Навіны Навіны Беларусі

«Мы супраць гвалтоўнага ўшчыльнення». Жыхары квартала каля Акадэміі навук нязгодныя з праектам забудовы

«Мы супраць гвалтоўнага ўшчыльнення». Жыхары квартала каля Акадэміі навук нязгодныя з праектам забудовы

1368 Праглядаў Мінск
Увесну адміністрацыя Першамайскага раёна ладзіла грамадскае абмеркаванне праекта забудовы квартала ў межах вуліц Якуба Коласа — Калініна — Кузьмы Чорнага — Сурганава. Двары квартала прапанавалі ўшчыльніць шматпавярховым домам, дзіцячым садком, цэнтрам адпачынку і некалькімі паркінгамі. На прэзентацыі праекта многія жыхары квартала выказаліся супраць намераў горадабудаўнікоў.

Тэма ўшчыльнення аказалася настолькі актуальнай для мясцовых жыхароў, што ўзгадваецца і падчас кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Квартал, пра які дзе гутарка, знаходзіцца на тэрыторыі Усходняй выбарчай акругі №107. Тут сваю кандыдатуру ў дэпутаты ніжняй палаты парламента высунуў старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Адначасова палітык з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы жыхароў квартала. Адмыслова для Blizko.by спадар Юрась расказаў, на якой стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта забудовы і чым зараз займаюцца актывісты.
– Зараз мы чакаем ад чыноўнікаў афіцыйнага адказу на наш зварот. Мы хочам убачыць новую версію праекта дэталёвага планавання (ПДП). Гэтая сітуацыя цягнецца з лета. Напрыканцы чэрвеня мы звярнуліся да старшыні Мінгарвыканкама Анатоля Сівака. Ён адказаў, што праект знаходзіцца на стадыі перапрацоўкі: у ім мусяць улічыць заўвагі жыхароў квартала. Мінула 3 месяцы, але ніякай канкрэтыкі пакуль няма.
Ёсць небяспека, што ўлады зацягваюць час, каб па завяршэнні парламенцкай і прэзідэнцкай кампаній вярнуцца да першапачатковай версіі праекта. Паводле гэтай версіі квартал плануюць ушчыльніць не толькі паркінгамі, але і шматпавярховікам, і цэнтрам адпачынку. То бок, усім тым, супраць чаго пратэставалі жыхары.
Мясцовыя не сядзяць у чаканні рашэння ўладаў, а вырашылі рашуча дзейнічаць, паведаміў Юрась Губарэвіч.
– Мы распачалі збор подпісаў за перапрацоўку праекта з улікам меркавання жыхароў квартала. Мы спадзяемся сабраць багата подпісаў, каб пераканаць улады ў тым, што гэтая сітуацыя хвалюе вялікую колькасць людзей. Рэалізацыя праекта без уліку стаўлення да яго жыхароў можа спрычыніцца да росту сацыяльнай напружанасці. Людзі сур’ёзна настроеныя дамагчыся прымальнага для іх варыянта ПДП.
Мы збіраем подпісы падчас пікетаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Таксама мы плануем абысці дамы, жыхары якіх папярэдне пагадзіліся з нашым зваротам. Многія гатовы падпісацца самі і падпісаць суседзяў. Ніжняй мяжы па неабходнай колькасці подпісаў няма, але мы плануем падпісаць сотні, а тое і тысячы людзей.
Юрась Губарэвіч адзначае: мясцовыя жыхары прынцыпова не супраць якіх-небудзь змен – але яны павінны адпавядаць інтарэсам людзей.
– Існуе папярэдняя дамоўленасць з чыноўнікамі пра рэалізацыю такога варыянта праекта забудовы, які задаволіць жыхароў квартала. Паводле гэтага варыянта, у квартале пабудуюць толькі паркінгі, а таксама істотна пашыраць плошчу зялёных насаджэнняў. У такім выпадку з ПДП выключаць шматпавярховы дом, супраць будаўніцтва якога катэгарычна выступаюць мясцовыя жыхары. Фактычна, гэта кампрамісны варыянт – але мы павінны пераканацца, што такі праект узгоднены ўсімі кампетэнтнымі органамі і афіцыйна прыняты да рэалізацыі. Мы збіраемся дамагчыся менавіта гэтага.
Тэкст і фота Ігара Хмары
Близкие Новости

Крыніца: blizko.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Лакальныя кампаніі

Апошнія навіны