчуваў. Пад час пікетаў падыходзілі, цікавіліся праграмай, падтрымлівалі, прапаноўвалі сустрэцца для далейшай размовы», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе Уладзімір Няпомняшчых.

У праграме ён прапанаваў адкліканне дэпутатаў, імпічмент Лукашэнкі, нагадаў пра прыбіральні за мільён даляраў, калі дзецям няма чым плаціць за лекі.

Чытаць далей

Ягор Грышановіч: «Вынікамі» галасавання быццам плюнулі ў твар

«Прымаць удзел у выбарчай кампаніі было даволі цікава. Гэта добры вопыт. Асабліва было прыемна, калі людзі падтрымлівалі і праяўлялі сапраўдную зацікаўленасць», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Прамысловай акрузе Ягор Грышановіч.

«Так званыя вынікі галасавання — гэта хлусня і падман! Такое адчуванне, што нахабна плююць у твар і кажуць: „Табе падалося“, а потым зноў плююць», — дадаў малады палітык.

Чытаць далей

Вітольд Ашурак: «Наша мэта была заняць трыбуну і данесці інфармацыю пра каманду і ідэі»

«Галасаванне на беларускіх выбарах — гэта спецаперацыя сілавых структураў дыктатараў, таму ўсур’ёз ставіцца да іх вынікаў не варта», — кажа экс-кандыдат па Нёманскай акрузе Вітольд Ашурак.

Ён тлумачыць, што на выбары ён і ягоная каманда пайшлі ў такіх умовах, бо «мэтай быў не ўдзел у спецаперацыі, а сама выбарчая кампанія». «І выбарчая кампанія экс-кандыдата ў дэпутаты Ашурка прайшла на выдатна. Магу сказаць гэта з усёй адказнасцю», — заявіў абласны каардынтар Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Іван Крук: «У мяне былі пікеты па ўсім раёне»

«Да маёй кампаніі мясцовыя жыхары ставіліся вельмі станоўча, — адзначыў экс-кандыдат па Смаргонскай акрузе Іван Крук. — Казалі, што ўсё ім там ясна і зразумела».

«Працягнем працу. Наперадзе ў нас яшчэ адна вялікая выбарчая кампанія», — распавёў пра свае планы Іван Крук.

Чытаць далей

Валянцін Цішко: «Выбарчая кампанія — гэта вялікі вопыт»

«Выбарчая кампанія, гэта, безумоўна цудоўна. Вялікі вопыт за плячыма, прынамсі публічных выступаў перад працоўным калектывам, па тэлебачанні», — адзначыў экс-кандыдат па Маладзечанскай акрузе Валянцін Цішко.

Ён падзякаваў сістэме за наванныя лічбы па выніках галасавання. «Не за вынікі. А за лічбы. Бо 3,7% галасоў, гэта як мінімум 2,5 тысячы чалавек падтрымкі. Гэтыя людзі стаміліся жыць так, як прапаноўваюць улады», — кажа палітык.

Чытаць далей

Ілля Дабратвор: «У людзей адабралі права выбару»

«Саму выбарчую кампанію ацэньваю вельмі станоўча. Але шкада, што ў людзей адабралі права выбару», — заявіў экс-кандыдат па Лагойскай акрузе Ілля Дабратвор.

Пры гэтым ён кажа, што пад час кампаніі было шмат новых людзей. «У дзень выбараў, пасля іх, я атрымаў шмат лістоў падтрымкі. Такую вялікую падтрымку атрымаў хіба ўпершыню за ўвесь час», — адзначыў палітык.

Чытаць далей

Андрэй Юркоў: «Казаў пра тое, што зараз турбуе людзей»

«Выбарчая кампанія прайшла добра. Асноўным быў збор подпісаў. Потым ужо публікацыя праграмы ў раннай газеце, выступ на тэлебачанні, дэбаты», — адзначыў экс-кандыдат па Горацкай акрузе Андрэй Юркоў.

Ён лічыць, каб быў сапраўдны падлік галасоў, шансы на перамогу былі б вялікія: ёсць сапраўды пазнавальнасць, з 1990-ых гадоў балатуецца, кожны раз праз збор подпісаў.

«Я жыву сярод гэтага народу. Трэба трымаць марку: працаваць сумленна, быць прыкладам для людзей. Рабі, што трэба, і будзь, што будзе», — сказаў Андрэй Юркоў.

Чытаць далей

Сяргей Тышкавец: «Калі ўжо ўлез у палітыку, у ёй застануся»

«Шмат хто адгукнуўся на маю кампанію, у інтэрнатах цэлымі групамі галасавалі, студэнты шмат пісалі», — распавёў экс-кандыдат па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе Сяргей Тышкавец. Па выніках, кажа экс-кандыдат, ён упэўніўся, што выбарчы працэс не зусім празрысты, вынікі не зусім сумленныя.

Далей ён плануе працягваць займацца палітыкай: «Раз ужо ўлез у палітыку, буду ў ёй заставацца».

Чытаць далей

Таццяна Шамбалава: «Мы не ведаем сапраўдных вынікаў галасавання»

«Мы не ведаем, што было насамрэч. Па водгуках назіральнікаў ніхто не лічыў нічога, пісалі ад балды. На дадзены момант мы ў такім становішчы, што не можам ведаць сапраўдныя вынікі», — распавяла экс-кандыдат па Шклоўскай акрузе Таццяна Шамбалава.

Па яе словах, яе грамадская праца працягнецца і пасля кампаніі. "Буду вырашаць мясцовыя праблемы, тое, што непакоіць жыхароў, старацца нешта змяняць і ў нашых умовах, прымушаць улады дзейнічаць", — распавяла палітык.

Чытаць далей

Станіслаў Шашок: «Я не сумняюся, што перамог»

"Мы правялі вельмі насычаныя два з паловай месяцы выбарчай кампаніі, падчас якой зрабілі шмат моцных і запамінальных івэнтаў", - прыгадаў экс-кандыдат па Паўднёва-Заходняй акрузе Станіслаў Шашок.

Вынікамі кампаніі ён у цэлым задаволены і не сумняецца ў тым, «што рэальна перамог у Пятроўчшыне».

«Бо я малады кандыдат і так ці інакш працаваў са студэнтамі. Мяне таму і забралі міліцыянты з выбарчага участка пад час падліку галасоў, бо я намагаўся абараніць галасы сваіх выбаршчыкаў і патрабаваў пераліку. Думаю, прыйдзе час, калі чальцам выбарчых камісій прыйдзецца адказваць за гэтыя злачынствы», — падкрэсліў сябра Руху «За Свабоду».

Чытаць далей

Загалоўнае фота Уладзь Грыдзін/Радыё «Свабода»

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны