Навіны Аналітыка

Рух «За Свабоду»: вынікі выбарчай кампаніі

Рух «За Свабоду»: вынікі выбарчай кампаніі

738 Праглядаў
Чаму мы ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, што паспелі зрабіць і што будзем рабіць далей — прыгадваем, як прайшлі апошнія некалькі месяцаў.

Вылучэнне ў камісіі

Рух «За Свабоду» распачаў кампанію з вылучэння прадстаўнікоў у акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісія. У гэты раз мы, адзіныя з апазіцыйных арганізацыяў, закрылі іх усе — 117 (110 акруговых і 7 тэрытарыяльных).

Падобныя вынікі паказвалі хіба што праўладныя арганізацыі, але калі які БРСМ уключалі у склад з вынікам 99%, то з нашых 117 чалавек былі ўключаныя толькі 4 чалавекі (3%) — двое ў Брэсцкай, двое ў Віцебскай вобласці.

Падобная розніца ўказвае на няроўнае стаўленне да арганізацыяў, якія вылучылі прадстаўнікоў у выбаркамы.

Вылучэнне кандыдатаў ад Руху «За Свабоду»

Упершыню Рух «За Свабоду» вылучыў кандыдатаў у дэпутаты. Была скліканая адмысловая канферэнцыя, на якой у адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі, было прынятае рашэнне вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў 55 чалавек. Сярод іх Юрый Губарэвіч, Алесь Міхалевіч, Віктар Янурэвіч, Вольга Дамаскіна, Юрый Казакевіч.

Падобны крок стаў нечаканым для ўладаў, некаторы час ЦВК нават адмаўляўся улічваць кандыдатаў ад Руху. Пасля звароту з арганізацыі з’явіўся асобны спіс.

Ніводны з вылучаных ад арганізацыі кандыдатаў зарэгістраваны не быў. Аднак, мы лічым вылучэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй важным па двух прычынах.

Па-першае, мы ўказалі на неадпаведнасць Выбарчага кодэксу Канстытуцыі (Канстытуцыя дазваляе вылучаць кандыдатаў грамадскім аб’яднанням, кодэкс - не).

Па-другое, 55 вылучаных кандыдатаў указваюць на высокі патэнцыял Руху «За Свабоду». Мы можам ужо сёння казаць, што пасля зняцця абмежавання правоў грамадскіх аб’яднанняў, у нас ёсць кандыдаты на 50% выбарчых акругаў Беларусі.

На сёння шэраг вылучаных ад руху кандыдатаў прайшлі ўсе інстанцыі ў Беларусі, падрыхтаваныя скаргі ў Канстытуцыйны суд Беларусі і Камітэт па правах чалавека ААН.

Агітацыйная кампанія

Сябры Руху «За Свабоду» вылучаліся і іншымі спосабамі: збіралі подпісы, страхаваліся партыйным вылучэннем. З 52 прэтэндэнтаў былі ў выніку зарэгістраваныя 22.

Кандыдатамі ў дэпутаты не былі зарэгістраваныя шэраг моцных кандыдатаў ад Руху «За Свабоду». Перад усім, гэта старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, намеснік Віктар Янчурэвіч і сябра Рады, адзін з лідараў пратэстаў супраць завода АКБ у Берасці Раман Кісляк, якія збіралі ў сваю падтрымку подпісы.

Зарэгістраваныя кандыдаты выкарысталі агітацыйную кампанію напоўніцу: правялі пікеты ў дзясятках гарадоў, размясцілі праграмы Руху «За Свабоду» у дзяржаўных СМІ, звярнуліся да выбарцаў з экранаў дзяржаўнага тэлебачання, прынялі ўдзел у дэбатах (дзяржаўных і незалежных, арганізаваных Naviny.by), распаўсюдзілі дзясяткі тысячаў асобнікаў друкаваных матэрыялаў.

Пікет сябра Руху «За Свабоду» Івана Крука прайшоў каля АЭС, сябра Руху «За Свабоду» Ірына Амельянчук стала адным з заяўнікаў мітынгу супраць завода АКБ у Брэсце.

Такія легальныя магчымасці дэмакратычныя палітыкі, нажаль, маюць фактычна толькі пад час выбарчых кампаніяў.

Пад час агітацыйнай кампаніі праводзіўся збор подпісаў у падтрымку зменаў у заканадаўства аб мясцовым самакіраванні і прыватызацыі, якія лабіюе Рух, а таксама інфармаванне грамадзянаў па гэтых тэмах.

Назіранне і галасаванне

Рух «За Свабоду» на гэтай выбарчай кампаніі ўзяў тактыку актыўнага супрацьдзеяння фальсіфікацыям. Нашы назіральнікі не толькі пісалі скаргі ў выбарчыя камісіі на скажэнне вынікаў галасавання, завышэнне яўкі, але і складалі заявы ў міліцыю на крымінальнае злачынства.

Толькі на 107 Усходняй акрузе ў Мінску былі падрыхтаваныя 27 скаргаў і 13 заявы ў міліцыю на ўзбуджэнне крымінальных справаў за фальсіфікацыю яўкі выбарцаў, у тым ліку і старшынём Руху «За Свабоду» Юрыям Губарэвічам. Назіральнікі ад Руху «За Свабоду» на гэтай акрузе былі выдаленыя 13 разоў.

«Пад час выбарчай кампаніі была праробленая аграмадная праца. Каб мы проста яе ігнаравалі, мы б не змаглі выйсці на мільённую аўдыторыю са сваімі прапановамі, прадэманстраваць альтэрнатыву. У шэрагах арганізацыі з’явіліся новыя асобы. Мы таксама змаглі намацаць нерв ва ўладах, за які можна дзёргаць па фальсіфікацыям на выбарах — узбуджэнне крымінальных справаў», — распавёў Губарэвіч.

Па ягоных словах, «задача, якая ставілася на кампанію, была выкананая», а каб улады не абмяжоўвалі магчымасці на кожным з этапаў, было б зроблена яшчэ болей.

У прыватнасці сярод такіх абмежаванняў ён назваў неўключэнне прадстаўнікоў арганізацыі ў склад выбарчых камісіяў, нерэгістрацыю кандыдатаў, адмаўленне ў праве на дэбаты, зняццё тэлевыступаў з эфіру, папярэджанні кандыдатам, выдаленне назіральнікаў.

«Сёння ўлада трымаецца выключна на страху, запалохванні, падмане і фальсіфікацыях. У свежаабранай Палаце прадстаўнікоў людзі не маюць ніводнага дэпутата, які б прадстаўляў іх жаданне пераменаў», — заключыў Губарэвіч.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны