Навіны Навіны Беларусі

Блогер Сяргей Пятрухін: «Калі мне хочуць заткнуць рот — ім трэба мяне расстраляць!»

Блогер Сяргей Пятрухін: «Калі мне хочуць заткнуць рот — ім трэба мяне расстраляць!»

2363 праглядаў Брэст
Больш за 9 тысячаў рублёў штрафу ды яшчэ амаль 8 тысяч — кампенсацыя маральных стратаў і судовых выдаткаў. Суддзя Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук вынес прысуд вядомаму блогеру Сяргею Пятрухіну: яго прызналі вінаватым у абразе і паклёпе на міліцыянтаў. Суму памерам амаль 8 тысяч долараў у эквіваленце блогер мусіць сплаціць цягам месяца, на ягоную маёмасць накладзены арышт, а сам Пятрухін застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

Гэты прысуд не пакінуў грамадства абыякавым. Чарговым гідкім наступам на свабоду слова назваў сённяшні вырак старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

А вось меркаванне сябра руху «За свабоду» Віктара Янчурэвіча:

«Проста сорам! Наствараўшы сабе праблемаў ігнараваннем грамадзянскай думкі, улады вяртаюцца да правераных метадаў застрашвання. Але свет мяняецца, і рэпрэсіўнымі метадамі абураных бязглуздай палітыкай гараджанаў ужо не спыніць».

Аднак галоўнае, што Пятрухін – на волі. Так, штраф і выплаты чакаюцца вялізныя, аднак гэта «кошт свабоды ў Беларусі за пляшывага». Так напісала на сваёй старонцы актывістка Каця Белая.

«Пятрухіна судзяць у Ленінскім судзе Берасця. Заяву напісалі працаўнікі Ленінскага РАУС Берасця. Карацей, адныя ленінцы на службе «правасуддзя і законнасці», – дадае паплечнік блогера актывіст Аляксандр Кабанаў.

Але ж хлопцы змагаюцца і за нармальнае жыццё дзяцей міліцыянтаў, якія арыштавалі іх, суддзяў, што судзілі іх, каб хімічная вытворчасць не труціла іх, заўважае карыстальнік car2010 на форуме Tut.by.

«Ёсць жа ў нашай краіне такія сапраўдныя мужныя людзі! Вялікі рэспект. Сапраўдныя змены пачнуцца тады, калі штрафы людзі будуць адмаўляцца плаціць і ісці за гэта ў турмы, а грошы будуць збірацца не на выплату штрафаў дзяржаве – як даніну рэкецірам, – але на дапамогу сем’ям, якія чакаюць сваіх кармільцаў з зоны», – дадае карыстальнік Алесь Белы ў каментары пад артыкулам выдання «Нашая Ніва».

Рэпартаж Пятрухіна быў пабудаваны на выказваннях людзей, якія вінавацілі міліцыянтаў у збіванні, – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. – Адзін з гэтых людзей падаў заяву аб завядзенні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, і да гэтага часу заява яшчэ не разгледжаная. Калі тут не пастаўленая канчатковая кропка, то як наагул маглі судзіць Пятрухіна за «абразу» і «паклёп»?

Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ «Вясна» кажа наступнае:

«Зразумела, што справа была замоўная ад самага пачатку. Яна паказала, наколькі хворыя ў нас і суды, і міліцыя, наколькі яны ўсе павязаныя паміж сабой, і як яны пакрываюць самі сябе».

Пракаментаваў справу сам Сяргей Пятрухін:

«Гэты пракурор быў нейкае дзіцё! Насамрэч, бо нармальныя людзі не пайшлі б, проста хлопца адправілі, далі яму пачытаць (справу). І калі яму контрдовады прывялі мае адвакаты і даволі шмат, а яго пасля запытаўся суддзя: у Вас ёсць нешта сказаць, дадаць? Ён кажа – не. Я яго яшчэ спытаўся, ці ёсць у яго адукацыя, ён юрыст ці не. І сёння, калі ён выходзіў з залы, я сказаў, што ён некампетэнтны пракурор. І кажу: «Гэта што – негатыўная ацэнка ці абраза? Вы будзеце на мяне заяву пісаць?» І ўсё, ён пайшоў сабе…»

Крыніца: belsat.eu

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны