Навіны Навіны Беларусі

Вольга Дамаскіна: «Проста нерэальная падтрымка жыхароў Наваполацка»

Вольга Дамаскіна: «Проста нерэальная падтрымка жыхароў Наваполацка»

582 праглядаў Наваполацк
Сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна балатавалася ў Палату прадстаўнікоў па Наваполацкай акрузе № 24.

«Кампанія прайшла, як я і чакала. Нічога новага не адбылося. Гэта вынік таго, што ў нас выбараў няма, а дэпутатаў прызначаюць. 17 лістапада гэта яшчэ раз пацвердзілася», — кажа Вольга Дамаскіна.

Пры гэтым яна кажа, што «падтрымка ад жыхароў Наваполацка была проста нерэальная». «Я добра разумею, што беларусы стаміліся, што ва ўладзе людзі, якім напляваць на выбарцаў. Яны ўжо чакаюць таго моманту, калі ўсё ж такі будуць нармальныя, сапраўдныя выбары», — лічыць палітык.

Па словах Дамаскінай, пасля і ў час датэрміновага, асноўнага галасавання маім бацькам, маім знаёмым, знаёмым знаёмых званілі і пісалі: «Прагаласавалі за Вольгу».

«Рэальна шмат людзей, значна болей, чым тыя 4 тысячы, якія мяне падтрымалі па афіцыйных выніках. У мяне вялікае кола знаёмых, і ў знаёмых знаёмых. Сутыкаліся з тымі, хто мяне раней не ведаў, калі хадзілі развешвалі партрэты па крамах. Дырэктарка адной кажа: «Я вас не ведаю, але адразу вырашыла, што буду галасаваць за вас, за жанчыну», — распавяла экс-кандыдат у дэпутаты.

Яна прысутнічала на падліку галасоў на ўчастку і адзначыла непрафесіяналізм сябраў участковай камісіі. Яны не ўлічвалі патрабаванні Выбарчага кодэксу пра падлік бюлетэняў з розных скрыняў паасобку (на заўвагу сказалі, што гэта назіральнікі не чулі, а яны ўсё рабілі правільна), выкладалі бюлетэні толькі чатыры чалавекі, зразумела, што пры падліку бюлетэняў бачна не было. На гэтым участку больш за 60% прагаласавалі датэрмінова (студэнты).

Па словах Вольгі Дамаскінай, потым трэба было падтрымаць тых, хто галасаваў за яе і даведаўся пра вынікі. «Ноччу незнаёмыя людзі пісалі, пыталіся, чаму так атрымалася. Палову ночы тлумачыла, што так у нас праходзяць т.зв. выбары», — дадала актывістка. Падобная сітуацыя была і з назіральнікамі.

Надалей палітык плануе працягнуць працу з жанчынамі. «У нас склалася вялікая група людзей, якім не абыякавыя ні лёс гораду, ні краіны, якія гатовыя рабіць усё, каб нашы дзеці жылі лепей і нам не было перад імі сорамна», — заключыла Вольга Дамаскіна.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны