Навіны Навіны Беларусі

Свята ў гонар 95-годдзя Быкава прайшло ў Бычках

Свята ў гонар 95-годдзя Быкава прайшло ў Бычках

3085 Праглядаў Бычкі
Больш за 100 чалавек прыехала ў Бычкі на свята ў гонар Васіля Быкава, які арганізаваў Рух «За Свабоду».

Адкрыў імпрэзу старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. «У гэтыя дні адзначаюцца 95-ыя ўгодкі са дня нараджэння Васіля Быкава. Ці мы бачым недзе ў Беларусі афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце? Ніякіх», — заявіў лідар Руху.

Ён таксама нагадаў, што колькі б грамадскасць не патрабавала, «хіба на пальцах адной рукі можна пералічыць колькасць вуліцаў у невялікіх гарадах і мястэчках, якія названыя ў гонар Васіля Быкава, ніводнай цэнтральнай, у ніводным буйным горадзе».

«Ва ўладаў іншыя прыярытэты, яны больш увагі аддаюць правядзенню нейкіх спартовых спаборніцтваў, гульняў, спадзяючыся, што праз іх яны змогуць адцягнуць увагу грамадства ад надзённых праблемаў», — дадаў Юрый Губарэвіч.

Па ягоным меркаванні, Быкаў стаў сапраўдным грамадзянінам, які зразумеў «сутнасць таталітарных рэжымаў — не толькі нацысцкай, але і савецкай, а пазней і яе спадчыны, якая зараз у нас пануе, у Беларусі». «Ён даваў слушныя ацэнкі, — дадаў палітык. — Ягоныя ацэнкі, ягоная творчасць, ягоны грамадзянскі і палітычны чын ёсць урокамі і для нас».

Удзельнікі свята прыехалі з Віцебскай, Магілёўскай абласцей, Мінску, некаторыя (з Полацку і Лепеля) на роварах. Гэта нягледзячы на неспрыяльны прагноз надвор’я і тое, што прэмія «За свабоду думкі» у гэтым годзе не ўручалася, адмовілася ад правядзення свята ў Бычках і ТБМ.

«Васіль Быкаў той прапар, пад якім мы разам імкнуліся і імкнемся да да таго, каб Беларусь стала сапраўды незалежнай, сапраўды дэмакратычнай, сапраўды еўрапейскай краінай», — заявіў на імпрэзе сябра Рады Руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў.

Ён адзначыў, што ён, балгарын па паходжанню, на творах Быкава, Уладзіміра Караткевіча і іншых выдатных творцаў, ён стаў беларусам. «Я беларус, і дзеці мае — беларусы, і ўнукі беларусы», — падкрэсліў Жаляпаў.

Перад удзельнікамі таксама выступіла выбітны краязнаўца, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава Ада Райчонак. Яна прыгадала, што па адукацыі настаўнік рускай мовы і літаратуры, але калісьці пад уплывам Быкава дала сабе абяцанне выступаць выключна па-беларуску і з таго часу гэтае слова трымае.

У межах свята адбыліся літаратурныя чытанні, на іх Крысціна Бандурына і Ніна Філіпава прачыталі ўрыўкі твораў Быкава, а таксама выступілі мясцовыя паэты і літаратары, некалькі песняў выканаў бард Георгій Станкевіч. Завершыў свята канцэрт Андруся Такіданга і сямейнага ансамблю «Бартосік-бэнд». Была арганізаваная выстава, прысвечаная Быкаву.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэмія «За свабоду думкі» імя Быкава

Апошнія навіны