Навіны Навіны Беларусі

«Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі»: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

«Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі»: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

1641 прагляд
Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны... Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць беларусам змагацца за іх правы? У невялікім райцэнтры Верхнядзвінск на поўначы Беларусі жыве сябра Руху «За Свабоду» Валянціна Болбат, якая больш за 40 гадоў дапамагае людзям зрабіць свет лепшым. І не чакае «Дзякуй!» у адказ.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «так званыя ліберальныя колы» няправільна ўяўляюць сабе беларускую грамадзянскую супольнасць. «Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне», — сказаў кіраўнік Беларусі, і тут нават мы з ім пагадзіліся.
Але далей Лукашэнка разгарнуў сваю думку ў нечаканым кірунку: 
«А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую 
прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя».
Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны... Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх 
актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць беларусам змагацца за іх правы? 
Еўрарадыё вырашыла аднавіць справядлівасць. У праекце «Тры апазіцыянеры, 
два чыноўнікі» мы будзем распавядаць пра неабыякавых грамадзян. 
Іх штодзённая праца і фарміруе тую самую грамадзянскую супольнасць, якую так 
своеасабліва разумее Аляксандр Лукашэнка.

Мы пачынаем у невялікім райцэнтры Верхнядзвінск на поўначы Беларусі. Тут жыве 
Валянціна Болбат, якая больш за 40 гадоў дапамагае людзям зрабіць свет лепшым. 
І не чакае «Дзякуй!» у адказ.

З журналістаў у актывісты

З Валянцінай Болбат мы сустракаемся ў яе дома. Актывістка жыве ў прыватным сектары на вуліцы Дзяржынскага. «Лепш месца для грамадскай дзейнасці і не прыдумаць», — іранічна заўважае Валянціна.

На гадзінніку каля 9 раніцы. Гаспадыня частуе нас кавай з бутэрбродамі і не выпускае з рук тэлефон — размаўляе з жыхарамі «чарнобыльскага» дома, якім трэба дапамагчы з добраўпарадкаваннем у двары. У планах на дзень звязацца з чыноўнікамі мясцовага райвыканкама, заехаць да камунальнікаў і дапамагчы шматдзетнай маці з адкрыццём свайго бізнесу.

Валянціна Болбат

«Я прыехала ў Дрысу [да 1962 года Верхнядзвінск называўся Дрыса. — Еўрарадыё] амаль 40 год таму. Працавала журналістам — з гэтага і пачалася мая грамадская дзейнасць, — распавядае Еўрарадыё Валянціна Болбат. — Людзі прыходзілі з праблемамі, а праблемы ж трэба не толькі агучваць, але і вырашаць.

Калі трэба рыхтавацца да нейкага мерапрыемства, дык мой дзень і раней можа пачацца. Звычайна — кава ці гарбата, і не пазней за 9 раніцы пачынаю займацца грамадскімі справамі».

У доме шмат сямейных фатаграфій. Муж Валянціны памёр шмат гадоў таму, іх сын жыве ў Верхнядзвінску. Акрамя грамадскіх спраў, у жанчыны ёсць хатнія абавязкі: яна даглядае 90-гадовую маці.

Актывістка дапівае каву, робіць некалькі званкоў і выходзіць, каб завесці машыну. У двары брэша пёс Амур. Наступны раз ён сустрэнецца са сваёй гаспадыняй толькі вечарам.

Самы страшны дом у СНД

У салоне зялёнага «фольксвагена» бела-чырвона-белая стужка. Валянціна распавядае, што супрацоўнікам ДАІ яе машына добра знаёмая. Чыноўнікі і міліцыянты Верхнядзвінска ведаюць Валянціну Болбат у твар.

Па дарозе да «чарнобыльскага» дома мясцовая актывістка прыгадвае, як прыехала ў Верхнядзвінск. «Я скончыла тэатральнае аддзяленне культурна-асветніцкага вучылішча з „чырвоным“ дыпломам. Мела свабоднае размеркаванне. Пра Верхнядзвінск тады нічога не ведала. Казалі, што тут нібыта караблі ходзяць па Дзвіне і што краіны Балтыі недалёка... З ліпеня 1973 года пачала працаваць тут дырэктарам Дома культуры. З гэтага і пачалося маё жыццё на Верхнядзвіншчыне».

Каля пяціпавярховіка на вуліцы Першамайскай нас чакаюць мясцовыя жыхары. «Чарнобыльскі» дом тэрмінова пабудавалі для перасяленцаў з Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Гомельскай вобласці адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Будаваць трэба было хутка, таму пра якасць асабліва ніхто не клапаціўся.

Кватэра ў доме да рамонту
Валянціна Мінчук

«З Нароўлі ў Верхнядзвінск пасля аварыі эвакуіравалі Завод сталярных вырабаў, — распавядае Еўрарадыё жыхарка дома Валянціна Мінчук. — Кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала людзям пераехаць у Верхнядзвінск. Наша сям’я атрымала чатырохпакаёвую кватэру, але ўжо з першых гадоў дах дома пацёк. Я хадзіла да чыноўнікаў, прасіла, каб дапамаглі. І толькі два гады таму зрабілі рамонт».

«У кожнай кватэры свая гісторыя рамонту, — распавядае актывістка. — Агульнымі намаганнямі сітуацыю атрымалася змяніць. А цяпер мы вырашылі: чаму б не добраўпарадкаваць двор? Летась высадзілі дрэўцы, паклалі плітку, пабудавалі альтанку. У планах пачысціць сажалку, зрабіць прыгожую набярэжную. Калі давесці тут усё да ладу, дык можна зрабіць цудоўнае месца для адпачынку. І для дзяцей, і для дарослых, бо з дзіцячымі пляцоўкамі таксама ёсць праблемы».

Каля сажалкі мы размаўляем з жыхарамі Верхнядзвінска. Домікі для качак на беразе зрабіў былы афганец Мікалай Гарбуза. «Усё, што ёсць у двары, людзі зрабілі самі, — дадае Валянціна Болбат. — Але калі не падтрымліваць людскую ініцыятыву, яна губляецца».

Разам з жыхарамі «чарнобыльскага» дома

Галоўная праблема — страх

У цэнтры Верхнядзвінска ўзорная чысціня, ды і добрыя дарогі таксама складана не заўважыць. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што летась у горадзе праводзіліся «Дажынкі», а магчыма, і тым, што суботнікі тут праводзяцца яшчэ і ў буднія дні. Але чым бліжэй да ўскраіны, тым горшым робіцца асфальт. А месцамі яго ўвогуле няма.

Мы спыняемся на беразе Заходняй Дзвіны. Актывістка распавядае, як звольнілася з Дома культуры і прыйшла ў журналістыку: «Працавала на рыдыё. Была загадчыцай аддзела газеты „Дзвінская праўда“. Супрацоўнічала з беларускім тэлебачаннем. Агулам адпрацавала больш за 20 гадоў! Журналістыку сапраўды лічыла сваёй справай. Але так атрымалася, што ў 1985 годзе я ўзначаліла раённае аддзяленне „Фонду міру“ [Сусветная дабрачынная недзяржаўная арганізацыя з філіяламі ў Беларусі. — Еўрарадыё]. Калі людзі звярталіся, дык я імкнулася ім дапамагчы і вырашыць праблему».

Неабыякавыя людзі ў раёне ёсць, але іх не так шмат. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй у невялікім горадзе сутыкаецца з ціскам. Вытрымліваюць яго не ўсе — шмат хто завязвае з актывізмам і вяртаецца да асабістых спраў.«Гэта ўсё няпроста. Ёсць недавер і ціск, але не заўсёды было так. На пачатку 2000-х актыўных людзей было больш, мы рабілі карасныя справы. Але няпростыя стасункі з уладай зрабілі сваю дрэнную справу — некаторыя людзі перасталі займацца грамадскай дзейнасцю. Сёння кантакт з уладай ёсць, але з пэўнай недаверлівай аглядкай на нас».

Самай галоўнай праблемай у беларускім грамадстве Валянціна Болбат называе страх. Калі чалавек, каб атрымаць дапамогу ў крытычнай сітуацыі, баіцца назваць сваё імя — гэта сапраўдная бяда.

Стамілася выжываць

На гадзінніку амаль 14-я гадзіна. Валянціна Болбат робіць некалькі званкоў. Хутка чарговая сустрэча. Жыхарка Верхнядзвінска Вольга Кліманская хоча адкрыць маленькі бізнес, але не ўсё так проста.

Па дарозе Валянціна распавядае, што ў раёне ёсць праблемы з працай: «У нас для беспрацоўных ёсць курсы па перакваліфікацыі, але гэта працуе не заўжды. З іншага боку, сёння ёсць фонды, звязаныя з жаночым сацыяльным прадпрымальніцтвам. Я хачу дапамагчы Вользе атрымаць неабходную адукацыю праз грамадскі сектар».

У Вольгі Кліманскай 5 дзяцей і ордэн Маці. У 2014 годзе годзе жанчына згубіла працу на Верхнядзвінскім масласырзаводзе. Па словах Вольгі, у цэху ёй стала кепска, але, каб схаваць здарэнне на вытворчасці, яе ў непрытомным стане вынеслі за тэрыторыю завода на насілках.

Вольга Кліманская

«Раніцай да мяне прыехалі з аддзела кадраў прадпрыемства, — распавядае Еўрарадыё Вольга Кліманская. — Прапанавалі падпісаць паперу, што разыходзімся „па згодзе бакоў“. Разумееце, у нас маленькі горад, я спужалася і ўсё падпісала».

Каб звесці канцы з канцамі, Вольга ўладкавалася прадавачкай у аўталаўку. Пазней яна скончыла педагагічныя курсы і працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Праз два гады адтуль прыйшлося сысці, бо атрымаць прафесійную адукацыю жанчына не змагла.

«Не было матэрыяльнай магчымасці і часу, каб паступіць, — гаворыць Вольга. — Працу ў садку прыйшлося пакінуць. Каля трох месяцаў я была без працы. На Дзень маці дачакалася старшыню райвыканкама Марковіча каля яго дома і папрасіла падарунак на свята — вакансію».

У той час, каб пракарміць сябе і дзяцей, жанчына пякла піражкі і гандлявала імі. Яна вырашыла развіваць гэты бізнес. Вольга нават набыла ў растэрміноўку невялічкую аўталаўку «Купава». Але, каб пачаць працу, трэба прайсці шэраг дзяржаўных кабінетаў.

«У мяне ёсць мара, — распавядае Вольга. — На вачах у людзей гатаваць гарачыя булачкі, пончыкі, блінчыкі, смятаннікі, піражкі. Каб асартымент адпавядаў пакупніцкай магчымасці людзей нашага мястэчка, бо заробкі нізкія. І аўталаўку я хачу назваць „Усё за рубель“.

Я б ужо заўтра пайшла працаваць, але мне трэба месяц адстаяць у Цэнтры занятасці. Потым бізнес-план будуць разглядаць у райвыканкаме. Гэта ўсё час».

Цяпер Вольга працуе прадавачкай у «Дабраноме». Яна верыць, што атрымае ўсе неабходныя дазволы, выканае патрабаванні і пачне працаваць на сябе. Але пакуль жанчына абцяжарана іншым: двум сынам, якія сёлета заканчваюць школу, патрэбныя касцюмы на выпускны. Таксама трэба разлічвацца за аўталаўку.

«Я не кажу, што хачу зарабляць фантастычныя грошы, — гаворыць шматдзетная маці з Верхнядзвінска. — Але я стамілася выжываць. У Беларусі ёсць праграма, каб нараджалі больш дзяцей. Але не будуць нараджаць, калі паглядзяць, як пакутуюць шматдзетныя маці».

З Алай Марозавай

Чыноўнікі ў бягах

Па пытаннях добраўпарадкавання гарадскіх двароў Валянціна Болбат заязджае ў мясцовае ўпраўленне ЖКГ. Потым яшчэ адна сустрэча — з дырэктарам «Цэнтра дзяцей і моладзі» Алай Марозавай наконт дзіцячай пляцоўкі ў двары ўстановы.

Ці дапамагаюць мясцовыя ўлады вырашаць праблемныя пытанні? За тры дні да прыезду ў Верхнядзвінск мы папрасілі Валянціну арганізаваць сустрэчу з чыноўнікамі. Але галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Наталля Мароз адказвае, што магчымасці сустрэцца няма:

«У нас суботнікі і ўсё астатняе, мы тут усе ў бягах, Таццяна Васільеўна ў адпачынку [Таццяна Сявалкіна — намесніца старшыні райвыканкама. — Еўрарадыё]. Ну а мне ніхто не даваў паўнамоцтваў, таму неяк так».

Па словах Валянціны Болбат, чыноўнікі сцвярждаюць, што ведаюць пра патрэбы людзей лепш за актывістаў. Навошта тады жанчыне ўся гэтая грамадская праца?

«У мяне ёсць патрэба, я хачу гэта рабіць, — адказвае Валянціна. — І калі мне гавораць, маўляў, ніхто нават „Дзякуй!“ не скажа — дык я і не чакаю. Пакуль я магу, дык буду займацца грамадскай працай».

Крыніца: euroradio.fm

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны