Навіны Навіны Беларусі

Першая Школа «Сіла жанчынаў» прайшла ў Мінску

Першая Школа «Сіла жанчынаў» прайшла ў Мінску

744 праглядаў Мінск
Паспяхова закончылі курс 16 мясцовых лідарак, будучых кандыдатак на выбарчай кампаніі і актывістак.

Школа "Сіла жанчынаў" пачалася у сярэдзіне жніўня. Па словах арганізатараў, гэта унікальная магчымасць павысіць кваліфікацыю і паглыбіць прафесійныя кампетэнцыі, развіць лідарскія якасці, стаць больш эфектыўнымі, упэўненымі, пераканаўчымі і паспяховымі. І нарэшце, рэалізаваць амбіцыйныя задумы на карысць Беларусі.

«Школа мела на мэце паспрыяць жанчынам і дзяўчатам выйсці на вышэйшыя, лідуючыя пазіцыі ў беларускім грамадстве і ўнутры сваіх ініцыятываў і арганізацыі. Надзвычай усцешна назіраць, калі важная ідэя ідэальна ўвасабляецца, і ад таго атрымліваюць карысць і задавальненне усе: удзельніцы, трэнеры, арганізатары», — распавяла Валярына Кустава, аўтарка і стваральніца Школы жаночага лідарства «Сіла жанчын».

Па яе словах, трэнінгі прайшлі максімальна эфектыўна. «Зорны склад трэнераў зрабіў працу выніковай і карыснай для ўдзельніц. Неўзабаве выпускніцы Школы здолеюць выкарыстаць атрыманыя веды і ўменні на практыцы — на карысць мясцовых ініцыятываў і ў штабах кандыдатаў», — падкрэсліла Кустава.

Студэнткі Школы ўдасканалілі майстэрства камунікацыі з Ланай і Вітаўтам Руднікамі, мастацтва прамоваў, працу з аўдыторыяй з Аляксеем Бурнасенкам. Над уменнем адпавядаць дрэс-коду і асновам пратакола папрацавалі з Аксанай Зарэцкай, а кіраваць голасам папрактыкаваліся пад кантролем Русі. Таксама перад імі выступіла гендэрная экспертка Ірына Саламаціна.

«Удзельніцамі сталіся перадусім актывісткі Руху, найяскравыя студэнткі традыцыйных летніх Школаў Руху „За Свабоду“ для моладзі, а таксама апантаныя асобы, якім неабыякавы лёс Беларусі», — адзначыла аўтарка курсу.

Яна падкрэсліла, что склад наведніц быў надзвычай размаіты, і гэта не можа не цешыць: «ад таленавітай выпускніцы Летняй Школы Насты Быкоўскай да шаноўных аксакалак беларускага нацыянальнага руху».

«Цяпер чакаем на практычны вынік ад нашых каляжанак — перакананая, ён у сваю чаргу не прымусіць сябе чакаць», — заключыла Валярына Кустава.

«Школа „Сіла Жанчын“ стала зарадам натхнення і добрай працы над сабой. Разнастайныя нестандартныя тэмы дазволілі паглядзець на сябе з боку, атрымаць індывідуальныя кансультацыі па такіх, здавалася б, невідавочных тэмах як голас падчас выступаў, які выраз у адзенні больш пасуе і як працаваць у камандзе, каб усе засталіся задаволеныя. І самае галоўнае, што ўсё гэта было прапрацавана на практыцы!» — адзначыла каардынатарка праекта Вікторыя Таболіч.

Яна падзякавала тым удзельніцам, якія паўдзельнічалі ў добрачынных праектах пад час Школы і выказала надзею на працяг падобных сустрэчаў.

«Мне вельмі спадабалася. Такія заняткі карысныя для ўсіх жанчынаў, асабліва для публічных асобаў. Мы навучыліся правільнаму стылю размоваў, ствараць свой імідж, даведаліся пра дрэс-код. І ўсё гэта прайшло ў добрай абстаноўцы», — распавяла актывістка Руху «За Свабоду» з Оршы Алена Кучынская.

Па яе словах, яна плануе балатавацца ў дэпутаты і будзе прымяняць атрыманыя веды пад час выбарчай кампаніі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны