Навіны Навіны Беларусі

У Магілёве прэзентавалі «Стратэгію 2012»

У Магілёве прэзентавалі «Стратэгію 2012»

3446 Праглядаў Магілёў
Гэта канцэпцыя ўдзелу дэмакратычнай апазіцыі ў парламенцкіх выбарах, якія павінныя адбыцца налета.

5 сакавіка кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны пастанавіла: «Пакуль у Беларусі ёсць палітвязні, трэба байкатаваць гэтыя выбары». Аднак намеснік старшыні кааліцыі, актывіст стваранай Партыі свабоды і прагрэсу, што ўваходзіць у партнёрскую з рухам «За Свабоду» ініцыятыву «Беларускі выбар», каардынатар Руху па Магілёўшчыне Аляксандар Сілкоў выступіў адным з арганізатараў прэзентацыі:

«Калі мы заяўлялі пра свой байкот выбараў, там гучала, што калі будуць палітычныя вязні, мы не маем маральнага права ўдзельнічаць у выбарах. А калі дапусціць момант, што заўтра ўсіх выпускаюць і мы зноў застаёмся ў разбітага карыта. Каб выпрацаваць слушнае рашэнне трэба выслухаць розныя думкі».

Паводле кіраўніка Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, метадолага Ўладзімера Мацкевіча, гаварыць пра актыўны байкот выбараў 2012 году ва ўмовах расцярушанасці дэмакратычных сіл не выпадае. Як пры наяўнасці рознагалосся сярод апазіцыі і палітвязняў аўтары «Стратэгіі-2012» прапануюць прасоўваць дэмакратычныя змены?

«Гэта першы пункт, з якога трэба пачынаць падрыхтоўку да сапраўднага перамоўнага працэсу па змене палітычнага працэсу ў краіне. Калі мы паглядзім на нашу апазіцыю, то няма такога спікера, які мог бы ад імя ўся грамадства паставіць пытанне аб вызваленні палітвязняў. Я быў бы задаволены, каб такім амбудсменам стаў адзін з кіраўнікоў праваабарончых цэнтраў».

На прэзентацыю прыехаў лідар Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Мацкевіч назваў яго адным з самых дамоваздольных беларускіх палітыкаў. Мілінкевіч адказаў на пытанне радыё «Свабода», адказу на якое ад іншых удзельнікаў прэзентацыі 3 красавіка дамагаўся Мацкевіч: «Калі ж у Беларусі ўсталюецца дэмакратыя?».

«Ніхто гэтага не ведае. Дэмакратыя — гэта спосаб мыслення людзей і пакуль у іх галовах дэмакратыі няма, то цяжка сістэму ўсталяваць. Вось на плошчу выйсці ў адзіным рэвалюцыйным парыве і дыктатуры — ужо няма. Вось мы перамаглі, а што будзе на наступны дзень мы мала думаем. Мы бачылі б за мэту сваю, каб было больш людзей, якія былі б падрыхтаваныя да рэформаў».

Адзін з самых маладых палітыкаў у Магілёве, былая давераная асоба Алеся Міхалевіча Юры Стукалаў на пытанне пра ўсталяванне дэмакратыі ў Беларусі і дыялог з уладай адказаў гэтак:

«Мы спрабавалі выбудоўваць дыялог, ісці на кампрамісы, не крытыкаваць уладу, аднак за гэта атрымалі ўдар. Сумняваюся, што ў 2012 годзе што-небудзь зменіцца. Паглядзім, мо ў 2012 годзе, калі ўсім дэмакратычным сілам удасца дамовіцца, мо чаго і атрымаецца».

«Стратэгія-2012: ад дыялогу ўнутры дэмакратычных сіл да дыялогу з рэжымам» распрацаваная Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі і міжнародным кансорцыумам «Еўрабеларусь». Яе аўтары — сацыёлаг Таццяна Вадалажская і палітолаг Андрэй Ягораў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны