Навіны Навіны Беларусі

Маладзечанская газета «прапанавала» адцэнзураваць праграму кандыдата абы чаго ня выйшла

Маладзечанская газета «прапанавала» адцэнзураваць праграму кандыдата абы чаго ня выйшла

1196 Праглядаў
Галоўны рэдактар Маладзечанскай газеты Віталій Крупянькоў «прапанаваў» кандыдату ў дэпутаты Валянціну Цішко прыбраць першы сказ праграмы Руху «За Свабоду», дзе гаворыцца пра адсутнасць дэмакрытыі і свабодных выбараў у Беларусі.

Па словах Валянціна Цішко, ён ня першы год знаёмы з галоўным рэдактарам выдання, таму, на ягоную думку, гэта звычайная перастрахоўка з боку Крупянькова. Да тэксту кандыдата рэдактар прэтэнзіяў ня меў, заўвагі былі толькі да праграмы Руху. Таму, каб выбаршчыкі маглі азнаёміцца з астатнімі пунктамі праграмы Руху "За Свабоду", кандыдат пайшоў на кампраміс з выданнем, і прыняў праўкі.

Публікацыя праграмы Руху "За Свабоду" і кандыдата ў дэпутаты Валянціна Цішко ў Маладзечанскай газеце запланаваная на сераду 30 кастрычніка. Заснавальнікамі выдання з'яўляюцца Маладзечанскi раённы выканаўчы камiтэт і Маладзечанскi раённы Савет дэпутатаў.

Ніжэй апублікаваны тэкст праграмы Руху "За Свабоду" разам з выразаным кавалкам, які не пабачаць выбаршчыкі з Маладзечна ў мясцовай газеце:

"̶С̶ё̶н̶н̶я̶ ̶ў̶ ̶Б̶е̶л̶а̶р̶у̶с̶і̶ ̶а̶д̶с̶у̶т̶н̶і̶ч̶а̶е̶ ̶д̶э̶м̶а̶к̶р̶а̶т̶ы̶я̶ ̶і̶ ̶с̶в̶а̶б̶о̶д̶н̶ы̶я̶ ̶в̶ы̶б̶а̶р̶ы̶, мы знаходзімся ў вялікай залежнасці ад Расіі, дыялог з Захадам – нетрывалы. Рух «За Свабоду» ва ўмовах пагрозаў суверэнітэту выступае за безумоўна незалежную Беларусь і заклікае абараняць яго ўсімі спосабамі, права на якія нам дае Канстытуцыя.

Восем крокаў для новай Беларусі. Бачанне Руху «За Свабоду»

Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Беларусі патрэбныя свабодныя, дэмакратычныя, празрыстыя выбары. Мы выступаем за прыняцце новай Канстытуцыі, якая замацуе парламенцка-прэзідэнцкую форму кіравання і адновіць рэальны падзел уладаў, самастойнасць заканадаўчага органа, эфектыўны парламенцкі кантроль за дзейнасцю ўрада.

Стварэнне мясцовага самакіравання замест «прэзідэнцкай вертыкалі ўлады». Наша прапанова - аўтаномнае мясцовае самакіраванне і замена «прэзідэнцкай вертыкалі ўлады» выбарнасцю кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Не інфармаванне, а ўдзел грамадзян у прыняцці рашэнняў пад час грамадскіх слуханняў.

Справядлівы суд. У Беларусі павінна быць створаная судовая сістэма, вольная ад палітычнага ўціску, суддзі мусяць быць кампетэнтнымі, карыстацца даверам грамадзян, прысуды павінны быць матываванымі, абгрунтаванымі, законнымі і справядлівымі.

Новая сістэма нацыянальнай бяспекі: войска пад грамадскім кантролем і з апорай на беларускую гісторыю. Беларусь мусіць зрабіцца сапраўды нейтральнай краінай, што патрабуе выхаду з вайсковага блоку АДКБ і вываду замежных вайсковых аб’ектаў. Рух «За Свабоду» выступае супраць т.зв. «закона аб адтэрміноўках».

Шлях Беларусі да еўраатлантычнай супольнасці. Стратэгічнай мэтай з’яўляецца ператварэнне краіны ў рэальнага суб’екта міжнародных адносін, стасункі мусяць будавацца на падставах мэтазгоднасці і адпаведнасці нацыянальным інтарэсам.

Пераход ад перажыткаў каманднай эканомікі да вольнага рынка. У Беларусі павінна прайсці лібералізацыя рынкаў, створаныя інстытуты адкрытай рынкавай эканомікі, адноўленае права прыватнай уласнасці на зямлю.

Якасная медыцына з чалавечым абліччам. Фінансаванне медыцынскай галіны павінна быць палепшанае, сістэма аховы здароўя Беларусі мусіць перайсці да страхавой мадэлі, за аснову лячэння павінны быць узятыя еўрапейскія стандарты.

Новая сістэма адукацыі для еўрапейскай будучыні. Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць навучэнцаў да жыцця, абавязковае размеркаванне выпускнікоў павінна быць адмененае, установы адукацыі павінны зрабіцца нацыянальнымі і пры гэтым быць уключанымі ў Еўрапейскую прастору.

Голас за кандыдатаў, якія вылучаюцца пры падтрымцы Руху «За Свабоду», - гэта голас за незалежную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь!"


Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны