Навіны Аналітыка

Юрый Губарэвіч: Беларускі народ павінны мець права абіраць сваё кіраўніцтва

Юрый Губарэвіч: Беларускі народ павінны мець права абіраць сваё кіраўніцтва

1975 Праглядаў Мінск
Юрый Губарэвіч, кіраўнік Руху «За Свабоду» і адзін з лідэраў кампаніі назірання «Права выбару», распавёў у інтэрвію прэсавай службе кампаніі, як далёкія ад палітыкі людзі становяцца валянтэрамі назірання, чаму дэмакратычным кандыдатам варта ўдзельнічаць у выбарах нават у сёняшніх умовах і калі людзі будуць гатовыя адстойваць свой выбар на вуліцах.

Рух «За Свабоду» з’яўляецца адным з найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі «Права выбару». Вашыя актывісты укладаюць шмат высілкаў у арганізацыю назірання за выбарамі. Чаму Вы лічыце гэтую працу важнай?

Адным са штуршкоў да стварэння Руху «За Свабоду» сталі пратэсты супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Акрамя таго, у нашым статуце замацаваная мэта садзейнічання стварэнню ўмоваў для правядзення ў Беларусі ўсеагульных, свабодных і роўных выбараў прэзідэнта, дэпутатаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Мы перакананыя, што беларускі народ павінны мець права абіраць сваё кіраўніцтва. Толькі так можна пабудаваць справядлівую, дэмакратычную дзяржаву. Чальцы Руху «За Свабоду» стала прымаюць удзел у выбарчых кампаніях у якасці кандыдатаў, удзельнічаюць у назіранні.

Менавіта назіранне — адзін са складнікаў працы кандыдата, які робіць стаўку на перамогу, а ў выпадку фальсіфікацыяў мусіць патлумачыць выбарцам, чаму і як іх галасы былі скрадзеныя.

Хто тыя новыя людзі, якія кожны год далучаюцца да кампаніі «Права выбару», каб стаць назіральнікамі на ўчастках? Чаго ім не хапае ў жыцьці, што яны ўключаюцца ў такую спэцыфічную дзейнасьць?

Людзі не адразу здольныя ўхапіць сувязь паміж праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца ў жыцці, і адсутнасцю свабоднага выбару. Але ўсё больш беларусаў звяртаюцца да пратэстаў, выказваюць адкрытае незадавальненне тым, што з імі не лічацца, калі высякаюць сквер, будуюць шкоднае прадпрыемства ці забудоўваюць двор. Наша задача паказаць, што ўсё гэта адбываецца менавіта таму, што дэпутаты сёння не абіраюцца, а прызначаюцца.

Калі да людзей прыходзіць такое разуменне — становіцца важным пытанне скрадзеных галасоў. І людзі бачаць, што пазбегнуць падобных праблемаў у будучыні можа дапамагчы толькі эфектыўнае назіранне. На яго мы кожную выбарчую кампанію мабілізуем сотні валанцёраў. Гэта не толькі актывісты, якія даўно ў Руху «За Свабоду». Але і новыя людзі, якія прыйшлі праз удзел у кампаніях, даспелі да таго, што дэмакратычныя свабодныя выбары — гэта найбольш прымальны варыянт для змены сітуацыі ў Беларусі.

Як валанцёры рэагуюць, калі бачаць на ўласныя вочы мэтады працы камісіяў — хаваньні сьпісаў, непразрысты падлік, забароны здымак, выкіданьне назіральнікаў? У іх апускаюцца рукі, або, наадварот, зьяўляецца дадатковая матывацыя працаваць?

Шмат тых, хто першы раз прымае ўдзел у назіранні, адчувае сапраўдны шок. Ламаюцца стэрэатыпы адносна таго, што настаўнікі і чыноўнікі не могуць хлусіць, ва ўладзе знаходзяцца сумленныя людзі.

Рэаліі такія, што чыноўнікі клапоцяцца толькі пра сваё месца і сістэму, якая захоўвае іх дабрабыт. А настаўнікі, якія выхоўваюць будучыню нацыі і павінны быць ідэалам для вучняў, апускаюцца да саўдзелу ў крымінальным злачынстве, бо запалоханыя, жывуць перспектывай аднаго дня — дадуць нагрузку ці не дадуць, звольняць ці не.

Чаму, на Вашую думку, мы не бачым побач з выбарчымі ўчасткамі сотняў ці хаця б дзясяткаў чалавек, якія б патрабавалі сумленнага падліку? Людзі ў сваёй масе перакананыя, што ўсё ў парадку? Людзі баяцца? Людзям не цікавыя выбары?

Нізкая актыўнасць выбарцаў мае розныя прычыны. За 25 гадоў татальных фальсіфікацыяў і рэпрэсіяў улады прывучылі беларусаў, што ўсё зробяць па-свойму, а незадаволеных пакараюць. Ёсць таксама частка людзей, якія па-ранейшаму ўспрымаюць падзеі ў Беларусі праз прызму тэлевізійнай прапаганды, якая гаварыць пра слабую і непапулярную апазіцыю і татальную падтрымку сённяшніх уладаў. Але такіх робіцца ўсё менш з кожным годам. І кампанія назірання «Права выбару» грае сваю важную ролю ў абуджэнні актыўнай грамадзянскай пазыцыі беларусаў.

Факты парушэньняў на выбарах у Беларусі ўжо добра вядомыя. Ці мае сэнс у чарговы раз «кідаць людзей на амбразуру»?

Для тых, хто разбіраецца ў выбарчай сістэме, даўно зразумелыя абмежаваныя паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Зразумела, што змаганне за месца там нічога не дасць, і нават калі апазіцыя напоўніць іх, нічога не зменіцца.

Тым не менш, у часе выбарчых кампаній, дзе барацьба ідзе за рэальныя рычагі ўлады, людзі, гатовыя выходзіць на вуліцы і адстойваць свой выбар. Гэта мы бачылі і ў 2010, і ў 2006 гадах, і, верагодна, пабачым пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2019 ці 2020 годзе.

Часам даводзіцца чуць меркаваньне, што незалежныя назіральнікі на выбарчых участках толькі дапамагаюць уладам ствараць карцінку, што тут усё вельмі сумленнае і сапраўднае. Бо асноўныя праблемы ў назіральнікаў пачынаюцца пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, а цягам галасаваньня ўсё выглядае вельмі прыгожа, з рэдкімі дробнымі парушэньнямі. І менавіта такую пазытыўную карціну, упрыгожаную незалежнымі назіральнікамі, бачаць і звычайныя людзі, і міжнародныя назіральнікі. Што б Вы адказалі на такія закіды?

Патрабаванне свабодных выбараў — гэта права і асабістае рашэнне грамадзянаў Беларусі. Наша задача як чальцоў кампаніі «Права выбару» — стварыць умовы, каб была магчымасць змагацца з сістэмай не ў адзіноце, у людзей была магчымасць аб’яднацца, і стварыць умовы для эфектыўнага назірання.

Для гэтага важная наяўнасць не толькі назіральнікаў на ўчастках, але і дэмакратычнага кандыдата на акрузе. Без альтэрнатыўнага кандыдата назіранне губляе сэнс: улады зробяць прыгожую карцінку без асаблівых высілкаў, у тым ліку выставіўшы некалькі залежных ад сябе фігураў, каб імітаваць канкурэнцыю.

Роўна так жа сёння ўлады робяць прыгожую карцінку з дапамогай праўладных назіральнікаў з БРСМ, саветаў ветэранаў і г.д. Таму адсутнасць незалежных гэтую сітуацыю ніяк не зменіць. Як раз наадварот — менавіта незалежныя назіральнікі становяцца «косткай у горле» фальсіфікатараў не толькі ў асноўны дзень, але і пад час датэрміновага галасавання. Ідзе падлік яўкі, а завышэнне яўкі — гэта магчымасць укінуць дадатковыя бюлетэні ў скрыні.

Менавіта таму праз сваю актыўнасць па выкрыццю фальсіфікацыяў незалежныя назіральнікі становяцца аб’ектам ціску, іх адмаўляюцца рэгістраваць, намагаюцца па розных надуманых прычынах выдаляць з участкаў, натраўліваюць супраць іх міліцыю.

Што павінна адбыцца, каб у Беларусі прайшлі сапраўды свабодныя ды сумленныя выбары? І наколькі гэта залежыць ад саміх грамадзянаў?

У Беларусі пад час розных выбарчых кампаніяў працуюць да 67 380 чальцоў выбарчых камісіяў. Калі кожны з гэтых людзей зразумее, што фальсіфікацыі і спрыянне фальсіфікацыям на выбарах — гэта крымінальнае злачынства, калі ім пра гэта нагадаюць сябры, сваякі, тады выбудаваная за больш чым 25 год сістэма дасць збой. Яны павінны таксама пабачыць, што гэта амаральна: калі яны крадуць выбар, яны крадуць будучыню ў сябе і сваіх дзяцей.

Але не варта проста чакаць і рабіць заклікі да сумлення чальцоў выбаркамаў, трэба рабіць кампаніі па абароне свайго выбару. Адной з такіх кампаніяў і з’яўляецца «Права выбару».

Дзякуй вялікі за размову!

Крыніца: pvby.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Права выбару

Апошнія навіны