Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» стварыў гайд для замежнікаў, якія прыедуць на «Еўрапейскія гульні»

Рух «За Свабоду» стварыў гайд для замежнікаў, якія прыедуць на «Еўрапейскія гульні»

2985 Праглядаў Мінск
Спіс з пяці найбольш небяспечных і дзіўных забаронаў у Беларусі склаў Рух «За Свабоду», каб папярэдзіць замежных гасцей пра магчымыя незвычайныя сітуацыі пад час «Еўрапейскіх гульняў».

Ангельская версія гайда даступная тут

«Беларусы ўжо звыкліся з шэрагам забаронаў, у тым ліку тымі, якія закранаюць іх правы. Але падчас Еўрапейскіх гульняў да нас прыедуць замежныя турысты. Яны з такімі рэчамі не сутыкаліся», — пракаментаваў з’яўленне гайда старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Такім чынам, лічыць палітык, можна ў даступнай форме (гайд існуе як набор картак і пашыранага тэксту) папярэдзіць пра магчымыя непрыемнасці. Акрамя таго, Рух «За Свабоду» імкнецца нагадаць пра тое, што ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека.

«Мы распачынаем кампанію і заклікаем беларусаў і замежнікаў дасылаць свае гісторыі і публікаваць іх з хэштэгам #welcometobelarus. Па выніках плануем працягнуць публікацыю серыю картак», — дадаў Губарэвіч.

Топ-5 дзіўных забаронаў у Беларусі: На што варта звярнуць увагу замежніку, калі не хочацца патрапіць у непрыемнасці

21-30 чэрвеня ў Мінску пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. У Беларусь чакаецца наплыў турыстаў і спартовых заўзятараў, якія ў Беларусі дагэтуль ніколі не былі. Мы гасцінна вітаем кожнага на беларускай зямлі, але вымушаныя папярэдзіць: у нас ёсць забароны і правілы, якія могуць здзівіць сярэдняга еўрапейца.

1. Скульптура Гарадавога: лепей не падыходзьце і ўжо дакладна не фатаграфуйце і не дакранайцеся

У Беларусі шмат розных помнікаў, каля большасці з іх вы можаце спакойна фатаграфавацца, але пад нечакана пільнай аховай беларускай міліцыі знаходзіцца скульптура гарадавога. За фота з ёй, накідванне на яе фанацкага шаліка ці кепкі і нават за пацалункі вас могуць затрымаць. Апошні такі выпадак адбыўся з турыстамі ў траўні. Міліцыя затрымала іх на тры гадзіны і прымусіла сцерці здымкі.

(скульптура знаходзіцца на вуліцы Гарадскі вал)

2. Спартовым фанатам арганізаванымі групамі па горадзе не хадзіць!

Сабраліся ісці з гульні разам з сябрамі, а яшчэ больш несці спартовую сімволіку? Забудзьцеся! Па беларускіх законах, калі сабраліся больш за 3 чалавекі, — гэта ўжо несанкцыяванае мерапрыемства. Усе ўдзельнікі могуць быць затрыманыя міліцыяй.

Каб ваша прагулка абылася легальна вам трэба за два тыдні падаць заяўку гарадскім уладам і заплаціць міліцыі больш чым 400 еўра за ахову!

3. КДБ сочыць за вамі: фатаграфаваць дзяржаўныя будынкі забаронена

У цэнтры Мінска шмат прыгожых будынкаў, частка з іх дзяржструктураў: адміністрацыя прэзідэнта, КДБ, урад... Фатаграфавацца побач з імі таксама нельга. Затрыманняў за гэта было шмат, напрыклад, аднаго журналіста затрымалі за здымкі будынку Акадэміі навук. У лепшым выпадку вас прымусіць сцерці здымкі, у горшым палічаць замежным шпіёнам.

4. Шукайце лавачку ці памірайце ад стомы: па газонах нельга хадзіць, на іх нельга сядзець і ляжаць, і непажадана стаяць

Мільёны людзей адпачываюць у цэнтры горада на газонах, але толькі не ў Мінску. У нас дазволена адпачываць на траве толькі ў парках, у астатніх месцах да вас можа падыйсці міліцыянт і ў лепшым выпадку зробіць заўвагу.

5. Начныя ператрусы? Гэта Беларусь, дзетка

На час правядзення «Еўрапейскіх гульняў» у Мінску ўведзены спецыяльны рэжым. Так, у гасцініцах ахова можа праводзіць асабісты дадгляд гасцей спартовых мерапрыемстваў, правяраць іх рэчы і дакументы. Беларуская міліцыя агулам мае шырокія паўнамоцтвы: могуць у любы час уварвацца ў любое памяшканне пры падазрэнні, што там адбываецца злачынства.

Гэтыя правілы мы не можам патлумачыць і апраўдаць. Але... цяпер вы трохі разбіраецеся, у якіх умовах даводзіцца жыць беларусам.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны