Навіны Навіны Беларусі

Tinder для выбарнікаў. Ілля Дабратвор

Tinder для выбарнікаў. Ілля Дабратвор

562 праглядаў
38 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік, сябра партыі Руху «За Свабоду».

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы?

— Я б ня ставіў сябе на першае месца, мы разам гэта робім. Нядаўна мы запусьцілі аўтобус рэйсавы. Дапамагаю разьвівацца Калодзішчам, дапамагаю людзям, якія да мяне зьвяртаюцца, чым змагу. Недзе гэта кансультацыі, недзе падказкі. Ну, так, як мог, так і змагаўся за незалежнасьць Беларусі.

— Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам?

— Я нідзе не заклікаю галасаваць. Спадзяюся, што перамагу і ўлады зробяць выключэньне і зафіксуюць гэтую перамогу. Мінулым разам, калі я балятаваўся, мне зьнізілі адсотак да 20%. А фактычна я перамог на акрузе. Я іду з пасылам да ўлады — давайце падлічым галасы, я гатовы прайграць, калі гэта будзе празрыста.

— Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам?

— У мяне сусед адзін зь бізнэсоўцаў. Напэўна, будуць гарантыі, што ў нас будзе закон і законнасьць і яго не пасадзяць несправядліва ў турму як бізнэсоўца.

— Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй?

— Канешне, не. Тыя, хто езьдзіць у Расею, гэта бачаць на свае вочы. У Расеі мы будзем жыць горш, чым Яраслаўская вобласьць, Валагодзкая вобласьць. Проста варта паглядзець на гэтае жабрацтва. Не кажу, што Эўразьвяз — найлепшае рашэньне, але гэта меншае зло, чым Расея.

— Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы?

— У першую чаргу буду паказваць сваім прыкладам, што варта гаварыць па-беларуску. На дэбатах я абраў беларускую мову. Акрамя свайго прыкладу, тут нічога і ня зробіш.

Калі глядзець на пагрозу незалежнасьці, якая цяпер існуе, то моўнае пытаньне адыходзіць на другі плян. Я не хачу размаўляць па-беларуску, але быць у складзе Расеі.

— Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі?

— Мяркую, няхай гэта вырашаюць мясцовыя ўлады. Мне ён ніяк не перашкаджае. Калі я не прыхільнік, то проста не пайду на яго. Дэмакратыя — гэта роўныя ўмовы для ўсіх, і калі мы дазваляем усім, то чаму павінны быць выключэньні? Кажуць пра сямейныя каштоўнасьці, але колькі страт нанёс сем’ям алькаголь, напрыклад.

Але лічу, што простым людзям гэта мала цікава. Гэта ні на што не паўплывае.

Ці можна фізычна караць дзяцей?

— Я для сябе вырашыў, што не. Можа быць нейкае іншае пакараньне. Цяпер мы жывём у такі час, калі зьявіўся інструмэнт — мабільная слухаўка. Навошта фізычны гвалт, калі можна забраць тэлефон?

— Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне?

— Ня мы далі людзям жыцьцё, і ня нам яго забіраць. Як ні круці, не павінна быць сьмяротнага пакараньня. Праблема яшчэ большая, мы робім забойцам таго, хто выконвае прысуд. Мы наогул робім масавае злачынства, бо ў ім удзельнічаюць: ахова, пракуроры, судзьдзя. Да таго ж, калі адменім сьмяротнае пакараньне, будзе выключаны момант памылкі.

— Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?

— У нашай краіне ніхто ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы. Бізнэс не адчувае сябе ў бясьпецы, чыноўнікі, простыя жыхары. На фоне такога агульнага нэўрозу Астравецкая АЭС не выглядае вострай нагодай. Мы ў Беларусі не дарасьлі да нармальнага экаактывізму і вырашэньня экалягічных праблем.

Вунь партыя «Зялёных» высунула на выбары толькі некалькіх кандыдатаў. На першы плян мы гэтую праблему цяпер ня выцягнем. Нам застаецца маліцца Богу, каб гэта ўсё не бабахнула.

— Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?

— Каб ісьці ў прэзыдэнты, трэба добрая каманда. Наступны пасьля Лукашэнкі прэзыдэнт будзе самым непапулярным чалавекам у краіне. Я, напэўна, вось проста цяпер да гэтага не гатовы, яшчэ не дарос.

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны