«Я прыняў рашэнне ўдзельнічаць у кампаніі, бо была верагоднасць прызначэння рэферэндуму. На шчасце, яго не было. У выніку кампанія не толькі прайшла як звычайна, умовы пагоршыліся», — распавёў Уладзімір Кацора.
Ён кажа, што за гэты час сур’ёзнай падтрымкі на акрузе не атрымаў. «Гэта самая складаная, карпаратыўная акруга, дзе аддзел кадраў Сяльмаша на 100% кантралюе і фармуе выбарчыя камісіі, прымае захады да тых, хто не пайшоў галасаваць. Дапускаю, што гэта адзіная акруга ў Гомелі, дзе яўка была вышэй за 50%», — патлумачыў палітык.
Уладзімір Кацора зняўся з выбараў незадоўга да галасавання. «Я гэта зрабіў не толькі таму, што Лідзія Ярмошына не ўключыла прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя камісіі. Але і таму што ў апазіцыі няма шырокай падтрымкі людзей», — патлумачыў сябра Рады Руху.
Палітык скептычна выказаўся пра прыхільнікаў т.зв. байкоту выбараў. «Байкот — гэта актыўная кампанія, а не пайсці легчы на пячы, дровы і газ ёсць, і адляжацца. Гэта слабая пазіцыя. Я не бачыў ніводнай улёткі на гэтай кампаніі, што не трэба ісці на выбары», — адзначыў экс-кандыдат ў дэпутаты.
Наперадзе, адзначыў Уладзімір Кацора, іншая палітычная кампанія. «Пакуль няма падставаў лічыць, што яна перарасце ў нармальныя выбары. Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, у Беларусі не можа быць свабодных выбараў. Таму тут пытанне, ці зможа наша грамадства гэта зразумець і спаспець да таго, каб сказаць: „Хопіць!“ — на мірным пратэсце», — заключыў ён.