Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч: Сябры выбарчых камісій будуць навыперадкі бегчы, каб расказаць пра злачынствы і атрымаць меншае пакаранне

Губарэвіч: Сябры выбарчых камісій будуць навыперадкі бегчы, каб расказаць пра злачынствы і атрымаць меншае пакаранне

869 Праглядаў
Старшыня Руху «За Свабоду» не змог атрымаць копіі падпісных лістоў з заўвагамі выбарчай камісіі. Яму не далі іх сфатаграфаваць, матываваўшы адмову тым, што там указаныя пашпартныя звесткі выбарнікаў.

«Дык я ж сам гэтыя пашпартныя звесткі і збіраў!» — здзіўляецца Юрась Губарэвіч і падкрэслівае, што калі б у яго на руках былі падрабязныя звесткі пра недахопы, ён мог бы эфектыўна папрацаваць з гэтай інфармацыяй. І, у тым ліку, больш канкрэтна абскардзіць адмову аб нерэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты.

— Я падаў скаргу ў гарадскую камісію, — апавядае Юрась Губарэвіч «Беларускаму партызану». — Праўда, часу на абскарджанне даецца вельмі мала — падобна, ніхто не зацікаўлены ў тым, каб кандыдаты змаглі схадзіць на адрасы тых, хто падпісаўся, і ўзяць, напрыклад, пацверджанне, што гэтыя людзі сапраўды ставілі свой подпіс у маім падпісным лісце. Я прасіў даць мне магчымасць зрабіць копіі падпісных лістоў з заўвагамі, каб ведаць, якія прэтэнзіі выстаўленыя. Я мог бы паўторна схадзіць да гэтых людзей, сфатаграфаваць пашпартныя звесткі. Узяць пацверджанне, што яны сапраўды паставілі за мяне свой подпіс — гэта значыць сабраць нармальную доказную базу. Але я не магу гэтага зрабіць, мяне пазбаўляе на гэта права акруговая камісія.

— Але Вам паказалі хоць бы некалькі прыкладаў — напрыклад, тут памылка ў даце, тут — нельга разабраць подпіс? Ці ўвогуле нічога?

— Я настойваў на сваім праве зрабіць копіі, каб ведаць, дзе якая канкрэтная (!) памылка. Паводле падлікаў камісіі, у маіх падпісных лістах 120 подпісаў, да якіх ёсць прэтэнзіі. А ўсяго я здаў 1123 подпісы.

Натуральна, калі б старшыня камісіі проста прагартала перад маім тварам гэтыя лісты з заўвагамі, я мала што запомніў бы, і з гэтым было б нерэальна весці канкрэтную працу. Таму я прасіў зрабіць копію ці проста сфатаграфаваць заўвагі на тэлефон. Але атрымаў адмову, матываваную тым, што там указаныя пашпартныя звесткі людзей. Парадокс у тым, што я прынёс гэтыя пашпартныя звесткі ў камісію, гэта людзі за мяне паставілі подпіс!

— Вы спадзеяцеся, што Вашу скаргу задаволяць?

— Я напісаў у скарзе, што не было магчымасці дэталёва ва ўсім разабрацца. Але з падобным я сутыкаюся не ўпершыню. Напрыклад, камісія робіць выгляд, што не можа разабраць нейкую лічбу, і ўважае гэта за памылку. Хоць вельмі часта лічбы сваімі рукамі запісваюць у падпісны ліст самі выбарнікі — яны маюць на гэта права. Дзіўна казаць, што гэта памылка ў нумары пашпарта, калі лічба напісаная проста не вельмі акуратна.

Спадзяюся, калі мая скарга будзе разбірацца на пасяджэнні Менскай гарадской камісіі, я змагу зрабіць копіі, каб надалей была магчымасць звярнуцца ў суд.

— Слухайце, а можа, і Вы вінаватыя ў тым, што падпісныя лісты аформленыя з памылкамі? Можна, напэўна, было б усё пераправерыць трыста разоў і запоўніць іх так, каб нельга было прычапіцца нават да коскі?

— Цяжка ацаніць, памылкі гэта ці не — у мяне няма на руках падпісных лістоў з заўвагамі камісіі. Але ў пастанове камісіі не сказана, што хоць адзін з подпісаў быў сфальсіфікаваны. Бываюць сітуацыі, калі спрабуюць маніпуляваць і здаюць непраўдзівыя подпісы. Але ў гэтай сітуацыі наша каманда спрацавала выдатна, і ніводнай прэтэнзіі да сабраных подпісах няма, яны ўсе сапраўдныя. Але ёсць апіскі, розначытанні ў напісанні літараў і лічбаў. Подпісы збіраюцца на пікетах, іншы раз выбарнік спяшаецца кудысьці і кажа: давайце я сам запоўню падпісны ліст, таму што мне трэба хутчэй ісці.

Іншае пытанне, калі б мы наймалі людзей, якія маюць каліграфічны почырк і менавіта яны хадзілі і збіралі подпісы, то, баюся, гэта быў бы доўгі працэс. Гэта вялізарны аб’ём працы! Трэба абысці шмат кватэраў, каб атрымаць подпіс людзей, якія ў большасці сваёй расчараваныя ў тым, што робіць улада. І таму выбары яны ўспрымаюць як нейкую кампанію, якая неабходная не людзям, не апазіцыі, а менавіта ўладам. Таму дзверы, як правіла, зачыняюцца перад носам зборшчыкаў подпісаў, калі гаворка ідзе пра выбары.

Думаю, нават калі б падпісныя лісты былі аформленыя ідэальна, усё роўна знайшлі б да чаго прычапіцца. Гэта палітычны заказ. У людзей знаходзяць «Запарожцы», прададзеныя за тры даляры, і гэта становіцца прычынай для нерэгістрацыі. У той самы час я перакананы, што да праўладных вылучэнцам стаўленне зусім іншае, на многія рэчы заплюшчваюцца вочы. Хаця ў іх сапраўды такія ж зборшчыкі подпісаў, як і ў нас. Але іх падпісныя лісты праходзяць, таму што ў тых жа выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў апазіцыі, якія маглі б сказаць: а давайце параўнаем гэты пакет подпісаў і гэты, заўвагі там зусім аднолькавыя.

— Як думаеце, ці пачулі чальцы выбарчай камісіі Вашыя словы пра тое, што фальсіфікацыя выбараў — гэта злачынства, якое не мае тэрмінаў даўніны і рана ці позна ім давядзецца адказаць за свае дзеянні?

— Баюся, што ўжо прайшла настолькі шматузроўневая селекцыя чальцоў камісій, што яны проста не задумваюцца пра сваю будучыню.

Але дыктатура не вечная. І рана ці позна яна скончыцца.

Маніпуляцыямі ж не толькі ўчастковыя камісіі займаюцца, але і акруговыя, у нас ёсць факты. Усё гэта рана ці позна адкрыецца, і сябры камісій будуць навыперадкі бегчы, каб расказаць пра злачынствы і атрымаць меншае пакаранне. Гэта справа будучыні.

— Лідзія Ярмошына цяпер часта сустракаецца з прэсай, гаворыць пра выбары. Не хочаце ёй наўпрост расказаць пра тое, як арганізаваная праца камісій?

— Баюся, што мяне не дапусцяць да яе. І Лідзія Ярмошына ўсяляк пазбягае падобных дыскусій сам-насам. Я ўжо столькі разоў звяртаўся да таго ж Генадзя Давыдзькі правесці дэбаты — і нерэгістрацыя мяне дэпутатам, верагодна, якраз адказ на маю просьбу. Цяпер сапраўды ніякіх дэбатаў не будзе.

Для ўлады небяспечныя сустрэчы ў працоўных калектывах, дзе прысутнічае кандыдат ад улады і прадстаўнік апазіцыі. Гэта для чыноўнікаў вялікая стрэсавая сітуацыя! Уладам сёння няма чаго сказаць людзям. І людзі вельмі негатыўна ўспрымаюць любых стаўленікаў улады. Таму ім лепш пазбавіцца ад канкурэнтаў і правесці выбары ў адносна стэрыльнай атмасферы, каб было менш праблемаў.

Крыніца: belaruspartisan.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны