Навіны Навіны Беларусі

З аварыйнасцю на дарогах у Салігорску змагаюцца з дапамогай святароў

З аварыйнасцю на дарогах у Салігорску змагаюцца з дапамогай святароў

930 Праглядаў Салігорск
У Салігорску праваслаўны святар асвяціў небяспечныя пераходы. Сябра Руху «За Свабоду» Павел Батуеў паспрабаваў разабрацца, за чый кошт і як ацэняць эфектыўнасць абраду.

Абрад быў праведзены 11 кастрычніка, пра што інфармацыя з’явілася ў суполцы «Солигорские автолюбители». Па інфармацыі аўтара, святар пабываў на трох пешаходных пераходах.

Разабрацца ў сітуацыі Батуеў паспрабаваў, звярнуўшыся у Салігорскі РАУС. У прыватнасці, актывіст Руху папрасіў патлумачыць, ці было мерапрыемства ўзгодненае з мясцовым ДАІ, хто аплаціў кошт паслугаў святара, ці «была складзеная дамова пра аказанне паслугаў ці прадугледжанае вяртанне сродкаў, у выпадку адсутнасці чаканага зніжэння аварыйнасці на ўчастках дарогаў, дзе быў праведзены абрад».

«Якія методыкі будуць праведзеныя для ацэнкі эфектыўнасці праведзенага абраду?» — спытаў таксама Павел Батуеў.

Акрамя таго, актывіст пацікавіўся, ці будуць у выпадку неэфектыўнасці абраду праведзеныя аналагічныя з удзелам ксяндзоў, равінаў, ламаў, імамаў, шаманаў ці друідаў і ці азначае з’яўленне праваслаўна святара, што у ДАІ разглядаюць «зварот да нейкіх вышэйшых сілаў як адзіна магчымы спосаб зніжэння аварыйнасці».

«У Салігорску склалася абсалютна ненармальная сітуацыя. Пад будаўніцтва жылога дома ў дзяцей адбіраюць стадыён, і вучні школы № 2 больш за два гады не маюць яго, бо, маўляў, бракуе зямлі, але зямля пад будаўніцтва чарговай царквы раптам знаходзіцца. Папы атрымліваюць грант ад ПРА ААН на прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў і задаешся пытаннем: вы якім бокам да гэтага?» — запытаўся Батуеў.

Ён прывёў такую статыстыку: «20 прыходаў РПЦ і ніводнага апарату МРТ — гэта пра Салігоршчыну — самы багаты рэгіён Беларусі».

«Замест выкарыстання інжынерна-тэхнічных рашэнняў — асвячэнне пераходаў для зніжэння аварыйнасці — гэта ўжо выхад далёка за межы адэкватнасці. Што далей? Малітвы пра рост заробкаў? Хросны ход за зніжэнне інфляцыі? Замена звычайных школаў на царкоўна-прыхадскія, а шпіталяў на багадзельні?» — дадаў актывіст.

Ужо пасля таго, як Батуеў адправіў зварот у ДАІ, стала вядома, што на адным з тых пераходаў збілі чалавека. «Добра што чалавек застаўся жывы, але калі карыстацца мэтадамі сярэднявечча, так будзе шанцаваць не заўсёды», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны