Віктар Сырыца, вядомы баранавіцкі краязнаўца, гісторык, актывіст, каардынатар мясцовай суполкі Руху "За Свабоду" раптоўна памёр у 2015 годзе. У 2016 годзе ў памяць пра яго Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію ягонага імя, якой узнагароджваюць актывістаў, якія за мінулы год арганізавалі выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы.
«Віктар Сырыца быў шматгадовым сябрам Рады Руху «За Свабоду», заснавальнікам арганізацыі, ён зрабіў шмат рэгіянальных мерапрыемстваў, быў прыкладам, які натхняў паплечнікаў. Зараз мы прэміяй ягонага імя спрабуем працягнуць ягоную дзейнасць, падтрымаць людзей, якія працуюць у малых гарадах, якім часта цяжка нават з важнымі ініцыятывамі выйсці на нацыянальны ўзровень», - заявіў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, у гэтым годзе на прэмію паступілі 20 заявак, у тым ліку і тыя, што якія арганізуюць сябры Руху.
Старшыня Руху адзначыў важнасць адзначэння ініцыятываў, якія скіраваныя на ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Губарэвіч падкрэсліў, што ўлічваючы стаўленне да пытання ўладаў, памяць пра падзеі тых часоў можа знікнуць, а у такой сітуацыі гісторыя можа паўтарыцца, і падзякаваў Станкевічу за працу.

Лаўрэат прэміі распавёў пра тое, як пачаў працу ў архівах па сваім радаводзе і знайшоў вялікі спіс расстраляных пад час хвалі рэпрэсіяў. У кастрычніку 2017 года ён вырашыў, што іх памяць можна адзначыць і без удзелу ўладаў, прывёз пад Оршу 11 шыльдаў. Да сённяшняга дня актывісты знайшлі сваякоў забітых савецкімі ўладамі, і народны мемарыял Кабылякі разросся да больш чым 10 крыжоў, больш двух дзясяткаў шыльдаў.
«Я быў вельмі ўзрушаны. У людзей ёсць патрэба памятаць сваіх продкаў, не важна, што ўлады не хочуць. У людзей ёсць патрэба», - распавёў Станкевіч.
На сёння Ігар Станкевіч займаецца зваротамі ў архівы для атрымання інфармацыі пра рэпрэсаваных і раскулачаных сваякоў.
Пераможцай грамадскага галасавання стала Вікторыя Анохава-Жураўлёва за арганізацыю ў беларускамоўных літаратурных чытанняў для школьнікаў у Пружанах.
