Навіны Навіны Беларусі

Графіці з Крэўскім замкам у Смаргоні будзе па-беларуску

Графіці з Крэўскім замкам у Смаргоні будзе па-беларуску

1055 Праглядаў Смаргонь Слонім Мінск
Смаргонскі выканкам прыняў рашэнне аформіць графіці на беларускай мове пасля звароту сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Дужага.

Гісторыя пачалася, калі Аляксей шукаў інфармацыю пра Гродзенскі замак і знайшоў артыкул, дзе распавядалася, што ў Смаргоні ў бліжэйшы час з’явіцца графіці з выявай Крэўскага замка. Эскіз быў ужо ўзгоднены з мясцовымі ўладамі, але надпіс на ім быў зроблены па-руску. Пасля гэтага актывіст Руху «За Свабоду» вырашыў звярнуцца да мясцовых уладаў.

«Смаргонь вельмі прыгожы горад, вельмі гістарычны! Асабліва прыемна ведаць, што ў гэтым годзе ў Смаргоні плануецца зрабіць графіці Крэўскага замка. Аднак адзін факт саспуе ўвесь смак гэтага: графіці, ці як кажуць, мурал, з выяваю замка будзе на рускай мове», — адзначыў у звароце Аляксей Дужы.

Ён выказаў абурэнне, што гэта адбываецца ў Гродзенскай вобласці, Смаргоні і нагадаў, што «Альгерд, чый замак гэта быў, ён жа не расіянін, і мова ВКЛ была старабеларуская». Вакол, дадаў актывіст, спрэс руская мова і спытаў, чаму беларуская мова выцясняецца.

«Не рабіце яшчэ адзін крок, калі ласка, у бок русіфікацыі — замяніце тэкст на графіці на беларускую мову», — заключыў Аляксей Дужы.

Адказ з Смаргоні прыйшоў станоўчы.

«Ваша прапанова аб вызначэнні надпісу тэкста на рускай ці беларускай мове на графіці з рэпрадукцыяй Крэўскага замка разгледжаная. Паведамляем, што надпіс на графіці будзе зроблены на беларускай мове», — адзначыў старшыня Смаргонскага райвыканкаму Генадзь Харужык.

Нагадаем, што падобная сітуацыя склалася ў Слоніме, пасля негатыўнай рэакцыі і звароту актывістаў у тым ліку сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Дужага, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне графіці да Дня беларускага пісьменства зрабіць на беларускай мове. Абяцалі зрабіць гэта да 1 чэрвеня, але пакуль не выканалі.

Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Уладзімір Кот паабяцаў выправіць сітуацыю да 1 жніўня, патлумачыўшы, што сітуацыя звязаная з тым, яны выклікаюць мастакоў на адзін дзень, каб выканаць адразу некалькі графіці.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны