Навіны Навіны Беларусі

Дамаскіна: Людзі стаміліся ад таго, што іх не чуюць

Дамаскіна: Людзі стаміліся ад таго, што іх не чуюць

694 праглядаў
Ужо на гэтым тыдні ў Наваполацку, як і па ўсёй краіне, пройдуць выбары дэпутатаў у парламент. Горад у заканадаўчай улады дакладна будзе прадстаўляць новы чалавек, бо Вадзім Дзевятоўскі сваю кандыдатуру вырашыў на трэці тэрмін не вылучаць. Мы пагаварылі з адзінай жанчынай, якая трапіла ў спіс з сямі прэтэндэнтаў на месца ў Палаце прадстаўнікоў ад нафтаграду. Гэта Вольга Дамаскіна.

— Тры гады таму вы былі кандыдатам на выбарах па Полацкай гарадской выбарчай акрузе, а цяпер — па Наваполацкай. А чым падобныя і чым адрозніваюцца праблемы гарадоў-суседзяў?

– Полацк і Наваполацк блізкія, але такія розныя гарады. Калі тры гады таму я балатавалася па Полацку, то жыхары больш звярталі ўвагу на тое, што горад, маючы такую гісторыю і знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мог бы быць не толькі турыстычнай Мекай, але і гістарычнай сталіцай. А ён згубіў статус горада і ператварыўся ў звычайны райцэнтр. Палачан, як і навапалачан, хвалююць пытані працаўладкавання, добраўпарадкавання гарадоў і стан дарог. Вельмі шмат пытанняў выклікае медыцына і адукацыя.

Наваполацк адрозніваецца тым, што ўсё ж у нас шмат моладзі. Якая кажа пра тое, што горад сумны. Што вельмі мала магчымасцяй для адпачынку, менавіта культурнага адпачынку, а не розных незразумелых устаноў з алкаголем і расейскай папсой. Людзей, якія маюць дзяцей, хвалюе пытанне дзіцячых садкоў, дзіцячай паліклінікі.

Увогуле тэма медыцыны – гэта вялікая праблема для нашых гарадоў. Калі не хапае спецыялістаў, адсутнічаюць участковыя тэрапеўты і педыятары. Складана трапіць да вузкага спецыяліста (лор, акуліст...) Калі кажуць, што ў нас бясплатная медыцына, а на самой справе прыходзіцца браць платныя талоны і чакаць больш за тыдзень магчымасці трапіць на прыём. Ды і часам вельмі адрозніваецца прыём у лекара, калі ты прыйшоў платна, альбо бясплатна.

Наваполацк – горад, дзе экалогія – пытанне нумар адзін. А даведацца рэальную карцінку, як уплываюць выкіды з заводаў, сёння немагчыма.

- Прама зараз у Наваполацку даволі бурна абмяркоўваюць будаўніцтва магістралі праз жылую частку горада. Як, па-вашаму, павінен дзейнічаць у такой сітуацыі дэпутат?

– Я вельмі пільна сачу за гэтай сітуацыяй. Я не жыву ў тым раёне. Але, там жывуць мае сваякі, сябры і проста знаёмыя людзі. І я бачу, як яны змагаюцца і адстойваюць сваё права ўплываць і кантраляваць тое, што робяць гарадскія ўлады. Але, нажаль, улады горада іх не чуюць. Гэтую праблему можна было б вырашыць, калі кіраўніцтва горада павярнулася тварам да жыхароў, каб у нас дзейнічала сапраўднае мясцовае самакіраванне. Дэпутат мясцовага савета – гэта той чалавек, якога абралі гараджане. І ён павінен нараўне з імі вырашаць праблему і адстойваць інтарэсы тых, хто яго абраў.

- У Наваполацку ёсць праблемы, якія пастаянна на слыху: экалогія, напрыклад. А назавіце некалькі невідавочных праблем, якія патрабуюць вырашэння прама зараз?

– Напрыклад, набярэжная. Горад, дзе ёсць такая прыгожая рака, з вялікай гісторыяй, а ўздоўж яе няма ні добраўпарадкаваных дарожак, ні ліхтароў, ні месцаў для адпачынку. Асабліва гэта тычыцца той часткі горада, што пасля моста.

За апошні год мне давялося шмат размаўляць з жанчынамі. Што іх хвалюе ў нашым горадзе – а гэта тое, што часам прыходзіцца вяртацца позна з працы. Аўтобусы ў нас курсіруюць па цэнтральнай вуліцы, і часам, каб дайсці дадому, трэба пераадолець столькі месцаў, дзе няма ні асвятлення, ні якаснага дарожнага пакрыцця. А гэта наносіць шкоду як абутку, так і стварае для жанчын небяспечную сітуацыю.

- Падзяліцеся ўражаннямі ад выбарчай кампаніі: як рэагуюць на кандыдата ў дэпутаты гараджане, пра што пытаюць?

– Для большасці жыхароў гэта кампанія праходзіць незаўважна. Людзі стаміліся ад таго, што іх не чуюць, што не звяртаюць увагі на іх патрэбы. Яны не вераць у выбары. Не вераць таму, што ад іх рашэння будзе нешта залежыць. Вялікае расчараванне ў людзей. Шмат негатыву да выбарчай кампаніі.

А я ў гэтай кампаніі адчула такую падтрымку, якую нават і не чакала. Таму што Наваполацк – гэта мой родны горад. Тут мае сваякі, сябры, знаёмыя. Шмат хто мяне ведае. І я ўдзячна ўсім, хто мяне падтрымлівае, хто дапамагае ў гэтай кампаніі. Я люблю ўсіх вас! Вы самыя лепшыя!

- Як думаеце, чаму акрамя вас ніхто не пагадзіўся браць удзел у дэбатах?

– Гэта пытанне не да мяне, а да маіх апанентаў. Я не магу адказваць за іх рашэнні і ўплываць на іх. Напэўна ім проста не было што сказаць жыхарам горада.

Крыніца: telegra.ph

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны