Навіны Навіны Беларусі

Апазіцыйныя партыі маюць асобны план на святкаванне Дня Волі

Апазіцыйныя партыі маюць асобны план на святкаванне Дня Волі

2373 праглядаў Мінск
Партыі АГП, БСДП (Грамада) і Рух «За свабоду» накіравалі ў Менгарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу 25 сакавіка. Пра гэта апазіцыйныя палітыкі паведамілі сёння падчас прэс-канферэнцыі.
Паводле заяўнікаў, мітынг плануецца правесці ля Вялікага тэатру оперы і балету ў Менску. Там арганізатары хочуць паставіць намёты і стэнды, дзе будуць распавядаць пра сваю дзейнасць і збіраць подпісы за рэформы.
Сярод іншага, чакаецца збор подпісаў за выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы з Расеяй, за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці і за рэформу сістэмы адукацыі.

«Тэма Саюзнай дзяржавы актуалізавалася ў апошнія тыдні, паўстала небяспека стварэння адзінай валюты, нейкіх агульных з Расеяй наддзяржаўных органаў. Таму вельмі важна, каб беларускія грамадзяне маглі даць свой адказ на прапановы, якія гучасць цяпер з Крамля. Я ўпэўнены, што з часу падпісання гэтай дамовы колькасць прыхільнікаў незалежнасці Беларусі значна ўзрасла, і ніякай магчымасці пахіснуць суверэнітэт, акрамя адкрытай ваеннай агрэсіі, на сённяшні дзень няма», — сказаў belsat.eu старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

На думку апазіцыйных лідараў, мітынг не замяняе канцэрту, запланаванага на 24 сакавіка, але павінен стаць лагічным дадаткам, бо ў святкавання Дня Волі застаецца палітычны падтэкст. Меркаваная колькасць удзельнікаў мітынгу — 25-30 тысяч чалавек. У заяўцы пачатак прызначаны на 16:00, але арганізатары збіраюцца пачаць трошкі пазней — бліжэй да 18-й гадзіны.

«Мы спадзяемся, што ўлады задаволяць абедзве прапановы, бо мы разнеслі іх па часе і месцы правядзення, як таго патрабуе закон. Акрамя таго, летась мы ўжо атрымлівалі дазвол на мерапрыемства ля Опернага, таму не павінна ўзнікнуць ніякіх надуманых падставаў, каб забараніць у гэтым годзе», — кажа Губарэвіч.

16 студзеня аргкамітэт па святкаванні Дня Волі ў Менску падаў заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 24 сакавіка шэсця ад вуліцы Кастрычніцкая да стадыёну «Дынама», дзе пройдзе мітынг і канцэрт. Гарадскія ўлады на заяўку пакуль не адказалі, але кіраўніцтва «Дынама» заяўляла, што правесці канцэрт на стадыёне немагчыма ў сувязі з падрыхтоўкай да Еўрапейскіх гульняў.

На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by ідзе збор сродкаў на правядзенне свята.

КА//Белсат

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны