Навіны Навіны Беларусі

«Наша справа»: моладзевы форум сабраў поўную залю

«Наша справа»: моладзевы форум сабраў поўную залю

1146 Праглядаў Мінск
Моладзь Руху «За Свабоду» правяла другі форум «Наша справа», на які сабраліся больш за 90 чалавек.

«На форуме было больш за 90 чалавек розных поглядаў, з розных універсітэтаў. Рэпер Вожык распавёў, як гэта працаваць ідэолагам у Сянне на Віцебшчыне. Мікіта Броўка, як рабіць бізнес у неспрыяльных умоваў. Ганна Канапацкая, як прасоўваць законы, калі 109 чалавек у Палаце прадстаўнікоў супраць. Наста Пігуліна, як рабіць клёвы SMM», — распавёў адзін з арганізатараў форуму, сябра Рады Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка.

Акрамя таго, па ягоных словах, перад удзельнікамі выступілі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, а таксама пра выбарчую кампанію і магчымасці ўдзельнічаць у назіранні распавяла сябра Рады Руху Вікторыя Таболіч.

Семяненка ацэньвае форум як паспяховы. «Форум мы робім другі год запар. У мінулым годзе мы агулам сабралі каля 28 чалавек, у гэтым — 95 чалавек. Мы змянілі памяшканне, амаладзілі аўдыторыю і лектараў, і па выніку прыйшло больш людзей», — падкрэсліў сябра Рады.

«Важна праводзіць такія мерапрыемствы, бо ў праваабаронча-асветніцкая дзейнасць Руху скіраваная на больш дарослае пакаленне, якое перажыла цяжкія рэвалюцыйныя падзеі 2006 і 2010 гадоў. А моладзь таксама патрабуе сацыяльнай і інфармацыйнай падтрымкі, хоча пабачыць такіх жа маладых людзей, якія змагаюцца за свае правы, дапамагаюць адзін аднаму і распавядаюць, як гэта адбываецца», — заключыў Мікіта Семяненка.

«Форум „Наша справа“ — гэта распаўсюд ідэй не проста Руху „За Свабоду“, але і беларусізацыі, ведаў пра палітыку. У нашай краіне дзяржава не забяспечвае веды палітычнай адукацыі — ёй не выгодна, а гэта вельмі важна і без гэтага асоба не фармуецца належным чынам», — адзначыла адна з арганізатараў форуму Вікторыя Рудзянкова.

Акрамя таго, на форуме, дадала яна, сабралося вялікае кола аднадумцаў, з якімі можна было абмяняцца ведамі, завязаць сувязі і кантакты.

«Форум атрымаўся паспяховым. Усім спадабалася, усе былі шчаслівыя», — заключыла Рудзянкова.

Даволі паспяховым назвала форум і яшчэ адна з арганізатараў Лізавета Шумякова: прыйшло даволі шмат людзей (не атрымалася так, што абяцалі і не прыйшлі, не было так, што шмат, хто сышоў), былі сапраўды класныя хэдлайнеры.

Яна прапанавала зрабіць на будучыню большыя перапынкі, акрамя таго, адзначыла, што на адну лекцыю трохі не хапіла часу, акрамя таго, не ўсе заяўленыя тэмы адпавядалі таму, што распавядалі выступоўцы.

«Мы насамрэч прыцягнулі людзей, якія да гэтага часу былі абыякавыя да тэмы палітыкі, беларускага актывізму, паказалі, што мы не вар’яты апазіцыянеры, а звычайныя людзі, якія могуць ладзіць класныя мерапрыемствы», — адзначыла Шумякова.

Актывістка адзначыла, што ёй вельмі спадабалася арганізоўваць форум — камунікаваць з удзельнікамі, адказваць на іх пытанні — і хацелася б у далейшым ладзіць болей падобных мерапрыемстваў.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Моладзь Руху

Апошнія навіны