Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» патрабуе ад ЦВК улічыць сваіх кандыдатаў

Рух «За Свабоду» патрабуе ад ЦВК улічыць сваіх кандыдатаў

551 прагляд Мінск
Скаргу на неўключэнне вылучаных на канферэнцыі кандыдатаў Рух «За Свабоду» накіраваў у Цэнтрвыбаркам.

28 верасня ў Мінску адбылася Канферэнцыя Руху «За Свабоду». У адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі, было прынятае рашэнне вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў 55 чалавек.

«З 30 верасня па 7 кастрычніка адбываўся працэс падачы дакументаў кандыдатамі, вылучанымі ПАГА «Рух „За Свабоду“ у акруговыя камісіі. Ва ўсіх выпадках дакументы былі прынятыя, пра што былі зробленыя запісы ў журналах рэгістрацыі», — адзначана ў звароце ў ЦВК.

Але інфармацыя пра факт падачы прадстаўнікамі ПАГА «Рух «За Свабоду» дакументаў адсутнічае на сайце і ў зборнай статыстыцы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пры гэтым не было і адмоваў у рэгістрацыі, рашэнне пра гэта прымаюць выбаркамы, але падобных паседжанняў акруговых камісіяў пакуль не было.

У сувязі з гэтым, Рух просіць патлумачыць, чаму і кім было прынятае рашэнне не ўключаць у справаздачы кандыдатаў ад арганізацыі, прыцягнуць да службовай адказнасці вінаватых і «выправіць сітуацыю і ўнесці ў статыстычную справаздачнасць дадзеныя пра асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты ПАГА «Рух „За Свабоду“».

«Падобныя паводзіны Цэнтрвыбаркаму — гэта свядомае замоўчванне і скажэнне статыстычных дадзеных», — ацаніў дзеянні ЦВК старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён нагадаў, што раней ЦВК таксама адмовіў Руху «За Свабоду» ва ўліку ў статыстычнай справаздачнасці па вылучэнню ў акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі. Пры гэтым арганізацыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўсе з іх.

«Службовая асоба, якая прыняла рашэнне пра выключэнне кандыдатаў Руху са справаздачнасці, пайшла на перавышэнне паўнамоцтваў і адступленне ад патрабаванняў закона», — заключыў Юрый Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны