Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» завершыў падрыхтоўку да канферэнцыі для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты

Рух «За Свабоду» завершыў падрыхтоўку да канферэнцыі для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты

1255 Праглядаў Віцебск Брэст Магілёў Гродна Гомель
Тэрытарыяльныя сходы прайшлі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — завершыліся яны сустрэчамі ў Віцебску і Гродна — абраныя дэлегаты.

На пачатку сходу ў Віцебску лідэр Руху Юрась Губарэвіч расказаў пра ўдзел грамадзкай арганізацыі ў фармаваньні выбарчых камісій. Палітычная структура змагла вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 117 камісій (110 акруговых, абласныя і менская гарадзкая), паведамляе "Віцебская Вясна".

Па словах палітыка, такую колькасьць сябраў змаглі вылучыць хіба што «Белая Русь» ды БРСМ. Але ў той час калі ад «Белай Русі» ў выбаркамы патрапілі 115 чалавек, то ад Руху «За свабоду» — толькі чатыры. Такім чынам, на думку Губарэвіча, пра нейкія «роўныя ўмовы» пры фармаваньні камісій казаць не выпадае.

Дарэчы, два сябры арганізацыі былі ўключаныя ў склад акруговых камісій у Віцебскай вобласьці. У прыватнасьці, у камісію Докшыцкай выбарчай акругі № 22 уключаны Аляксей Гаўруцікаў, Пастаўскай выбарчай акругі № 29 — Сяргей Хвасьцёнак.

Экспэрт: Грамадзкія абʼяднаньні маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў

Абмеркавалі на сходзе і ініцыятыву вылучыць сваіх кандыдатаў на зьезьдзе, як гэта звычайна робяць зарэгістраваныя палітычныя партыі. Наколькі гэта правамерна, распавёў кандыдат юрыдычных навук, дацэнт ВДУ імя Машэрава Анатоль Пятроў, які быў адмыслова запрошаны на сход у якасьці экспэрта.

Анатоль Пятроў паведаміў, што, паводле дзейнай Канстытуцыі РБ, грамадзкія абʼяднаньні маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў.

Экспэрт спаслаўся на арт. 69 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадзкім абʼяднаньням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасьці з законам». А таксама — на арт. 5, згодна зь якім «палітычныя партыі, іншыя грамадзкія абʼяднаньні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў РБ, садзейнічаюць выяўленьню і выказваньню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах».

Аднак у Выбарчым кодэксе пра права вылучаць грамадзкімі абʼяднаньнямі сваіх кандыдатаў нічога не гаворыцца. Артыкулы 62, 63 і 65 апісваюць працэдуры вылучэньня палітычнымі партыямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі шляхам збору подпісаў. І тут выбарчае заканадаўства пачынае супярэчыць Канстытуцыі, заўважае Анатоль Пятроў.

Але, паводле экспэрта, прыярытэт у такім выпадку мае Канстытуцыя. Бо ў арт.137 ясна гаворыцца: «Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжаньня закона, дэкрэта або ўказу з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя».

Калі акруговыя камісіі будуць адмаўляць у рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты вылучаных арганізацыяй сябраў, Анатоль Пятроў раіць абскарджваць адмовы ў судовым парадку. Такім чынам можа быць створаны прэцэдэнт.

«Трэба быць гатовымі выйсьці на вуліцы»

Закранулі на абласным сходзе Руху «За свабоду» і тэму магчымай інтэграцыі з Расеяй.

На думку Юрася Губарэвіча, калі будуць падпісаныя дакумэнты і ўлады агучаць канкрэтныя крокі, грамадзкасьць ускалыхнецца, людзі могуць выйсьці на маштабную пратэстную акцыю. Менавіта масавы вулічны пратэст зможа напалохаць гэтую ўладу і прымусіць адмовіцца ад паглыбленай інтэграцыі з усходняй суседкай.

«Трэба быць гатовымі хутка мабілізавацца і выйсьці на вуліцы, калі будуць падпісвацца інтэграцыйныя дакумэнты», — заявіў лідэр Руху «За Свабоду».

У заключнай частцы сходу прысутныя абралі 5 дэлегатаў на агульнарэспубліканскі зьезд, які пройдзе ў Менску 28 верасьня. На зьезьдзе ж і плянуецца вылучыць кандыдатаў у дэпутаты з усёй Беларусі.

Пытанне абароны незалежнасці закраналі і на гомельскім сходзе. Задачы сходу патлумачыў удзельнікам сябра Рады Руху Уладзімір Кацора, сябра Рады Вольга Быкоўская распавяла, як праходзіць кампанія актывістаў арганізацыі і неабходнасці выкарыстоўваць магчымасці выбарчага часу для ўзняцця праблемы абароны незалежнасці краіны.

Падтрымаў правядзенне канферэнцыі сябра Руху Дзяніс Рабянок. Мы навязваем такім чынам уладам сваю ідэю, лічыць ён.

Адным з асноўных пытанняў схода ў Брэсце акрамя выбара дэлегатаў была неабходнасць дапамогі палітыкаў пад час кампаніі вырашэнню мясцовых праблемаў. Асабліва гэтая прапанова была актуальная для гэтага абласнога горада, дзе сярод вылучэнцаў у кандыдаты - сябра Рады Руху і актывіст групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Раман Кісляк.

Удзельнікі магілёўскага схода засяродзіліся на абмеркаванні кампаніі мясцовага кандыдата, а гродзенскага пасля выбара дэлегатаў абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне і краіне.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны