Навіны Навіны Беларусі

Аб парламенцкай кампаніі ў Беларусі: наша мэта — вярнуць рэальныя выбары

Аб парламенцкай кампаніі ў Беларусі: наша мэта — вярнуць рэальныя выбары

1329 Праглядаў Мінск
Заява Рады Руху «За Свабоду» па ходзе выбарчай кампаніі.

Улады Беларусі адмовіліся ад правядзення рэформаў выбарчага заканадаўства. У такой сітуацыі Рух «За Свабоду» робіць выснову, што выбарчая кампанія пройдзе ў Беларусі па звыклым сцэнары, выбары не будуць канкурэнтнымі, дэмакратычнымі і празрыстымі.

Першым іспытам для ўладаў стане ўжо 2 верасня, калі будуць вядомыя вынікі адбору ў выбарчыя акруговыя камісіі. Рух «За Свабоду» вылучыў сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 110 акруговых і 7 тэрытарыяльных камісій. Мы лічым, што кожны з нашых кандыдатаў мае патрэбныя кампетэнцыі для таго, каб працаваць у выбаркамах. Традыцыйна працэнт уключэння ў выбаркамы прадстаўнікоў апазіцыі мізерны. Па выніках уключэння нашых прадстаўнікоў мы ацэнім гатоўнасць уладаў дзейнічаць па нормах права.

Рух «За Свабоду» працягвае працаваць для таго, каб вярнуць у краіну рэальныя выбары. Дзеля гэтага мы прымалі ўдзел у распрацоўцы праекта Выбарчага кодэксу. Важнай часткай гэтай работы Рух лічыць удзел у назіранні ў межах кампаніі «Права выбару», якое дапаможа зафіксаваць фальсіфікацыі і ўказаць рэальную яўку.

Пры падтрымцы Руху «За Свабоду» па ўсёй Беларусі ў кандыдаты ў дэпутаты будуць вылучацца палітыкі, для якіх важнай каштоўнасцю з’яўляецца дэмакратыя, незалежнасць і еўрапейскі выбар Беларусі. Асноўнай іх задачай будзе дэманстрацыя палітычнай альтэрнатывы, рэальнае прадстаўленне інтарэсаў выбарцаў. Шмат хто з нашых кандыдатаў стала працуе з людзьмі на акрузе, таму адна з іх мэтаў — электаральная перамога: яны могуць не атрымаць дэпутацкія мандаты, але будуць мець несумненную падтрымку выбарцаў.

Улады незаконна абмежавалі магчымасці для правядзення масавых мерапрыемстваў увядзеннем платы за ахову і камунальныя паслугі. Электаральная кампанія — рэдкая магчымасць праводзіць вулічныя акцыі бясплатна. Рух «За Свабоду» мае намер напоўніцу скарыстацца з гэтай магчымасці. Разам з калегамі па Правацэнтрысцкай кааліцыі мы ўключым ў пасланні нашых кандыдатаў акрамя мясцовых праблем пункты па абароне незалежнасці Беларусі і патрабаванне аб правядзенні свабодных і сумленных выбараў паводле стандартаў АБСЕ.

Рух «За Свабоду» плануе выкарыстаць час парламенцкай кампаніі-2019 для фармавання камандаў на месцах і далейшай падтрымкі адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары 2019

Апошнія навіны