Навіны Аналітыка

Як правацэнтрысты будуць праводзіць праймэрыз да прэзыдэнцкіх выбараў

Як правацэнтрысты будуць праводзіць праймэрыз да прэзыдэнцкіх выбараў

2566 Праглядаў Мінск
Заявілі пра ўдзел у праймэрыз Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павал Севярынец

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду», вырашылі, што гэтыя тры структуры вызначаць адзінага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі шляхам праймэрыз. «Свабода» даведалася, якія рознагалосьсі ў апазыцыі існуюць наконт гэтай працэдуры.

Што такое праймэрыз?

Паняцьце «праймэрыз» (primaries, «першасныя») мае дзьве трактоўкі.

Па-першае, гэта такое галасаваньне, калі выбарнікі вызначаюць адзінага кандыдата ад палітычнага абʼяднаньня (як правіла, партыі) для акругі рангам ніжэйшай, чым тая, у якой гэты кандыдат пойдзе на выбары на наступным этапе. Напрыклад, чалавек, які перамог у праймэрыз у сваёй муніцыпальнай акрузе (частцы гораду), можа затым стаць кандыдатам на выбарах мэра гораду.

Па-другое, гэта папярэдняе, «рэпэтыцыйнае» галасаваньне, якое ня лічыцца афіцыйным. Але яно можа вызначыць фаварытаў сапраўднага галасаваньня.

Складана вызначыць тых, хто будзе надалей удзельнічаць у кампаніі

Юрась Губарэвіч кажа, што працэдура праймэрыз, якая ўзгаднялася з калегамі, рух «За свабоду» задавальняе. Але дагэтуль ёсьць розныя ўяўленьні пра тое, хто можа ўдзельнічаць у працэдуры і калі яе праводзіць.

«Рух „За свабоду“ лічыць, што патрэбна ўлічваць кожны голас, але перавага павінна аддавацца тым людзям, якія бяруць на сябе пэўны абавязак удзельнічаць у кампаніі надалей. То бок гэта ня проста „лайк“ у інтэрнэце, паводле прынцыпу „падабаецца альбо не падабаецца“, а далучэньне да агульнай супольнай каманды адзінага кандыдата. І тут ёсьць праблема, як улічыць найперш галасы тых, хто будзе надалей дапамагаць нашай кампаніі», — тлумачыць Губарэвіч.

Прэтэндэнтаў можа быць болей за тры

АГП заявіла, што ў праймэрыз будзе ўдзельнічаць выканаўца абавязкаў старшыні партыі Мікалай Казлоў, БХД вылучыла Паўла Севярынца, рух «За свабоду» — Юрася Губарэвіча. Але ўсе тры субʼекты пагаджаюцца, што конкурс павінен быць адкрыты. То бок да праймэрыз могуць далучыцца і тыя, хто падзяляе агульныя каштоўнасьці правацэнтрыстаў. Сярод магчымых прэтэндэнтаў згадваюць дэпутатак Алену Анісім і Ганну Канапацкую.

Адзінага кандыдата вызначаць да пачатку парлямэнцкіх выбараў

Правацэнтрысты лічаць, што парлямэнцкія выбары пройдуць раней за прэзыдэнцкія. Але адзінага кандыдата яны назавуць яшчэ да пачатку абраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Трэба скарыстаць усе рэсурсы, каб праінфармаваць выбарнікаў пра нашага кандыдата загадзя. Адзінае, што мы пакуль ня ведаем, якія выбары адбудуцца раней. З гэтай прычыны існуюць розныя падыходы да таго, калі пачынаць праймэрыз», — кажа Юрась Губарэвіч.

У праймэрыз могуць удзельнічаць сотні тысяч грамадзянаў Беларусі

Правацэнтрысты лічаць, што ў праймэрыз могуць удзельнічаць праз інтэрнэт «дзясяткі, а можа нават і сотні тысячаў грамадзянаў Беларусі». А ў каманду адзінага кандыдата патэнцыйна могуць увайсьці каля 10 тысяч актывістаў. То бок праймэрыз — гэта ня толькі дэклярацыя аб абʼяднаньні, але і стварэньне пляцоўкі для яго.

Уладзімер Глод

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны