Навіны Навіны Беларусі

«Зайдрасць да суседзяў, якія на выбарах вырашаюць свой лёс»: Моладзь Руху назірала за выбарамі ў Еўрапарламент у Польшчы

«Зайдрасць да суседзяў, якія на выбарах вырашаюць свой лёс»: Моладзь Руху назірала за выбарамі ў Еўрапарламент у Польшчы

2179 Праглядаў Беласток
Рух «За Свабоду» арганізаваў візіт актывістаў у Беласток пад час выбараў у Еўрапарламент. За некалькі дзён яны не толькі паспелі паназіраць за выбарчай кампаніяй і галасаваннем, але і сустрэцца з кіраўніцтвам гораду.

Дэлегацыя беларускіх назіральнікаў, акрэдытаваная ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Польшчы наведала Беласток і пабачыла, як у Польшчы адбываецца агітацыя на выбарах у Еўрапарламент, якія тэхнікі і метады кандыдаты выкарыстоўваюць, каб здабыць давер грамадзянаў, як адбываецца барацьба паміж канкуруючымі партыямі, распавёў кіраўнік Беларускага дома, сябра Руху «За Свабоду» Алесь Зарэмбюк, які апекаваўся праграмай на месцы. Таксама маладыя беларусы наведалі некалькі выбарчых участкаў, прысутнічалі пад час падліку галасоў.

«Выбары адбываюцца адкрыта, нідзе не было ніякіх праблемаў. У грамадстве пануе адкрытая, узаемадаверлівая атмасфера, нягледзячы на вострую палітычную барацьбу двух асноўных партыяў», — адзначыў Зарэмбюк.

Гэта, лічыць ён, «вельмі цікавы досвед для маладых палітычна актыўных беларусаў, які трэба пераймаць, і такую адкрытую сістэму дэмакратычных выбараў трэба рабіць у Беларусі».

«Працэс галасавання падобны на беларускі, але выбарчыя ўчасткі абсталяваны празрыстымі скрынямі, — у сваю чаргу адзначыў намеснік старшыні Руху „За Свабоду“ Віктар Янчурэвіч. — На выбарчых участках фатаграфаваць дазволена толькі журналістам з адпаведнай акрэдытацыяй, а назіраць за падлікам галасоў можна толькі з дазволу мясцовай ўлады. Але ў грамадстве існуе высокі давер да працы камісій, які выпрацаваўся за гады дэмакратыі».

Сярод метадаў, які гэты давер падтрымлівае, Янчурэвіч назваў метад абрання выбарчых камісіяў: іх персанальны склад фармуецца кампутарнай праграмай з агульнага спісу пададзеных заявак шляхам лёсавання.

«Мае агульныя уражанні: добрая зайздрасць да нашых братоў-суседзяў, што яны маюць магчымасць вырашаць свой лёс самастойна. Усе разумеюць, што яго голас важкі і ён уплывае на яго жыццё», — адзначыла адна з маладых актывістак Дзіна Петушкова.

Асабліва, дадала яна, уразілі спосабы і метады агітацыі ў кандыдатаў: медыя, СМІ, сацсеткі, плакаты, банэры, брэндзіраваныя аўто, нават раздача брэндзіраваных кавы і гарбаты падчас выезду да насельніцтва.

«Сам працэс выбараў адкрыты і галосны. Таксама уразіла, што ў выбарчую камісію члены трапляюць спосабам рандомнага выбара кампутара, то бок яны незнаёмыя між сабой людзі», — дадала яна.

Дзяўчына выказала ўдзячнасць Руху «За Свабоду» за арганізацыю нашага ўдзелу ў назіранні і магчымасць скарыстаць гэты досвед у будучых выбарчых кампаніях нашай краіны.

«Я дужа уражаная тым што грамадства займаецца палітычнай дзейнасцю адкрыта: робяць мітынгі, пікеты, вядуць размовы на вуліцы, раздаюць улёткі, цукерачкі з кандыдацкімі лэйбламі, кругом банеры!» — адзначыла яшчэ адна прадстаўніца рухаўскай дэлегацыі Дзіяна Рабекіна.

Увесь горад жыве выбарамі, дадала яна, «людзей запрашаюць прыняць важнае рашэнне ў жыцці іх краіны, гэта прыемна што кандыдаты змагаюцца за кожнага выбарца».

Акрамя назірання за выбарамі ўдзельнікі паездкі пабывалі ў штабах двух найбуйнейшых партыяў Польшчы Platforma Obywatelska і Prawo i Sprawiedliwość (PiS), сустрэліся з кіраўніком гарадскога савета Беластока Лукашам Пракорым.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Моладзь Руху

Апошнія навіны