Навіны Навіны Беларусі

«Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнта». Сямёна Домаша ўзгадвае Аляксандар Мілінкевіч

«Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнта». Сямёна Домаша ўзгадвае Аляксандар Мілінкевіч

2447 Праглядаў Мінск Гродна
У Горадні пры яго падтрымцы нараджаліся новыя фэстывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам сьвятыні. Сямёна Домаша, які сёння раптоўна памёр у Гародні, узгадвае Аляксандар Мілінкевіч.
Ён быў прадстаўніком тэхнічнай намэнклятуры, пра такіх кажуць «зрабіў сябе сам». Чалавек часоў перабудовы, Адраджэньня і вялікай веры ў перамены. У 43 гады яго абралі (былі ж такія часы!) кіраўніком Горадзенскай вобласьці, найлепшай у краіне. Да гэтага ён ужо быў пасьпяховым мэрам Ліды, потым і Горадні. Абралі яго дэпутаты, сярод якіх значная частка была з дэмакратычнага асяродзьдзя.

Сямён Домаш — мой хросны бацька ў палітыцы. Ён мяне паклікаў, прапанаваўшы пасаду свайго намесьніка ў гарвыканкаме. Я супраціўляўся, казаў, што мне падабаецца праца ва ўнівэрсытэце, ды і нарады не правяду, бо ня ўмею. А Сямен Мікалаевіч проста адказаў: «Вы Горадню любіце, трэба ёй паслужыць. А то ў выканаўчай уладзе ўсе аднадумцы, а людзі ў горадзе — яны розныя. Давайце створым кааліцыйны ўрад у Горадні. Чаго ня будзеце ведаць — дапамагу».

Усе ведалі: Домаш — чалавек слова. Ён быў сапраўдным лідэрам, за якім хацелася ісьці. І не таму, што паклікаў, а таму, што побач зь ім надзейна. Такі ня здрадзіць, падставіць плячо, дапаможа. Умеў жорстка патрабаваць і кантраляваць, але ніколі не абражаў, ня памятаю, каб ён хоць раз павысіў голас. Адначасова не імкнуўся ўсё вырашаць сам, шчыра давяраў людзям, якія зь ім працавалі. Домаш быў бібліяфілам, меў велізарны збор добрых кніг і бесьперапынна чытаў, асабліва многа па беларускай гісторыі і культуры.

Аляксандар Мілінкевіч

Ён пасьлядоўны прыхільнік нацыянальнага Адраджэньня і бяз гучных лёзунгаў працаваў на яго. Гарадзенцам было няпроста ў 90-я, як і ўсім у Беларусі. Заробкі па пары дзясяткаў даляраў, беспрацоўе. І горадзенскія ўлады зрабілі стаўку на падтрымку малога бізнэсу. Праз чатыры гады ён ужо даваў каля паловы гарадзкога бюджэту. У культурным і мастацкім жыцьці свабода рабіла сваё — яно віравала.

У Горадні пры падтрымцы Сямена Мікалаевіча нараджаліся новыя фэстывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам усе храмы, адно за адным рэгістраваліся грамадзкія аб’яднаньні і нацыянальныя суполкі, у садках, школах, унівэрсытэце панавала беларуская мова, мастакам у цэнтры горада былі аддадзеныя пад майстэрні добрыя памяшканьні за малыя цэны.

Цяжка ўявіць сёньня, што галоўная апазыцыйная газэта «Пагоня» мела свой офіс у гарвыканкаме... побач з аддзелам адукацыі. Праз усё жыцьцё для Сямена Домаша асноўнымі каштоўнасьцямі былі праўда і справядлівасьць. Менавіта таму ён як дэпутат парлямэнту ня мог не падпісаць імпічмэнт Лукашэнку і не адмовіўся ад подпісу нягледзячы ні на што.

Домаша паважалі ўсе, нават тыя, хто ня вельмі любіў. Ён ня быў занадта красамоўны, але калі гаварыў, наступала цішыня. Яму верылі. Сямен Домаш стаў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2001 годзе дзякуючы моцнай падтрымцы сотняў незалежніцкіх праэўрапейскіх арганізацыяў ва ўсіх рэгіёнах краіны, якія аб’ядналіся ў выбарчы блёк «Рэгіянальная Беларусь». На жаль, так сталася, што ў той год адзінага дэмакратычнага кандыдата вызначыў не Кангрэс, а закрытае паседжаньне пяцёркі прэтэндэнтаў. Сямён Домаш меў значную перавагу амаль па ўсіх вызначаных папярэдне крытэрах: колькасьці сабраных подпісаў, па пазытыўным і нэгатыўным рэйтынгах, па геаграфіі і колькасьці групы падтрымкі. Акрамя аднаго — у ягонага штабу было менш фінансаў на заключны этап кампаніі.

Сямён Мікалаевіч ня стаў «адзіным». Як чалавек слова ён зьняўся ў час свайго выступу па тэлебачаньню. Лічу, што Сямён Домаш быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў нашай сучаснай гісторыі.

Мне яго не стае.

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны