Навіны Навіны Беларусі

Не зарэгістраваныя амаль усе вылучэнцы Руху «За Свабоду» ў Мінску

Не зарэгістраваныя амаль усе вылучэнцы Руху «За Свабоду» ў Мінску

923 праглядаў Мінск Астравец
Сярод незарэгістраваных у якасці кандыдатаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч і ягоны намеснік Віктар Янчурэвіч, якія вылучаліся зборам подпісаў.

Акруговая камісія палічыла частку подпісаў несапраўднымі

Паседжанне выбаркама 107 Усходняй акругі, дзе вылучаўся Губарэвіч, прайшло 17 кастрычніка. Пад час разгляду члены камісіі агучылі, што знойдзеныя недаставерныя подпісы «па розных падставах Выбарчага кодэксу». Прычым, прычыны агучаныя не былі.

«Такой адмовай ЦВК стрэліла сабе ў нагу, даючы мне магчымасць выступу па тэлебачанню ў якасці даверанай асобы дзесяткаў кандыдатаў ад Руху „За Свабоду“», — пракаментаваў адмову лідар Руху «За Свабоду».

Адмову іншым рухаўскім кандыдатам у Мінску Юрый Губарэвіч ацаніў як татальную зачыстку.

Вылучэнне шляхам збору подпісаў улады выкарыстоўваюць для выціскання моцных кандыдатаў

68 подпісаў прызнала несапраўднымі выбарчая камісія Партызанскай 110 акругі у Віктара Янчурэвіча. У асноўным, як распавёў кандыдат, сярод прэтэнзіяў — несупадзенне нумароў пашпартоў, што можа быць тэхнічнай памылкай, і адрасоў рэгістрацыі.

«Па акрузе ўсе кандыдаты, што ішлі шляхам збору подпісаў, атрымалі адмовы ў рэгістрацыі. Акрамя праўладнага, які быў прадубляваны вылучэннем ад працоўнага калектыву. Подпісы даюць падставы распраўляцца з няўгоднымі кандыдатамі. Пры гэтым менавіта збор подпісаў — гэта наўпроставая камунікацыя з людзьмі, якая дэманструе давер і падтрымку сярод выбаршчыкаў», — пракаментаваў рашэнне камісіі намеснік старшыні Руху.

Не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата і сябра Рады Руху «За Свабоду» Раман Кісляк, які вылучаўся ў групе праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ у Брэсце па Цэнтральнай акрузе № 2. У ягоную падтрымку былі здадзеныя 1400 подпісаў.

Па ягоных словах, выбаркам знайшоў несапраўдныя подпісы, а таксама палічыў жоўтыя кепкі і сцягі з надпісам «Жыві» агітацыяй.

«Улады спужаліся нашай актыўнасці і таго, што мы вылучаемся на фоне супернікаў», — адзначыў Кісляк.

Памылкі ў дэкларацыях

Некалькі вылучэнцаў таксама не былі зарэгістраваныя праз памылкі ў дэкларацыях. У сябра Руху «За Свабоду» Аляксандра Русевіча, які вылучаўся па 108 акрузе, «знайшлі» «Запарожац», які быў прададзены яшчэ ў 90-ых гадах.

«Кошт гэтай машыны на сёння — гэта абсалютна неістотная частка дэкларацыі. Цалкам магчыма, што рашэнне было прынятае дзяржавай, каб я ім болей не перашкаджаў», — адзначыў Русевіч.

«Хто трэба ўладам, той прайшоў. А тут недакладнасць у дэкларацыі замест яе выпраўлення выкарыстоўваецца, як падстава: ёсць памылка, ёсць праз што не ўзяць незалежнага кандыдата. І не ўзялі», — пракаментавала адмову ў рэгістрацыі па Бярэзінскай акрузе № 61 сябра Руху Інна Яўмеенка.

А вось сябру Руху «За Свабоду» Івану Круку атрымалася адбіцца ад прэтэнзіяў выбаркама, і ён быў зарэгістраваны кандыдатам па Смаргонскай акрузе № 59.

«Мне сказалі, што я не ўказаў машыну. Я кажу, дык пакажыце мне гэтую машыну. Паглядзеў у дакументы, а там месца жыхарства не ўказана гаспадара і год нараджэння зусім другі», — патлумачыў Крук.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны