Навіны Навіны Беларусі

Таццяна Малашчанка: «Людзі жадалі ўдачы, хаця і не верылі, што могуць прызначыць у парламент»

Таццяна Малашчанка: «Людзі жадалі ўдачы, хаця і не верылі, што могуць прызначыць у парламент»

485 Праглядаў Баранавічы
Сябра Руху «За Свабоду» Таццяна Малашчанка была кандыдатам у дэпутаты па Баранавіцкай-Усходняй акрузе № 2.

«Я не чакала нічога звышнатуральнага ад выбарчай кампаніі, нават не варта было спадзявацца, што прапусцяць», — кажа экс-кандыдат у дэпутаты.

Пры гэтым яна прызнаецца: падтрымку людзей адчувала. «Я дзеля гэтай падтрымкі і ўдзельнічала», — дадала Малашчанка.

Збольшага, па яе словах, на пікеты падыходзілі нармальныя людзі, знаёмыя падтрымлівалі. «У касцёле ксёндз і вернікі размаўлялі са мной пра выбары, падтрымлівалі, казалі, што добра выступіла па тэлебачанні. Усе жадалі ўдачы. Хай і не верылі, што могуць прызначыць», — патлумачыла сябра Руху «За Свабоду».

Па яе меркаванні, падтрымлівалі і таму, што нехта павінны мяняць жыццё людзей.

Скарга на праўладнага кандыдата

Інфармацыя пра тое, што кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Баранавіцкай-Усходняй акрузе № 6 Павел Папко «добраахвотна-прымусова» збіраў грошы са студэнтаў БарДУ для свайго выбарчага фонду, з’явілася ў Телеграм-канале «Отчислено». З перапіскі вынікала, што збіралі па 10 рублёў.

Таццяна Малашчанка накіравала заяву ў акруговую выбарчую камісію, у якой папрасіла адмяніць рэгістрацыю Папко ў якасці кандыдата і даведацца крыніцы паступлення грошаў на ягоны выбарчы рахунак.

У адказе з выбаркама паведамлася, што ў фарміраванні выбарчага фонду Папко прымала ўдзел толькі адна студэнтка, якая добраахвотна пералічыла 8 рублёў 75 капеек.

Да сканчэння кампаніі Таццяна Малашчанка паспела падрыхтаваць і падаць яшчэ адну скаргу ў пракуратуру і абласны выканкам.

Назіранне. Укіды былі на датэрміновым галасаванні

«Мне „намалявалі“ выніковыя 4,5% галасоў. Але галоўнае было, каб паказвалі кожны бюлетэнь, а гэтага не было. Былі падтасоўкі і страшныя ўкіды. Як па ўсёй Беларусі», — адзначыла Таццяна Малашчанка.

Па яе словах, пасля такіх выбараў хочацца прыбрацца і вымыць рукі.

«Натоўпаў на ўчастках не было, выбарцаў не было», кажа экс-кандыдат. А што было? Былі роўна складзеныя бюлетэні з скрыні для датэрміновага галасавання, якія дала паглядзець камісія.

«Глядзела, а там як пад капірку каля праўладнага кандыдата прастаўленыя плюсікі ў адной манеры, як адной асадкай», — апісала сябра Руху.

Пры гэтым яна лічыць, што ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях трэба.

«Наша мэта — мяняць сітуацыю, а па дарозе можна рабіць шмат карысных справаў. І ўдзельнічаць у наступных кампаніях таму трэба. Плюс калі ідзеш не першы раз, ужо робіш гэта трохі больш прафесійна, спакойна», — заключыла Таццяна Малашчанка.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны