Навіны Навіны Беларусі

Суд падтрымаў забарону Дня Волі ў цэнтры Мінска

Суд падтрымаў забарону Дня Волі ў цэнтры Мінска

2175 Праглядаў Мінск
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, старшыня БСДП Ігар Барысаў і в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў абскарджвалі адмову Мінгарвыканкама на правядзенне 24 сакавіка святкавання Дня Волі.

Трыма палітычнымі сіламі была пададзеная заяўка на правядзенне публічнага святкавання 24 сакавіка 101-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі пад лозунгам «Дзень Волі». Месца правядзення — пляцоўка перад Акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі.

Але ў правядзенні акцыі было адмоўлена на падставе таго, што арганізатары «не маюць права аб’яўляць» «аб даце, месцы і часе яго правядзення, ствараць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы», акрамя таго, было сказана, што «месца правядзення не адпавядае арт. 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах».

Гэтае рашэнне было абскарджанае ў судзе. Заяўнікі прасілі прызнаць рашэнне незаконным, абавязаць Мінгарвыканкам аднавіць парушаныя правы (у прыватнасці дазволіць правядзенне мерапрыемства на абранай пляцоўцы ў абраны аўтарамі скаргі час). Яны таксама звярталі ўвагу на тое, што доказаў размяшчэння інфармацыі пра акцыю да атрымання дазволу няма.

«Адмова на правядзенне акцыі была прынятая з парушэннем патрабавання закона „Аб масавых мерапрыемствах“. Наша скарга мусіць быць задаволеная», — адзначыў пад час паседжання Губарэвіч.

Выслухаўшы довады абодвух бакоў, суддзя Анціпчук Маскоўскага раёна Мінска прыняла рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі. Яна заявіла, што ўлады ўлічылі пры забароне мерапрыемства ўсе абставіны справы.

«Пад час судовага паседжання мы так і не пабачылі доказы таго, што адмова была абгрунтаванай, — пракаментаваў вынікі судовага паседжання старшыня Руху „За Свабоду“ Юрый Губарэвіч. — Прадстаўнік гарвыканкаму спрабаваў прывесці шмат дадатковых аргументаў, якія відавочна ўсплылі не на момант падрыхтоўкі адмовы, а ўжо калі мы падалі на яе скаргу».

«У дакуменце аб забароне мерапрыемства не былі прапісаныя канкрэтныя прычыны для адмовы, а на судзе прадстаўнік Мінгарвыканкама Юрый Уральскі неаднаразова спасылаўся на арт. 9 закона „Аб масавых мерапрыемствах“, які рэгулюе месца і час правядзення акцый. Аднак у гэтым годзе, прадстаўнікі палітычных сілаў падалі заяўку, аналагічную мінулагодняй. Нагадаем, што ў 2018 па ёй было прынятае станоўчае рашэнне», — дадаў в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў.

Нагадаем, што Дзень Волі ў выніку адзначылі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. Свята працягвалася шэсць гадзінаў і сабрала па-розных падліках да 5 тысяч чалавек.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны